У Мінску адкрылася выстава, прысвечаная 70-годдзю выбітнага беларускага мастака Генадзя Сокалава-Кубая
26 студзеня ў мінскай “Арт-сядзібе адкрылася выстава, прысвечаная 70-годдзю выбітнага беларускага мастака, педагога і мастацтвазнаўцы Генадзя Сокалава-Кубая (23.01.1942, Мінск — 18.10.1998). У экспазіцыі прадстаўлены 10 выцінанак мастака, выцінанка “Эпітафія памяці майстра — праца яго жонкі Ніны Сокалавай-Кубай, а таксама алейны партрэт мастака, напісаны ў 1999 годзе сябрам Сокалава-Кубая, жывапісцам і грамадскім дзеячам Віктарам Маркаўцом.
26 студзеня ў мінскай “Арт-сядзібе адкрылася выстава, прысвечаная 70-годдзю выбітнага беларускага мастака, педагога і мастацтвазнаўцы Генадзя Сокалава-Кубая (23.01.1942, Мінск — 18.10.1998).
У экспазіцыі прадстаўлены 10 выцінанак мастака, выцінанка “Эпітафія памяці майстра — праца яго жонкі Ніны Сокалавай-Кубай, а таксама алейны партрэт мастака, напісаны ў 1999 годзе сябрам Сокалава-Кубая, жывапісцам і грамадскім дзеячам Віктарам Маркаўцом.
Як адзначыў ініцыятар выставы Мікола Купава, Сокалаў Кубай быў знакавай асобай у гісторыі нацыянальнай культуры, чалавекам высокаадукаваным і апантаным беларускай нацыянальнай ідэяй. Паводле яго слоў, менавіта дзякуючы рознабаковай дзейнасці Сокала-Кубая, яго выхаванцы прайшлі грунтоўную школу беларусазнаўства, атрымалі магутны штуршок дзеля самаадукацыі і змаглі далучыцца да каранёў спрадвечнай беларускай культуры і яе багатай еўрапейскай спадчыны. “Ён вучыў нас, што мастацтва павінна быць адпаведным часу і яго рэаліям, а мастак павінен адчуваць адметнае ў нацыянальнай культуры: мову, архітэктуру, характар, тыпаж, псіхалогію і паводзіны чалавека, метад і стыль выяўлення, — сказаў Купава.
Выступае Мікола Купава на фоне партрэта Генадзя Сокалава-Кубая (мастак Віктар Маркавец)
Паводле слоў мастацтвазнаўцы і грамадскага дзеяча Таццяны Гаранскай, сваёй творчасцю і дзейнасцю Сокалаў-Кубай працягваў традыцыю нацыянальнага адраджэння ў мастацтве, носьбітам якой у 1960–1970-я гады быў выбітны беларускі мастак і мастацтвазнаўца Лявон Баразна. Гаранская паведаміла, што сабрана і сістэматызавана тэарэтычная спадчына Сокалава-Кубая, якая тычыцца творчасці народных майстроў — рэзчыкаў па дрэву, пытанняў аховы помнікаў, праблем нацыянальнай мастацкай адукацыі і гісторыі беларускага мастацтва. “Асабліва вялікі ўнёсак зрабілі мастак і яго жонка ў развіццё мастацтва выцінанкі. Гэты від народнай творчасці яны ператварылі ў элітарнае, інтэлектуальнае і шляхетнае мастацтва, бо дасягнулі высокага ўзроўню разумення беларускай гісторыі і культуры праз яе этнічныя карані. І сёння ніхто ў гэтым разуменні іх не пераўзышоў, — падкрэсліла мастацтвазнаўца.
Сваімі ўспамінамі пра Сокалава-Кубая падзяліліся яго вучні і сябры Святлана Манько-Радкевіч, Генадзь Лойка, Аляксей Марачкін, Хведар Ладуцька, Віктар Маркавец, а таксама жонка мастака Ніна Сокалава-Кубай.
Гісторык Міхась Чарняўскі лічыць неабходным выдаць кнігу ўспамінаў пра мастака з ілюстрацыямі яго твораў, а таксама распачаць працу над біяграфічным слоўнікам беларускага нацыянальнага адраджэння пра людзей, якія з пачатку XIX стагоддзя ўдзельнічалі ў абуджэнні беларускасці, яе развіцці і станаўленні беларускай нацыянальнай ідэі. Прычым артыкулы да такога слоўніка можна публікаваць у газеце “Наша Ніва і часопісе “Спадчына, сказаў Чарняўскі.
Пасля заканчэння Мінскага мастацкага вучылішча і Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута Сокалаў-Кубай займаўся выяўленчым мастацтвам і педагогікай, працаваў у галіне мастацкай крытыкі і гісторыі мастацтва. Аўтар мастацтвазнаўчых артыкулаў у беларускім перыядычным друку, у энцыклапедычных і навукова-папулярных выданнях. Асноўныя працы — “Партрэтны жывапіс Беларусі XIV–XVI стагоддзяў, “З краю ластавак, “Да і пасля аўкцыёну, “Партрэт Крыштопа Весялоўскага, “Партрэт Еўфразіны Тышкевіч, а таксама творчыя партрэты беларускіх мастакоў Міколы Селяшчука і Міколы Купавы.
Выстава працуе да 12 лютага.