Усе квіткі на цягнікі на «Ляпісаў» у Вільню прададзеныя за 45 дзён да канцэрту
Квіткоў няма ні на 29, ні 30 лістапада, да якіх яшчэ паўтара месяца. Гэта пры тым, што квіткі на цягнікі на 29 лістапада паступілі ў продаж учора (за 45 дзён), на 30 лістапада — сёння раніцай.
Канцэрт «Ляпісаў» адбудзецца 30 лістапада ў «Сімэнс-Арэне» і пачнецца а 19-й. Там будзе прэзентаваны альбом «Грай».
На цягнікі 29 лістапада (пятніца) квіткоў няма зусім, паведамляе сайт Беларускай чыгункі, нават на даражэйшыя расійскія.
Засталіся толькі 17 квіткоў на цягнік Мінск — Вільня 30 лістапада, які прыбывае ў літоўскую сталіцу ў 20:20. Улічваючы, што патрэбна па прыездзе ў Вільню прайсці памежны кантроль, то
можна хіба паспець да самага фіналу канцэрту.
Ёсць аднак квіткі на чацвер 28 лістапада, г.зн. за два дні да канцэрту.
Квіткі на канцэрт «Ляпісаў» у Вільні таксама ўсе прададзеныя.
nn.by