Запрашаем на дыскусію “Беларуская картаграфія як дысцыпліна і падмурак самавызначэння”
Арганізатары выставы старажытных мапаў — Беларуская філасофская прастора, Лятучы універсітэт, Выдавецтва “Эканомпрэс”, крэатыўная прастора ЦЭХ — запрашаюць да гутаркі “Беларуская картаграфія як дысцыпліна і падмурак самавызначэння”: 13 жніўня, 18.30, прастора ЦЭХ.
Візуальныя вобразы заўсёды нясуць на сабе адбітак аб’ектыўнага і суб’ектыўнага. З аднаго боку, у іх адлюстроўваецца нейкая рэчаіснасць, якая існуе па-за чалавекам, а з іншага – гэтая рэчаіснасць заўсёды паказваецца, падаецца з пэўнага ракурсу, пункту гледжання таго, хто стварае гэтыя вобразы. І ў гэтым сэнсе шмат што залежыць ад самавызначэння іхняга творцы, ад яго светапогляду, ад уключанасці ў пэўную культурную традыцыю. Гэта датычыць нават самых, здавалася б, дакументальных спосабаў візуалізацыі рэальнасці – такіх, як фатаграфія і мапы.
Мапы можна назваць оптыкай пэўнай эпохі – спосабам знайсці і пазначыць сябе ў гісторыі, культуры, часе і прасторы. І калі, напрыклад, агульныя характарыстыкі могуць заставацца доўгі час нязменнымі – пазначэнне межаў, асаблівасцяў ландшафту і г.д., то дэталі могуць адлюстроўваць розныя погляды і падыходы і адыгрываць немалую ролю для нашага ўспрыняцця. Як пазначаюцца на мапе назвы гарадоў – згодна з якой моўнай традыцыяй? Перакладаюцца ці транслітаруюцца геаграфічныя назвы і з якой мовы? Як пазначаюць Беларусь на мапах, якія ствараюцца за мяжой? Вынікі працы картографаў могуць нам падабацца альбо не. Але мы будзем вымушаныя прымаць сітуацыю такой, якая нам дадзеная, пакуль самі не пачнём удзельнічаць у гэтым працэсе – абмяркоўваць, прадумваць і ствараць свае мапы, згодна з тымі ўяўленямі пра краіну, свет, якія маем і якія хацелі б данесці іншым.
Якім чынам ствараюцца мапы ў сучаснай Беларусі? Згодна з якімі прынцыпамі і поглядамі? Хто аўтары гэтых візуалізацый? Ці існуе беларуская картаграфія як дысцыпліна? Наколькі запатрабаваныя вынікі працы беларускіх картографаў у іншых сферах – дызайне, адукацыі, навуцы? Якія гэта стварае эфекты?
У дыскусіі бяруць удзел вядомыя гісторыкі – Алег Дзярновіч і Алесь Белы, выдавец і аўтар выставы Эдуард Куфцерын, рэжысёр Ян Карпаў. Вядучы дыскусіі – філосаф Павел Баркоўскі.
Увага! Арганізатары выставы рыхтуюць прыемны сюрпрыз для ўсіх, хто цікавіцца мапамі. Толькі адзін дзень, 13 жніўня, выстава будзе пашыраная новымі экспанатамі – рэдкімі арыгіналамі старажытных мапаў з прыватных калекцый. У вас будзе магчымасць не толькі ўбачыць гэтыя артэфакты, але таксама сустрэцца з іх уладальнікамі і пачуць гісторыі стварэння і гісторыі набыцця мапаў. Прадстаўленне арыгіналаў мапаў і сустрэча з іх уладальнікамі пачнецца перад дыскусіяй — а 17.30.
Абодва мерапрыемствы — прэзентацыя арыгіналаў мапаў і дыскусія —
будуць праходзіць 13 жніўня ў прасторы ЦЭХ (пр-т Незалежнасці, 58/к.6, з боку вул. П.Броўкі).
Уваход вольны!