У Мінску прайшла цырымонія ўручэння прэміі Гедройца (фота)
Сёлета ўпершыню журы складалася не з пісьменнікаў, а з літаратуразнаўцаў. Каму ж яны прысудзілі перамогу?
Агулам было намінавана 32 кнігі. Сярод аўтараў, творы якіх чытала журы, было шмат жанчын. Але ў шорт-ліст трапіла толькі Анка Упала з кнігай "На заснежаны востраў". На прэмію таксама прэтэндавалі Павел Севярынец і яго "Беларусалім", Адам Глобус з творам "Сям'я".
Вердыкт журы быў такі:
Трэцяе месца за развіццё смехавай культуры — Вінцэсь Мудроў з кнігай "Забойца анёла". Пісьменнік жыве ў Наваполацку, на цырымонію не прыехаў. Узнагароду за яго атрымаў выдавец кнігі Генадзь Вінярскі ("Кнігазбор"). У 2014-м Вінцэсь Мудроў таксама ўзяў трэцяе месца прэміі Гедройца, са зборнікам "Багун". Узнагарода за трэцяе месца — магчымасць апублікаваць яшчэ адну кнігу ў выдавецтве "Кнігазбор".
Другое месца за ўкараненне еўрапейскай культурнай традыцыі ў беларускім літаратурным працэсе — Альгерд Бахарэвіч з кнігай "Сабакі Эўропы". Яго на імпрэзе прадстаўляла дачка. Віншуючы яе, старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Барыс Пятровіч пажартаваў, што Бахарэвіч часцей за ўсіх беларускіх творцаў бывае на шведскай выспе Готланд. Альгерд Бахарэвіч ужо трэцім разам атрымаў другое месца прэміі Гедройца, а гэта значыць - і магчымасць адпачыць у Доме творчасці пісьменнікаў, што ў горадзе Вісбю на Готландзе. У 2016 годзе творца быў другім з кнігай "Белая муха, забойца мужчын", у 2015-м — на трэцім месцы з "Дзецьмі Аліндаркі", а ў 2012-м заняў другое месца з творам "Гамбургскі рахунак Бахарэвіча".
Першае месца за аднаўленне містычнай традыцыі ў беларускай прозе 21 стагоддзя — Уладзімір Арлоў з кнігай "Танцы над горадам". Пераможца атрымаў узнагароду (чэк на пяць тысяч еўра) асабіста. Яго прамова была кароткай: "Я дзякую ўсім танцорам і танцоркам, якія працягваюць танцаваць на дахах таго і гэтага свету".
Сёлета ўпершыню кнігі з шортліста прадстаўлялі публіцы буктрэйлерамі. Большасць ролікаў агучыў паэт Віталь Рыжкоў, некаторыя аўтары чыталі вытрымкі з сваіх твораў самі.
На цырымоніі выступіў пасол Польшчы ў Беларусі Артур Міхальскі. Зачытаўшы прамову па-беларуску, ён дадаў па-польску, што вельмі шануе беларускае слова і першае месца, якое ён наведаў у Мінску пасля прызначэння на пасаду пасла сёлета ў траўні, быў тэатр Янкі Купалы.
Цырымонія сабрала поўную залу.
Прэмія Гедройца ўручаецца ў Беларусі з 2012 года.