Алексіевіч: «Для Лукашэнкі няважна, як мы галасуем»
Нобелеўская лаўрэатка ў галіне літаратуры Святлана Алексіевіч дала прэсавую канферэнцыю ў Берліне. Значная частка пытанняў ад нямецкіх журналістаў тычылася палітычнай сітуацыі ў Беларусі. Прапануем вашай увазе некаторыя цытаты з адказаў пісьменніцы.
Пра цяперашнія прэзідэнцкія выбары у Беларусі:
«Мы ўсе маем падазрэнне, што для Лукашэнкі няважна, як мы галасуем. Як казаў Сталін, няважна, як галасуюць, а важна, хто падлічвае. Тут нібыта той выпадак. Так што ніхто з нас не чакае ніякіх сюрпрызаў, і ўсе маюць адчуванне: тое, што ў Расіі і Беларусі — усё гэта надоўга».
Пра беларускую апазіцыю:
«Тыя людзі, якія цяпер называюцца апазіцыянерамі, не разумеюць той адказнасці, якая ляжыць на іх. Яны больш занятыя сваім самалюбствам».
Пра адносіны Лукашэнкі да вайсковай авіябазы, якую Расія хоча размясціць у Беларусі:
«Я не думаю, што ён сапраўды супраць базы. Я думаю, што ён таргуецца — ён спадзяецца, што Расія дасць яму грошай. Гэта ягоная вядомая гульня: Калі кепска з Расіяй, ён павяртаецца ў бок Еўропы. За гэты час у Еўропе памянялася кіраўніцтва — кожныя чатыры гады прыходзяць новыя людзі, і яны думаюць, што перагуляюць Лукашэнку. Яны спрабуюць гэта зрабіць, не ведаючы, што гэта ненадзейны чалавек, і калі Расія дасць яму грошай, ён адразу ж адвернецца ад Захаду. Мы гэта бачылі — разоў пяць гэта было на нашых вачах».
Пра імавернасць збліжэння Лукашэнкі з Еўрасаюзам:
«Па-першае, ніхто гэтага Лукашэнку не адпусціць. Не трэба нават ніякіх „зялёных чалавечкаў“, ніякіх салдат. Проста яму не дадуць газ ці нафту, і ўсё — мы будзем зіму жыць як на лёдзе».
Паводле: Радыё Свабода