Уладзіслаў Гарбацкі: Беларуская кніга — гэта безупыннае бунтарства, змаганне, супраціў

6 жніўня 1517 года беларускі першадрукар Францыск Скарына выдаў сваю першую кнігу — «Псалтыр». Больш чым праз пяцьсот гадоў яго паслядоўнікі, сучасныя беларусы, заснавалі выдавецтва Скарына Прэс, якое працягвае справу сярэднявечнага асветніка. І гэты ж дзень цяперашнія нашчадкі Скарыны ўважаюць за Дзень беларускага кнігадруку. Але якая яна цяпер — беларуская кніга?

Уладзіслаў Гарбацкі. Фота з асабістага архіву

Уладзіслаў Гарбацкі. Фота з асабістага архіву

— Пытанне для «затраўкі». Ведаю многіх сучасных маладых людзей, якія не чытаюць кнігі — і, больш за тое, ніколі не чыталі. Адкуль у цябе любоў да кніг?

— Перадусім тут прысутнічае генерацыйны чыннік: я належу да генерацыі людзей, якія фармаваліся да тэхналагічна-інфармацыйнага выбуху, то-бок у мае  практыкі, паводзіны натуральна ўплялася кніга, тым больш папяровая. Таксама ў мае маладыя гады яшчэ актыўнымі былі пісьмовыя, эпісталярныя практыкі. Ну і, вядома, трэба ўлічваць аспект беларускасці праз пасярэдніцтва кнігі: менавіта праз кнігу, чытанне захоўвалася і падтрымлівалася мая беларуская свядомасць. Хоць мае бабулі (асабліва адна) размаўлялі па-беларуску, гутарковага вымярэння ўсё ж часта не ставала, каб цалкам пачувацца ўпэўнена ў беларускасці. Таму кніга запаўняла для мяне гэтую лакуну. А яшчэ кнігі з дзяцінства былі для мяне сапраўднай брамай у іншы, фантазійны свет, дзе можна было схавацца на пэўны час ад руціны і аўтарытарнай гнюснасці. Вось так бы я патлумачыў любоў да кніг, якія дасюль чытаю, захлёбваючыся, выключна на паперы.

— Ёсць людзі, якім больш прыемна атрымліваць падарункі, чым рабіць іх — і наадварот. Што прыемней для цябе: чытаць кнігі ці ствараць іх?

— Мне аднолькава прыемна ствараць і чытаць кнігі. Я б дадаў толькі, што чытаць кнігі лягчэй, ствараць — часта цяжэй, бо, апрача лёгкасці пісьма (я лёгка, хутка пішу), заўсёды ёсць разуменне адказнасці перад чытачамі і чытачкамі. Да ўсяго, стварэнне кнігі падразумявае не толькі пісьмо, з якім я спраўляюся досыць лёгка, але рэдагаванне, друк, выданне, грашовы аспект. І таму прыемнасць часам знікае, я сутыкаюся з цяжкасцямі, затрымкай і падобным. Так было асабліва раней, калі я толькі пачынаў пісаць і выдавецтвы не хацелі браць мае тэксты праз тое, што я пісаў і закранаў, напрыклад, тэму гомасэксуальнасці. Цяпер, калі я актыўна супрацоўнічаю з выдавецтвам «Скарына», ствараць кнігі для мяне стала лягчэй і яшчэ прыемней.


Глядзіце таксама

— Як у цябе атрымліваецца спалучаць у сабе пісьменніка, перакладчыка і выдаўца?

— Гэта звязана з маім тэмпераментам: я належу да той катэгорыі людзей, якіх называюць «і шавец, і кравец, і ў дуду ігрэц». Нават у прафесійнай сферы, як даследчык я — міждысцыплінарнік, мне важна спалучаць розныя падыходы, дысцыпліны. Мне сумна працаваць у адным кірунку. Я люблю эксперыментаваць і спалучаць творчае і навуковае. Таму натуральна сталася, што я і пішу (як літаратурныя, так і навуковыя тэксты), і перакладаю, і звязаны з выдавецкай дзейнасцю.

Не будзем забываць пра беларускі адвечна аўтарытарны кантэкст, які вымушае нас займацца адначасова шматлікімі справамі. Беларуская дзяржава не падрымлівае і не развівае рэсурс перакладу з беларускай мовы на іншыя і наадварот, у нас няма інстытуцыі накшталт Інстытута Гётэ, Французскага Інстытута ці Інстытута Сервантэса. Адсутнасць афіцыйнай беларускай культуры перакладу і развіцця перакладаў — каланіялісцкі паказчык нашай залежнасці ад Масквы, ад перакладаў з расійскай мовы, ад прывязанасці да рускамоўнага рынку. Развіццём і ажыццяўленнем перакладаў з замежных моў на беларускую ў нас займаюцца незалежныя асобы — звычайныя людзі, перакладчыкі і перакладчыцы — сапраўдныя волаты. Мы вымушаныя не толькі пісаць, перакладаць, але і звязвацца з замежнымі выдавецтвамі, дамаўляцца пра аўтарскія правы, часта рэдагаваць і друкаваць тэксты. А яшчэ вазіць іх і нават гандляваць. Нашым заходнім калегам гэта ўсё мала зразумела і нават дзіўна.

Таму спалучэнне ўва мне пісьменніка-перакладчыка-выдаўца звязана як з маімі асабістымі якасцямі, так і з вельмі складанай беларускай сітуацыяй датычна інстытутаў перакладу, выдавецтва і альтэрнатыўнага пісьменства.

 — Што больш за ўсё цябе натхняе ў тваёй даследчыцкай дзейнасці? Чым цябе прываблівае выданне кніг? І што прымушае цябе пісаць?

— Думаю, ва ўсіх сферах, у якіх я дзейнічаю, асноўным рухавіком з'яўляецца беларуская тэма, беларуская рэальнасць, Беларусь. Як мой асабісты жыццёвы досвед у Беларусі, так і глабальнае развіццё краіны пад знакам дыктатуры з'яўляюцца асноўнымі крыніцамі натхнення маёй як навуковай, так пісьменніцкай, выдавецкай і публіцыстычнай дзейнасці.

Як навуковец — палітолаг і сацыялінгвіст — я займаюся пераважна беларускай тэмай: палітычнай аўтарытырнай культурай, моўнай палітыкай, палітыкай, гендарам і мовай, праблемай моўнага сораму беларусаў. Безумоўна, я даследую сьет і ўводжу параўнаўчае вымярэнне, але пераважна застаюся ў беларускай тэме. Бо яна часта мала даследаваная, маргінальная і паралельна вельмі цікавая, перспектыўная.

У выданні кніг мне цікавыя два аспекты: аспект ідэйны, змагарскі і аспект творчы, эстэтычны. Кожная новая кніга мяне ўсё больш і больш спрычыняе, упэўнівае, на маю думку, прывязвае беларускасць да рэчаіснасці, бачнасці, прысутнасці ў свеце. Беларуская кніга (па-беларуску!) — гэта як цвік, які прыганяе хісткую карціну да сцяны.

Але ёсць і іншы аспект кнігавыдання — эстэтычны, творчы. Я атрымліваю асалоду, калі бачу кнігу, якая толькі што выйшла з друку. Ведаючы доўгі і часта цяжкі, пакутлівы шлях беларускай кнігі — ад напісання ці перакладу да друку — кожны раз я ўспрымаю новую кнігу па-беларуску як кветку, якая цудам, насупор маразам ці паразітам, раскрылася. 


Глядзіце таксама

Пісаць мяне прымушае, зноў жа, беларуская рэальнасць: перадусім я імкнуся апісаць досвед беларускамоўнай асобы, гея ва ўмовах дыктатуры і выгнання адначасова. Ведаю, гэтага голасу у нас часта проста не чуваць. Таму часта я пішу, каб сведчыць. Але таксама я пішу, каб дзяліцца аптымізмам і спрычыняць усіх тых, хто падзяляе мае інтарэсы, карціну свету, эстэтыку мовы. І, безумоўна, я пішу, каб рэзіставаць русіфікацыі, а таксама афіцыйнай беларускай стандартызацыі, каб дзяліцца цудам віцебскай беларускай мовы, мовы маіх бабуль.

— Беларуская кніга для цябе перш за ўсё — гэта што?

— Гэта безупыннае бунтарства, рокаш, змаганне, супраціў, зброя, самасцвярджэнне, бясконцы рух кніганошаў і кнігавозаў. 

Пры гэтым, калі ва ўсім свеце, кніга губляе статут найлепшага падарунка, у беларускім аўтарытарным і часта расійскацэнтрычным і расійсказалежным кантэксце, беларуская кніга ўсё яшчэ застаецца найлепшым падарункам, сюрпрызам, цудам. 

— Даволі банальнае, але важнае пытанне. Назаві 5 кніг, якія сфармавалі цябе як чалавека, і 5 кніг, якія ты сёння мог бы параіць прачытаць.

Кнігі, якія моцна паўплывалі на мае фармаванне:

1. Васіль Быкаў «Аблава»

2. Міхась Зарэцкі «У віры жыцця»

3. Сімона дэ Бавуар «Усе людзі ўміручыя»

4. Ядвігін Ш. «Лісты з дарогі» і «Золата»

5. Вольга Кабылянская «Valse mélancolique»

Кнігі, якія я б параіў:

1. Сімона дэ Бавуар «Другі пол»

2. Вірджынія Вулф «Арланда»

3. Жэмайце «Нявестка» (і іншыя апавяданні)

4. Алена Брава «Садомская яблыня»

5. Хвёдар Салагуб «Стваральная легенда»

— Вы з Ігарам Івановым заснавалі выдавецтва «Скарына Прэс», якое займаецца беларускімі кнігамі. Што прымусіла вас працягнуць справу Скарыны? 

— Усё тая ж вельмі простая прычына прымусіла нас працягнуць справу Скарыны: выдаваць кнігі па-беларуску. Кнігі, якія немажліва выдаць на радзіме. Дзіўна, але з часоў Скарыны засталася праблема немажлівасці выдаць любую кнігу па-беларуску дома. Таму адной з мэт нашага выдавецтва з'яўляецца публікацыя кніг, якія з розных прычын (цэнзура, маргінальная тэма, моўны стандарт і падобнае) не могуць з'явіцца на радзіме. 


Глядзіце таксама

— Паколькі 6 жніўня, Дзень беларускага кнігадруку, адзначаецца ў гадавіну выдання Скарынам «Псалтыра», можа быць, у вас з калегамі з гэтай нагоды з'явіліся нейкія традыцыі святкавання гэтага дня?

— Апрача ўсяго, 6 жніўня — гэта дзень народзінаў нашага выдавецтва! Сёлета мы адзначаем два годзікі. Не проста так мы выбралі назву выдавецтва: так сталася, што мы сабраліся і заснавалі выдавецтва якраз у гадавіну выдання Францыскам Скарынам «Псалтыра». На жаль, мы ўсе раскіданыя па Еўропе, таму ўжывую разам мы не адзначаем гэты дзень і яшчэ не выпрацавалі нейкай спецыяльнай традыцыі святкавання.

— «Скарына Прэс» існуе ў складаных рынкавых умовах і ў сітуацыі амаль поўнай немагчымасці сустрэцца са сваім чытачом (прынамсі, у Беларусі), а беларускія кнігі ў краіне моцна цэнзуруюцца і часам знікаюць з паліц кнігарняў. Падазраю, што прыкладна тая ж сітуацыя і ў іншых выдавецтвах. Ці ёсць увогуле будучыня ў беларускага кнігавыдання?

— Сапраўды, умовы для развіцця беларускай кнігі цяжкія, неспрыяльныя, але якраз гэты выклік мабілізуе нас і апраўдвае нашую дзейнасць. Ды і потым, ці быў такі час, калі беларуская кніга лёгка стваралася, распаўсюджвалася? Не прыгадаю такога часу. Нават у замежжы, у дыяспары, няхай тут няма ідэалагічнага гнёту, як на радзіме, кніжная справа непрыбытковая. Пры гэтым мы назіраем вялікі інтарэс да беларускай кнігі. Таму забароны, цэнзура не вынішчаюць, а толькі наадварот загартоўваюць нас, заахвочваюць да дзейнасці. У дыяспары, у замежжы мы да ўсяго прывілеяваныя — мы далёка ад забарон, якія множыць рэжым. Але, сапраўды, застаецца гіганцкая праблема нядоступу да чытацтва на радзіме, да беларускіх кнігарняў. Бо асноўнае наша чытацтва ўсё ж там — на радзіме.

Тым не менш, будучыня ў беларускага кнігавыдання ёсць хаця толькі б таму, што ў забароне, цэнзуры ўжо закладзена на будучыню пасланне пратэсту, дзейнасці насупор, праца па захаванні, рэабілітацыі, вяртанні, перавыданні. То-бок беларускае кнігавыданне забяспечанае працай у будучыні.

— Якія значныя беларускія кнігі, на твой погляд, з тых, што ўжо не знайсці, абавязкова трэба перавыдаваць? І якіх кніг, чыіх твораў на паперы нам усё яшчэ не хапае?

— Вельмі добрае пытанне. Я штодня думаю і кажу калегам пра тое, што мы кепска ведаем сваю літаратуру і часта па банальнай прычыне — адсутнасці кніжак, малых накладаў і падобнае. Трэба пастаянна перавыдаваць кнігі нашых класікаў і класікінь. Перадусім трэба пастаянна перавыдаваць у розных фарматах «Шляхціца Завальню» Яна Баршчэўскага. Лепшага фэнтэзі ў свеце, на маю думку, няма.

Дыяспарная літаратура часта застаецца загадкай: трэба перавыдаць творы ўсіх дыяспарнікаў (Аляксандра Саковіч, Юрка Віцьбіч, Уладзімер Случанскі ды іншыя).


Глядзіце таксама

Важна і кур’ёзна было б перавыдаць некаторыя пераклады, якія з'яўляліся ў 20-30-я гады 20 ст. у Менску: напрыклад, творы Аляксандры Калантай, украінскіх аўтарак і аўтараў і г. д.

— Пытанне да перакладчыка. Па-беларуску перастворана досыць шмат кніг з сусветнай літаратуры — напрыклад, нобелеўскіх лаўрэатаў. Фонд перакладной літаратуры актыўна папаўняецца, у тым ліку і тваімі намаганнямі. Якія ў цябе ёсць планы на пераклады? І ці ёсць у цябе як у перакладчыка, выдаўца і чытача мары і жаданні пабачыць нешта па-беларуску?

— Мая мара — перакласці і выдаць па-беларуску серыю сусветнай упадніцкай літаратуры. У гэтым кірунку я ўжо тое-сёе раблю. Дарэчы, увосень 2024-га мы рыхтуем у нашым выдавецтве першы падарунак аматарам і аматаркам упадніцкага эстэцкага пісьма.

Ну і марай застаецца (да)перакласці творы Сімоны дэ Бавуар — «Другі пол», «Усе людзі ўміручыя», «Вельмі мяккая смерць». Пачуваюся, сапраўды, не вельмі спакойна, пакуль няма яе тэкстаў па-беларуску.