«Вікторыя» ў «Перамозе»
У кінатэатры «Перамога» распачаўся пракат моладзевай крымінальнай драмы «Вікторыя» нямецкага рэжысёра Себасцьяна Шыпера. Фільм — удзельнік асноўнага конкурсу сёлетняга Берлінскага кінафестывалю ды ягоны пераможца за лепшую аператарскую працу.
140-хвілінная стужка была знятай адным планам, без аніякіх мантажных злепак ды тэхнічнага махлярства. Зрэшты, арыгінальная ды выбітная аператарская праца Стурла Бранта Гроўлена — гэта не столькі галоўная прычына, паводле якой фільм заслугоўвае прагляду, колькі досыць важны інструмент апавядання дынамічнай вострасацыяльнай гісторыі.
Вікторыя (Лая Коста) — маладая іспанка гадоў дваццаці пяці, жыве ў Берліне тры месяцы. Неяк уначы, выходзячы з клуба, яна сутыкаецца з вонкава сумніўнай кампаніяй. Нечакана нават для самой сябе Вікторыя ўпісваецца да чатырох хлопцаў з раёну на экскурсію па іхнім — сапраўдным — Берліне. Яны пачынаюць фліртаваць з Вікторыяй на ламанай англійскай мове. Лепш за ўсё з замежнай мовай у Зонэ (Фрэдэрык Лаў), ён лідар у зносінах. Зонэ з Вікторыяй скрадуць алкаголь у начніку, кампанія засядзе на даху шматпавярховага дома, Зонэ наблізіцца да Вікторыі бліжэй ды бліжэй… Але раптам у сюжэт кахання прыгажуні да простага пацана з берлінскай вулкі ўварвецца крымінальны паварот: уся кампанія будзе змушана ехаць да бандыта ды займацца рабаўніцтвам па ягоным загадзе. Фінал жа берлінскай гісторыі для Вікторыі з Мадрыду наогул ў духу «Боні і Клайд»…
Камера, якая ні разу не выключаецца за ўвесь фільм, неад’емна сочыць за Вікторыяй, нібыта вока назіральніка. Такі падыход дазваляе цалкам пагрузіцца ў карцінку і стаць яшчэ адным сведкам начнога берлінскага жыцця. Камера рэагуе на кожны рух цела Вікторыі. Цялеснасць маладой іспанкі — галоўны аб’ект для аператара, наймацнейшы візуальны вобраз фільма. Мы назіраем за разнастайнымі эмоцыямі дзяўчыны — радасцю, зачараванасцю, расчараваннем, адчаем — мы цалкам пагружаемся ў Вікторыю, у яе эйфарыю на фоне начнога Берліна. Вось яна таньчыць у клубе, вось яна бяжыць насустрач ночы, вось яна сядзіць, звесіўшы ногі з даху шматпавярховага дома, вось яна спазнае закаханасць у Зонэ, вось яна патрапляе ў небяспеку…
Рэжысёрская праца Себасцьяна Шыпера — філігранная. Найвышэйшае майстэрства рэжысёра праяўляецца ва ўменні працаваць з акторамі так, каб у гледача падчас прагляду кіно не разу не ўзнікла думкі, што перад ім акторы. У гэтым фільме — жывыя людзі, якія размаўляць так, як мы, знаёмяцца гэтак жа выпадкова, як мы, патрапляюць у бяду так жа нечакана ды натуральна, як і ў нашым жыцці тое бывае. Большасць дыялогаў у фільме — імправізацыя. Такое пагружэнне ў вобраз дасягаецца не толькі за кошт доўгіх рэпетыцый, але і пры пэўным супадзенні актора ды ягонага персанажа. Той момант, калі фільм з моладзевай меладрамы ператвараецца ў вострасюжэтную крымінальную гісторыю падаецца цалкам арганічным, не надуманым. Гэта не галівудская байка пра прынцэсу ў неспадзяванцы — гэта цалкам рэалістычная гісторыя ў начным горадзе.
Першапачаткова складана зразумець, чаму маладая мілавідная дзяўчына ідзе насустрач такой сумніўнай кампаніі. Затым, праз некалькі імгненняў, кожны персанаж гэтай кампаніі раскрываецца і пад маскай сацыяльных лузераў мы спазнаем прыгожых маладых людзей, якія натхняюцца ўласнай маладосцю ды радасцю наўпрост жыць гэтак жа, як і хлопцы з больш паспяховых раёнаў. Найважнейшае пытанне фільма — чым жа так прынцыпова гэтыя людзі з больш паспяховых раёнаў адрозніваюцца ад будучых крымінальнікаў?
Галоўная гераіня прыязджае ў Германію з Іспаніі, дзе эканамічны крызіс прывёў да вялікага беспрацоўя сярод маладых спецыялістаў ды іх эміграцыі ў іншыя краіны Еўропы. Вікторыя — былая студэнтка кансерваторыі, большую частку свайго маленства ды юнацтва яна займалася за піяніна. Сацыяльны асяродак вучыў яе глядзець на сяброў як на канкурэнтаў, прафесары папярэджвалі, што большасці студэнтаў так ніколі і не стаць сапраўднымі піяністамі. І вось дзяўчына, расчараваная ва ўласных памкненнях, працуе ў берлінскай кавярні. Вызваліўшыся ад сацыяльнага ўціску, Вікторыя спазнае жыццё, якое ёй было зусім недаступным ў штодзённых занятках за піяніна. Яна шукае сябе і здольная на любыя авантуры, бо правільнае і мэтанакіраванае жыццё, якім яна жыла ў Іспаніі, не прынесла ёй нічога акрамя расчаравання. Менавіта такі чалавек захоча бавіць час у кампаніі тых, каго паспяховыя і надзейныя людзі абыдуць бокам. Менавіта тут і адкрываецца праўда — аказваецца, прынцыповай розніцы паміж людзьмі розных сацыяльных станаў не існуе. Усе людзі любяць жыццё, але жыццё людзей любіць па-рознаму…
«Вікторыя» Шыпера — не проста арыгінальна зняты крымінальны фільм, і але роздум над тым, што ёсць жыццё маладзёна ў сучасным свеце. Айчынным маладзёнам, якія ўсё яшчэ прагнуць поспеху, або працуюць на нелюбімай працы, або сядзяць без яе, адмаўляючы прызнаваць сябе лузерамі ды сацыяльнымі ўтрыманцамі, для прагляду рэкамендуецца настойліва!