Вадохрышча позіркам штучнага інтэлекту. Малюем зімовае свята ў беларускай вёсцы разам з нейрасеткай
У ноч з 18 на 19 студзеня праваслаўныя беларусы адзначаюць вялікае свята — Вадохрышча. Гэта не толькі пра акунанне ў палонцы ды лютыя маразы, але і пра аўтэнтычныя традыцыі, абрады, прыкметы. Далі нейрасетцы тэхнічнае заданне і паглядзелі, як гарна могуць выглядаць нашыя вясковыя краявіды гэтай чароўнай ноччу.
Таемства Вадохрышча
Гэты абрад сімвалізуе нараджэнне чалавека ў хрысціянскай веры і з’яўляецца старадаўняй святой традыцыяй Усходняй Царквы, што ссягае з першых стагоддзяў хрысціянства. Ён заключаецца ў трохразовым (у гонар трохдзённага Уваскрэсення Хрыстова) акунанні альбо абліванні вадой пры чытанні малітваў.
Вада — галоўны сімвал Вадохрышча. Лічыцца, што ў ноч з 18 на 19 студзеня яна набірае асаблівую, лекавую сілу. Да таго ж, кажуць, цалкам свежай яна можа заставацца да трох гадоў. У гэтыя дні беларусы імкнуліся назапасіцца святой вадой на ўвесь год, каб яе хапіла да наступнага Вадохрышча. Некаторыя верылі, што ў магічную ноч неабавязкова ісці па ваду ў царкву ці на святую крыніцу, а набіралі яе з уласнага калодзежа ці звычайнай крынічкі. Пасля вяскоўцы акраплялі свае хаты святой вадой, асвячаючы памяшканні.
У Трэбніку мітрапаліта Пятра Магілы 1646 года сказана, што пасля першай малітвы трэба тройчы крыжападобна асвяціць ваду запаленай свечкай; пасля другой малітвы — тры разы дзьмухнуць па вадзе, пасля апошняй — тройчы благаславіць рукой, змочанай у возеры ці рацэ. Паводле цяперашняга звычаю, для благаслаўлення вернікі выкарыстоўваюць не адну, а тры свечкі, якія запальваюць і тройчы апускаюць у ваду.
Вадохрыцкі святвечар
Як і перад Калядамі, увечары за сталом збіралася ўся сям'я. Да яго клапатлівыя гаспадыні звычайна падавалі толькі лёгкія закускі. Найважнейшай стравай на стале была канешне ж наша старажытная абрадавая куцця. Посную куццю на Вадохрышча гатавалі з ячнай, пшанічнай ці рысавай крупы, дадавалі мёду, разынкі, гарэхі, радзей сухафрукты і мак. Але ў кожнай кухаркі быў свой рэцэпт!
Традыцыйна гаспадыні пяклі яшчэ адну абрадавую (і вельмі прыгожую!) страву — печыва «Крыжыкі». Паводле павер’яў, свежае печыва магло расказаць, што чакае кожнага члена сям'і ў новым годзе. Напрыклад, раўнамерна выпечаны румяны крыж казаў пра дастатак і дабрабыт. Да таго, хто выцягнуў такі крыж, іншым сёлета можна было звярнуцца па параду і дапамогу.
Калі печыва падгарэла ці расфарбаванае — чакаюць дрэнныя перамены. Разламаны крыж казаў пра цяжкую хваробу. Няўдалыя крыжыкі ўжываць у ежу было забаронена: імі кармілі птушак, каб тыя забралі сум на нябёсы.
*Не звяратайце ўвагу на форму «Крыжыкаў» — на жаль, нейрасетка пакуль не разумее, як намаляваць печыва ў выглядзе крыжа.
Прыкметы
Нашыя продкі верылі ў мноства знакаў. Асаблівую важнасць яны надавалі менавіта ў святыя дні, і Вадохрышча — не выключэнне.
Па народных павер’ях, калі ў вадохрыцкую ноч снегу з рыдлёўку, значыць, летам будзе добры ўраджай. А калі на вуліцы ясна ды марозна — значыць варта чакаць засушлівыя дні і неўраджай.
Каб даведацца, наколькі цёплай будзе астатняя зіма, дастаткова было паглядзець на небасхіл у Вадохрыцкі святвечар. Калі зоркі свецяць ярка, то вясна пачнецца рана, а лета будзе сухім і гарачым. Восень таксама будзе цёплай і працяглай. Некаторыя верылі, што яркія зоркі на Вадохрышча кажуць і пра тое, што год будзе спакойным.
Не вельмі добра, калі на Вадохрышча цёпла: вясковыя чуткі кажуць, што хутка будуць праблемы са здароўем. А калі наадварот, шмат снегу, значыць, да моцнага імунітэту. Паляўнічыя верылі, што пачуць у лесе брэх сабак — да гарнага палявання і смачнай дзічыны, а вяскоўцы — да добрага матэрыяльнага становішча і поўных кашалькоў. Гэта таксама нам патрэбна!