Знаёмцеся з сучасным польскім кіно анлайн

Польскі інстытут у Мінску запрашае на новы цыкл сустрэч і кінапаказаў з серыі «Польскае кіно online» – «ЖАНРЫ І ІМЁНЫ».

s8.jpg

Ахвотныя змогуць пазнаёміцца з сучасным польскім кіно і яго творцамі, паглядзець новыя стужкі і пачуць адказы на пытанні ад аўтараў. І ўсё гэта анлайн!

Падчас першай сустрэчы, якая будзе прысвечана драме, будзе прадстаўлена стужка 2019 года  «Усё для маёй маці», рэж. Малгажата Імельска, а таксама будзе магчымасць бліжэй пазнаёміцца з яе аўтаркай.
23 кастрычніка (пятніца), а 18:00 прамы эфір адбудзецца на старонцы Польскага Інстытута ў FB з удзелам кінакрытыка Антона Сідарэнкі.
Адразу пасля эфіру будзе апублікаваны пароль для бясплатнага абмежаванага прагляду фільма «Усё для маёй маці» па гэтай спасылцы.

Фільм можна будзе паглядзець у арыгінале, а таксама з субцітрамі на беларускай альбо рускай мове.  
Пароль будзе даступны ў каментарах да эфіру, а таксама ў падзеі на FB і на сайце Польскага Інстытута.
«Усё для маёй маці» / «Wszystko dla mojej matki» (Польшча, 2019), 104 хв. Рэжысёр – Малгажата Імельска
Гісторыя пра сталенне, адзіноту і пошук веры ў сябе ў рэаліях папраўчай установы для падлеткаў. Фільм апавядае пра дзяўчыну, якая знайшла ў сабе сілы выкрыкнуць сваю гісторыю. Актрыса Зоф’я Дамалік за ролю Олі атрымала ўзнагароду за «Прафесійны акцёрскі дэбют» на 44-м Фестывалі польскага мастацкага кіно ў Гдыні. Стужка таксама перамагла ў плебісцыце гледачоў 35-га Варшаўскага кінафестывалю ў катэгорыі ігравога кіно.
Малгажата Імельска нарадзілася ў Варшаве, кінаадукацыю атрымала за межамі сталіцы — спачатку ў Ягелонскім універсітэце (кіназнаўства), а затым на факультэце радыё і тэлебачання Сілезскага ўніверсітэта ў Катавіцах. Як аўтар яна надзвычай універсальная. Дакументальнае кіно з’яўляецца дамінуючым у яе рэжысёрскай працы, але Малгажата Імельска рабіла таксама спектаклі Тэатра тэлебачання, радыёспектаклі Польскага радыётэатра і нават тэлевізійныя серыялы. Яна дэбютавала ў эпізодзе «Сілезскага альбома» — «Нікуды я адсюль не з’еду…» (1997), падрыхтаваным разам з Мацейкай Мазан. Іншы дакументальны фільм — «Бахор» (1998) — быў прысвечаны дзяўчыне з Цэнтра ўсынаўлення і апекі, якую спачатку не хацелі біялагічныя бацькі, а потым бацькі прыёмныя. Героямі «Кубікі з крыміналу» (1999) сталі трое зняволеных, якія ў рамках рэабілітацыйных мерапрыемстваў пачалі рабіць цацкі для дзяцей…    
Большасць дакументальных фільмаў Малгажаты Імельскай прысвечана часам Другой сусветнай вайны, перш за ўсё трагедыі Халакоста. Яны прынеслі ёй шмат прэстыжных узнагарод і адзнакаў: «Моладзь у Халакосце» (2001) была ўзнагароджана дыпломамі на Лодзінскім фестывалі СМІ «Чалавек у небяспецы» (2002) і Варшаўскім фестывалі фільмаў на габрэйскія сюжэты (2003), «Дзяцінства ў цені смерці» (2004) выйграў Першую прэмію на варшаўскім фестывалі, праз год «Скажы мне, чаму?» (2005) былі абсыпаны лаўрамі ў Х’юстане (Бронзавы Рэмі, 2007), Кракаве (Узнагарода прэзідэнта Польскай асацыяцыі кінематаграфістаў і прыз глядацкіх сімпатый, 2006), Гуанчжоу (адзнака, 2007), Варшаве (Прэмія Антонія Марыяновіча «Яўрэйскія матывы», 2006) і Любліне (адзнака на «Скрыжаванні Еўропы», 2007). Шчымлівы фільм «Выжыць у Афганістане» (2012) быў узнагароджаны «Залатой шабляй» на Міжнародным фестывалі гістарычных і ваенных фільмаў у Варшаве (2012), а таксама ўдзельнічаў у праграме Мінскага міжнароднага кінафестывалю «Лістапад».