Ад Алексіна да Гуцэрыева. Сталі вядомыя самыя гучныя прозвішчы з новага санкцыйнага спісу ЕС
У новым пакеце еўрапейскіх санкцый, які збіраюцца апублікаваць ужо 21 чэрвеня, сярод іншага будуць бізнэсмены Аляксей Алексін, Аляксандр Зайцаў, Сяргей Цяцерын, Аляксандр Шатроў, а таксама Міхаіл Гуцэрыеў. Пра гэта паведамілі крыніцы «Нашай Нівы».
Персанальныя санкцыі фармальна ўплываюць толькі на рахункі і
візы чалавека, але на практыцы еўрапейскія кампаніі і банкі пачынаюць успрымаць
непажаданымі і бізнэсы падсанкцыйных асоб. Яскравы прыклад — моцны ўдар па
бізнэс-імперыі Аляксандра Шакуціна.
Якія месцы займаюць пералічаныя людзі ў рэйтынгу самых
паспяховых бізнэсменаў Беларусі-2019?
Алексін — 4-е месца. Ён займаецца палівам, таксама валодае
«Табакеркамі».
Зайцаў — 10-е месца. Яго сферы ўплыву — лагістыка, будоўля.
Зайцаў вядзе бізнэс з ААЭ.
Шатроў — 54-е месца. З ім асацыюецца брэнд «Сінэзіс» і
сістэмы інтэлектуальнага відэаназірання, здольныя ідэнтыфікаваць людзей у
натоўпе па твары. «Сінэзіс» ужо пад санкцыямі, таму кампаніі былі
перайменаваныя.
Цяцерын толькі на 108-м месцы. Ён перадусім вядомы як блізкі
паплечнік Аляксандра Лукашэнкі. А яго бізнэс датычыць дыстрыбуцыі алкаголю і
прадуктаў, а таксама рынку тэлерэкламы.
Нарэшце Гуцэрыеў — перадусім расійскі бізнэсмен. З Беларуссю
яго звязвае «Слаўкалій» і будаўніцтва Нежынскага горна-абагашчальнага
камбіната. Ну і падарункі Аляксандру Лукашэнку кшталту «Майбаха».