Запрашаем на прэзентацыя кнігі Кірыла Стаселькі «Marginalis»
Прэзентацыя кнігі Кірыла Стаселькі «Marginalis» адбудзецца 19 лістапада ў 17:00 ў прасторы «Верх». У прэзентацыі прымуць удзел вядомыя беларускія пісьменнікі і музыкі.
Marginalis — насычаны і захапляльны філасофскі раман, дзеянні якога ахопліваюць больш за чатырыста гадоў, паўтары сотні персанажаў і дзясяткі краінаў, пазл з мноства сюжэтных ліній і філасофскіх ды псіхалагічных матываў, якія складаюцца ў адно цэлае.
Дзеянні рамана разгортваюцца вакол уладальнікаў старажытнай загадкавай кнігі. У пошуках сябе і свайго “я” героі рамана прыходзяць да разумення, што часам не меншае значэнне мае тое, што знаходзіцца на палях, па-за цэнтрам, па-за межамі. Па-за межамі гісторыі, жыцця, увагі.
Раман “Marginalis” быў прызнаны самым насычаным творам беларускай літаратуры. У рамане аб'ёмам 251 944 знака сустракаецца не менш за 136 персанажаў. Рэкорд быў зафіксаваны беларускім аналагам Кнігі рэкордаў Гінэса — праектам “Рэкорды Куфара”.
Сачыць за навінамі пра раман можна праз хэштэг #Marginalis
19 лістапада ў 17:00 запрашаем на прэзентацыя кнігі “Marginalis”, якая адбудзецца ў прасторы “Верх” па адрасе Куйбышава 22, 6 паверх (6 корпус завода Гарызонт).
Кірыл Стаселька нарадзіўся ў Барысаве. У 2013 годзе скончыў факультэт філасофіі і сацыяльных навук БДУ па спецыяльнасці “Сацыялогія”, у 2014 — магiстратуру Інстытута падрыхтоўкі навуковых кадраў пры НАН РБ. З'яўляецца выпускніком Беларускага калегіума, Лятучага ўніверсітэта, Школы маладога пісьменніка пры ГА “Саюз беларускiх пiсьменнiкаў” і Школы маладых менеджараў публічнага адміністравання (Беларусь, Швецыя).
На дадзены момант навучаецца ў аспірантуры Акадэміі навук, з’яўляецца дырэктарам “Агенцтва інфармацыйных тэхналогій “Буцэфал”, кіраўніком інтэрнэт-часопіса infographer.by і каардынатарам праекта “Народны журналіст”.
Публікаваўся ў такіх часопісах, як “Дзеяслоў”, “Маладосць”, “Паміж”, “pARTtisan”, а таксама ў зборніку “Параходзік сучаснасці”.
Папярэдняя кніга Кірыла Стаселька “Дзіцячы маніфест” выйшла летась ды была намінаваная на шэраг літаратурных прэмій, у прыватнасці, трапіла ў шорт-ліст прэміі “Дэбют” і лонг-ліст “Гедройца”.