Вяртаньне гатычнай чараўніцы

У канцы верасьня і 1 кастрычніка француская сьпявачка Мілен Фармёр завяршае свае вялікае турнэ «Nevermore». Турнэ распачалося летась у Францыі, Бэльгіі, Швайцарыі і не пасьпела завяршыцца ў Парыжы праз хваляваньні на поўначы Парыжу ў раёне Сэн-Дэні, дзе месьціцца Cтад дэ Франс, вялізны футбольны стадыён. У выніку забойства 17-гадовага хлопца, які не падпарадкаваўся паліцыянту, прадмесьце выбухнула пратэстамі і арганізатары турнэ перанесьлі канцэрт на год.

Мілен Фармёр у Парыжы

Мілен Фармёр у Парыжы

Ідэя турнэ заключаецца ў тым, каб сабраць публіку на стадыёнах розных гарадоў. Да ўсяго запоўніць 80000-ы Стад дэ Франс могуць ня ўсе музычныя зоркі. Мілен Фармёр — якраз адна з тых, якая зьбірае сваю верную публіку пры любых умовах. І яна адзіная француская жанчына-музыка, якая запоўніла стадыён у 2009 годзе і паўтарае гэта сёлета.

Праз вайну ва Ўкраіне музыка анулявала канцэрты ў Расеі, дзе яна традыцыйна лічыцца мэгазоркай. Папулярная яна і ў Беларусі, у якой таксама магла даць другі за сваю кар’еру канцэрт у Менску ў межах апошняга турнэ. 

Адданыя мілосьнікі-іцы францускай сьпявачкі з усяго сьвету прыляцелі ў Парыж, каб прысутнічаць на шоў. Сапраўдныя фанаты-кі правялі некалькі дзён у тэнтах перад стадыёнам, каб заняць лепшыя месцы. Многіх зачаравала, але і напалохала назва турнэ — «Nevermore» (Больш ніколі). Усе баяцца почуткаў, што шасьцідзесяцітрохгадовая сьпявачка разьвітваецца з сцэнай і ладзіць апошнія канцэрты.

Канцэрт 27 верасьня адбыўся пад сталёвым верасьнёўскім небам, зь якога ліў дождж увесь дзень, але акурат спыніўся перад самым шоў. У вельмі гатычнай, натхнёнай улюбёным Бадлерам атмасфэры, распачаўся і працягнуўся канцэрт з усюльпрысутнымі крыжамі, напаўразбуранымі бажніцамі і груганьнём. Мэлянхалійныя і з надрывам ноткі ў стылі  «Сьпеву Лёду і Агню» ўразілі публіку, але старыя хіты ў міг вярталі ўсіх у аптымістычнае рэчышча. А вось завяршылася шоў футурыстычна: сьпявачка зайшла ў капсулю і тэлепартавалася ў невядомы сьвет.


Мілен Фармёр у Парыжы

Мілен Фармёр у Парыжы

Як звычайна, галоўнымі тэмамі канцэрту былі каханьне і час. Ці ня ўсе хіты былі прысьвечаныя гэтым тэмам: Du Temps, Peut-être toi, Rêver, Les mots, Oui mais... Non, XXL. Хіты Désenchantée і XXL асабліва ўзбударажылі публіку: увесь стадыён шматкроць сьпяваў рэфрэны, што ў сваю чаргу вельмі расчуліла гатычную чараўніцу на сцэне.

А яшчэ ўсіх сёлета чакаў сюрпрыз — брытанскі сьпявак Сіл выступіў побач з Мілен. Яны выканалі свой вядомы дуэт Les Mots (Словы) 2001 году. 

Брытанскі спявак Сіл і Мілен Фармёр у Парыжы

Брытанскі спявак Сіл і Мілен Фармёр у Парыжы

Мажліва, адзіным невялічкім не расчараваньнем, а ацьвярозаньнем сталася разуменьне таго, што час няўмольна мяняе нас — гэта асабліва праявілася ў выкананьні сьпявачкай балядаў: голас Мілен не заўсёды спраўляўся. Але публіка даравала гэта сваёй кумірцы, бо ўсё ж энэргічныя хіты яна выканала цудоўна.

Разыходзячыся, публіка ў голас разважала, ці сапраўды больш ніколі яна не пабачыць сваю гатычную чараўніцу, ці гэта ўсяго толькі чарговы трук-частка саракагадовай легенды, якую так пасьпяхова стварае сьпявачка.