У пошуках абсалютнай свабоды

Сто гадоў таму ў Вільні заўчасна пайшоў з жыцця Ігнат Канчэўскі, больш вядомы пад псеўданімам Ігнат Абдзіраловіч. Самы вядомы ягоны твор — філасофскае эсэ «Адвечным шляхам», дзе аўтар разважае не толькі над мінуўшчынай, але і над уладкаваннем будучыні. Давайце паспрабуем паглядзець на яго з незвычайнага ракурсу.

abdziralovicz.jpg

Яму было ўсяго 25 гадоў, калі ён напісаў гэты знакаміты твор. Ведаем нават дакладную дату, калі была пастаўлена фінальная кропка — 12 траўня 1921 года. Неўзабаве пабачыць свет і выданне асобнай кнігай. А потым будзе доўгая пара забыцця — гэтая безумоўна цікавая праца трапіць у спецсховішчы, дзе будзе ляжаць да самага скону Савецкага Саюза. Друкаваць па новай эсэ возьмуцца толькі ў канцы 80-х гадоў.

Звычайна прынята лічыць, што ў ім даследуецца дуалістычнасць беларускага светагляду. Маўляў, мы не належым ні Захаду, ні Усходу, а маем нейкі свой уласны шлях. Такое меркаванне не выпадковае, бо першы раздзел эсэ акурат і прысвечаны мінуўшчыне. Праўда, з нашага часу развагі Абдзіраловіча пра гісторыю глядзяцца троху наіўна. Прыкладам, Вітаўт Вялікі яму відавочна не падабаецца, а вось Францыск Скарына — вельмі.

Але перачытваць варта не толькі пачатак, але і  наступныя раздзелы, дзе аўтар, зусім яшчэ малады чалавек, разважае над магчымымі абрысамі будучыні. Ён крытыкуе ўсе без вынятку сучасныя яму ідэалогіі і сістэмы светагляду, якія відавочна не адпавядаюць высокім ідэям, што былі заяўлены імі самімі. У гэтым сэнсе твор абсалютна ўніверсальны і можа быць датычным не толькі “невыразнай” беларускай справы, але і любой іншай.


У аснове свайго светагляду Канчэўскі выводзіць творчую адзінку, а асноўны спосаб, які рухае свет — творчасць. Можна падумаць, што аўтар нейкі палымяны анархіст, але гэта не так, бо сам ён рашуча абвяргае тое ў тэксце. Ягоны ідэал хутчэй анарх — свабодная асоба, якая спрабуе ўладкаваць свет па ўласным разуменні. Абдзіраловіч бярэ лепшае ад усіх, але пры гэтым не забываецца і пакрытыкаваць наяўнае:

Мода прымушае быць соцыялістым ці роялістым, гледзячы па настрою масы. Працівіцца модзе — небясьпечна, за гэта можна страціць галаву. Толькі адзінкі, вышэйшыя за масы, адважваюцца, ў часы рэвалюцыяў і наагул масавага псыхозу, заставацца самі сабой. Ці ж можна было рызыкаваць пры трэцяй Імпэрыі быць камуністым, а пры камуне — прыхільнікам імпэрыі?

Відавочна, што яго захапляе сама думка аб тым, што чалавецтва можа быць уладкавана іншым чынам — грамадства, якія будуць складацца са свабодных людзей, што маюць супольныя інтарэсы. Пазбаўленыя прымусу і гвалту, яны будуць вырашаць свае пытанні мірным шляхам, каб кожны меў з гэтага яшчэ нейкі прыемны бонус. Ён гэта называе кааперацыяй і вельмі коратка фармулюе яе неабходнасць: “Калі табе па дарозе, ідзі разам, а не — ідзі, куды хочаш”.


Эсэ “Адвечным шляхам” і праўда значна абганяе свой час, бо падобнага кшталту працы пачалі з’яўляцца значна пазней. Калі чалавецтва зведала левы і правы таталітарызм і перажыло горыч ад наступстваў Другой сусветнай вайны — тады так званы “еўрапейскі нігілізм” атрымаў другое дыханне. Учорашнія зацятыя сацыялісты, раялісты, нацыяналісты і многія іншыя “істы” адступілі ад ранейшых ідэалаў і пачалі шукаць уласнага шляху.

Такім быў той жа Эміль Чаран, які ў маладыя гады захапляўся румынскім нацыяналізмам, меў дачыненні з Жалезнай Гвардыяй, а ў паваенны час стаў модным парыжскім філосафам. Або яго сябар Мірча Эліадэ, які да вайны таксама меў дачыненне да руху Карнэліу Зэля Кадрану, а потым, канчаткова расчараваўшыся ва ўсім, стаў сусветнавядомым дасленікам міфаў і традыцый. А колькі было такіх самых, але менш вядомых…


Рэч у тым, што падобнага кшталту асобам спатрэбілася адолець пэўны інтэлектуальны шлях, на ўласнай шкуры адчуць, чым небяспечныя самыя розныя крайнасці. А Ігнат Абдзіраловіч здолеў сфармуляваць свае “антысістэмныя” ідэі без такога кшталту малапрыемнага досведу, хаця і меў пакручастую біяграфію. Калі чытаеш такія радкі, то не можаш не падумаць пра ўзрост аўтара, занадта ён быў маладым, каб глядзець на свет так сур’ёзна:

Прыхільнасьць да пісаных праграмаў, зацьверджаных доктрын і лёзунгаў так моцна навет у рэвалюцыянэраў, што яны зараз жа накідаюць жыцьцю свае формулы і заместа таго, каб яго разьвіваць, мардуюць яго, зачараваныя гукам знаёмых лёзунгаў, ня бачачы, што ў труне формул калісь сьвятыя ідэі змарнелі, сплясьнелі, што час прайшоў і вымагае новай творчасьці.

Кажуць, што Мікеланджэла казаў: “каб не згубіць натхнення працуй заўсёды”. Нешта падобнае прапануе і Ігнат Абдзіраловіч у сваім эсэ. З гэтай прычыны ён і выводзіць менавіта творчасць у асноўны чыннік, які мяняе гэты свет да лепшага. Бо паводле Абдзіраловіча artist, як кажуць амерыканцы, заўжды мае быць незадаволеным і шукаць чагосьці новага. Іначай мастацтва застывае ў форме, храсне ў канонах і гіне. Ён літаральна заклікае да арыгінальнасці:

Хай ня будзе для чалавека нічога нярухомага, сьвятога: ні дактрын, хаваючых усё жыцьцё ў труну выразнай формы, ні зацьверджанай моралі на кожны дзень і гадзіну, на кожнае ўздыханьне. Хай ня будзе строгіх дырэктываў, падстава якіх незразумела і далёка пачуцьцю. Хай ня будзе «чалавекаў у футлярах», прыбраных золатам, з важнымі мінамі і пустых у сярэдзіне, як тыя «гробы павапленыя». Бо ўсё гэта затрымлівае жыцьцё, пазбаўляе яго творчасьці.


Абдзіраловіч адкідае ўсе пастулаты, догмы, дэрэктывы і інструкцыі. Яму хочацца, каб кожны чалавек быў сам сабе гаспадаром ды варашаў, як і куды рухацца. А не слепа выконваў загады, што надрукаваны на прыгожых агістацыйных плакатах:

Неабходна стварэньне новых соцыяльных аб'яднаньняў, ў якіх гарманізавалася б магчымасьць істнаваньня вольнай незалежнай адзінкі асобы і плоднай соцыяльнай паступовай працы, не затрыманай прагавітым эгоізмам адзінкі. Незалежная творчая адзінка ў творчым, няўзьдзержным адзіначным эгоізмам хаўрусе — ідэал будучыны. Ён быў часткай зьдзейсьнены ў прошласьці, ў малой долі ёсьць і цяпер.

З напісанага маладым філосафам вымалёўваецца вобраз даволі самастойнага чалавека, які бярэ адказнасць за своёй лёс на сябе самога. Натуральна, што цяжка сабе ўявіць грамадства, якое складалася б хаця б напалову з такіх вось незалежных і пасіянарных адзінак. Тое відавочна ўтопія, але ж чытаецца ўсё адно цікава, захапляльна. Прынамсі ёсць над чым падумаць пасля…


У любым разе Абдзіраловіч, калі пісаў сваё эсэ, задаваў слушны вектар развіцця. Бо свет рухаюць неардынарныя асобы, якім складана ўжыцца ў мэйнстрыме. Тое бачна па спосабах самавыяўлення, калі  нехта ўвесь час шукае новых нязведаных сцяжын, а камусьці добра ісці добра ўжо пратаптанымі дарогамі.

Менавіта з гэтай прычыны мы і любім цяпер чытаць біяграфіі — літаратура ў стылі нон-фікнш аб’ектыўна адна з самых запатрабаваных у свеце. Кожнаму цікавы іншы чалавек, які стаў паспяховым у той ці іншай сферы, або наадварот — вёў бедны, але багемны лад жыцця, аб чым шчыра распавядаў на старонках сваіх кніг.

Скажам, біяграфія якога-небудзь эмігранта, які прыехаў з 2 далярамі ў кішэні ў іншую краіну ды зрабіўся там мільянерам, або самотнага алкаголіка, які ніяк не можа развязаць унутраныя праблемы і кожны дзень апускаецца на самае дно чалавечага жыцця. Каб пазнаёміцца з такім досведам, зусім не абавязкова рабіць такое самому.

На шляху чалавечай творчасьці вырастала перашкода ў постаці, хочучай валадаць формы. І форма захапляла жыцьцё, дыктавала свае ўмовы. А чалавечая душа рвалася з яе кайданоў, хацела спарадкаваць жыцьцё так, як казала ўласнае сумленьне, хацела ісьці за сваімі ўласнымі імкненьнямі, чула, што гэта — непатрэбна «зьвязаваць ярма цяжкія і незнасімыя і ўскладаць на плечы людзям». І ўцякала ад гвалцячага жыцьця, шукала свайго ратунку”, — у гэтых словах Абдзіраловіч, канечне ж, не заклікае нас рабіцца суворымі адзіночкамі, якія і ведаць не хочуць іншых людзей. Хутчэй прапануе думаць сваёй галавой і ніколі не спыняцца ў пошуках свайго ўласнага шляху.

У часы, калі кожны хоча быць адметным і напраўду арыгінальным, такія словы набываюць асаблівую вагу. І надта прыемна, што напісаныя яны былі менавіта на беларускай мове. Бо каб натхніцца на арыгінальнасць і самастойнасць, дастаткова ўзяць з палічкі “Адвечным шляхам”.