Адвакат: Керымаў прадаў долю ва «Уралкаліі» ў абмен на свабоду Баўмгертнера
Сулейман Керымаў прадаў сваю долю ў кампаніі «Уралкалій» пецярбургскаму банкіру Уладзіміру Когану, былому кіраўніку Дзяржбуда Расіі.
Пра гэта ў сваім Facebook паведаміў вядомы маскоўскі адвакат Аляксандр Дабравінскі. Па яго словах, якія перадае РБК, продаж будзе завершаны на працягу бліжэйшых двух-трох тыдняў. 20% ад агульнай
сумы продажу ўжо заплочаныя.
Па словах адваката, на працягу гэтага ж часу з СІЗА КДБ будзе адпушчаны гендырэктар «Уралкалія» Уладзіслаў Баўмгертнер.
Ён жа застанецца ў далейшым на сваёй ранейшай пасадзе, паведамляе Дабравінскі. Ён дадае, што беларускі бок цалкам задаволены паваротам падзеяў, паведамляе Еўрарадыё.
26 жніўня Генеральная пракуратура Беларусі паведаміла аб распачынанні крымінальнай справы ў дачыненні да шэрагу кіраўнікоў Беларускай калійнай кампаніі, сярод якіх старшыня наглядальнай рады
Беларускай калійнай кампаніі, гендырэктар «Уралкалія» Уладзіслаў Баўмгертнер. Яны абвінавачваюцца па ч. 3 арт. 424 КК (злоўжыванне ўладай і службовымі паўнамоцтвамі).
Баўмгертнер быў затрыманы ў Мінску і цяпер знаходзіцца ў СІЗА КДБ.
nn.by