У мінскім метро знялі рэкламу канцэрта Вольскага (фотафакт)

Адзін дзень правісела ў мінскім метро рэклама канцэрта Лявона Вольскага 8 траўня ў Вільні – у пятніцу 31 сакавіка яе павесілі на ўваходзе на станцыю «Кастрычніцкая», у суботу 1 красавіка напрыканцы дня яе ўжо не было.

volski_reklama_byla.jpg


– Рэклама была размешчана па ўсіх правілах – папярэдняе ўзгадненне макета і 100% перадаплата за два тыдні. Але ўвечары 1 красавіка яе ўжо не было. Аналагічная сітуацыя з другім шчытом – на станцыі «Няміга». З пункту гледжання логікі сітуацыя цалкам абсурдная. Мы будзем дабівацца тлумачэнняў, – распавёў арганізатар канцэрта Зміцер Каспяровіч.


volski_reklama_niama.jpg


Днямі арганізатары канцэрта Лявона Вольскага ў Вільні абвесцілі, што выдаткоўваюць 50 бясплатных запрашальнікаў для тых, каму былі прысуджаныя адміністратыўныя арышты за ўдзел у акцыі на Дзень Волі. Звяртацца па запрашальнікі да арганізатараў трэба да 15 красавіка.


volski_photo02.jpg


Вялікі сольны канцэрт Лявона Вольскага мае адбыцца 8 траўня ў віленскім клубе Vakaris Vilnius. Музыка разам з беларуска-нарвежскім калектывам прадставіць 2,5-гадзінную праграму «172» – ад «Мроі» да «Псіхасаматыкі». Беларусы маюць магчымасць атрымаць бясплатныя візы. Пакрокавая інструкцыя і інфармацыя па квітках на сайце www.turmuz.by.
Паводле прэс-рэлізу