Усе шляхі — у Заходні Берлін

У Мінску ў межах фестываля пра музыку Beat Weekend паказалі незвычайна ўзнёслы ды паэтычны фільм, які з пэўнымі агаворкамі можна акрэсліць як дакументальны ўспамін пра вірлівае жыццё ў Заходнім Берліне, — “B-movie: жарсць ды гук у Заходнім Берліне 1979 – 1989”.



Ці можа ўспамін быць дакументальным? Памяць — гэта нешта іншае, чым фіксацыя мінулага ў аб’ектыўным парадку.  Успамін – вечна зменлівы шэраг выцвілых карцінак, якія з цягам часу могуць трансфармавацца ў любую ілюзію, мару або ў чароўную ману, у нашым жа выпадку — у арыгінальны фільм.

Англічанін Марк Рыдар, незваротна апанаваны новай нямецкай музыкай, у канцы 1970-х пераязджае з індустрыяльнага Манчэстэру ў Заходні Берлін. Заходні Берлін — анклаў, падзелены пасля вайны паміж амерыканцамі, англічанамі ды французамі, горад-выспа, за самай знакамітай сцяной якога — ГДР разам з штазі, спакоем ды парадкам. Горад, які стаў Мекай для маладых музыкаў, мастакоў, творцаў, аўтсайдэраў і наўпрост ўцекачоў ад ваеннага прызыву ў ФРГ, сустракае свайго новага апантанага жыхара. Дзесяцігоддзе ягонага побыту ў Берліне зафіксавана ў безлічы архіўных хронік, запісаў на плёнку Super 8 ды тэлепраграм пра берлінскае жыццё для англійскага тэлебачання, якія Марк Рыдар і вёў. Зрэшты, побыт Рыдара ў Берліне — толькі цьмяная надзея на сюжэтнасць у гэтым фільме-калажы: для стваральнікаў было істотным перадаць дух месца і дух часу, і Марк Рыдар толькі адзін з характэрных персанажаў тагачаснага Берліну.

Незвычайны ўсплеск музычнага і культурнага жыцця Заходняга Берліну быў у многім абумоўлены ягоным спецыфічным становішчам: горад быў адрэзаны ад астатняй часткі ФРГ, у ім жылі людзі ў атмасферы пагрозы і страху, яны народжаныя ў пасляваеннай Германіі з неверагоднай траўмай народа-крыўдзіцеля, а галоўны тэлесерыял па тэлебачанні — халодная вайна паміж СССР і ЗША, першымі ахвярамі якой ужо сталі жыхары Усходняга і Заходняга Берлінаў. Гэтае прыгнечанае становішча трансфармавалася ў радыкальную адкрытасць і свабоду самавыражэння. Маладыя людзі, якім ужо няма чаго губляць, жывуць свае апошнія дзянькі — усе  ведаюць, што заўтра не наступіць, і пражыць сённяшні дзень трэба настолькі свабодна і шчыра, наколькі гэта наогул магчыма. Безумоўна, найвялікшы спосаб самавыражэння ў такім выпадку — музыка.

Дэвід Боўі, Нік Кэйв, Блікса Баргельд, Гудрун Гут — адны з найбольш знакамітым музыкаў, чыё духоўнае сталенне і развіццё прайшло праз Заходні Берлін. У пэўныя моманты ў фільме гучаць іхнія сучасныя каментары на фоне архіўных кадраў. Нік Кэйв сцвярджае: найвялікшае рэч, якой яго навучыў Берлін, — не баяцца нічога і быць самім сабой у любым выпадку, не звяртаючы ўвагі, што пра цябе думаюць іншыя. Адна справа, калі гэтыя ўзнёслыя словы гучаць у тэорыі, зусім іншая рэч — практыка ў берлінскай валтузні.

Броўнаўскі рух праклятых творцаў з усяго свету ад берлінскага клуба да парыкмахерскай-салона сучаснага мастацтва; тут сустракаюцца, вызваляюць уласную сэксуальнасць самымі радыкальнымі спосабамі, ваююць штораніцы з паліцыяй, а штовечар святкуюць канец свету ў алкагольным ды наркатычным танцы пад музыку драблення жалезабетону... Гэтая казка не можа працягвацца вечна, але пакуль яна не скончылася, ёсць шанец, што яна не скончыцца ніколі…

Аднаго разу Марк Рыдар — напрыканцы існавання сцяны — наважыўся арганізаваць панк-канцэрт ва Ўсходнім Берліне (жыхары Заходняга Берліну, прайшоўшы процьму бюракратычных працэдур, мелі права пагуляць да вечара у ГДР). Па архіўных здымках відаць, наколькі больш стрыманая публіка ва ўсходняй частцы гораду, што натуральным чынам выклікала асацыяцыю з паводзінамі людзей на канцэртах у Мінску. Наш Мінск у нейкім сэнсе — гэта таксама Берлін, але, на жаль, гэдээраўскі. Пазбаўлены свабоднай прасторы горад шумных дарог, з чыстымі ды пустымі вуліцамі, дзе ўся прыгажосць і гарадскі дух хаваецца па закутках..  Ці можа здарыцца культурны ўсплёск у такім запаведніку спакою ды парадку?

“B-movie: жарсць ды гук у Заходнім Берліне 1979 – 1989” — ідэальны міф, чароўны ўспамін-мана аб горадзе поўнай свабоды існавання. Усплёск эмоцый ды натхнення для ўцекачоў ад гарадской пустэчы.