Лявон Вольскі: Трэба падтрымліваць тых, хто пацярпеў незаконна
Арганізатары травеньскага канцэрта Лявона Вольскага ў Вільні і сам музыка аб'яўляюць акцыю: 50 чалавек, якіх пасадзілі на 10 і болей сутак за Дзень Волі, маюць магчымасць бясплатна трапіць на выступ.
"Гэта вельмі правільны шлях, таму што трэба падтрымліваць тых, хто пацярпеў незаконна,— каментуе ідэю і тое, што сам бачыў падчас Дня Волі ў Мінску, Лявон Вольскі. — І ўсе могуць трапіць у такую ж сітуацыю, і на мітынгу, і проста на вуліцы. Я таксама там быў, і было відаць, што людзі змяніліся. Раней баяліся, былі больш безабаронныя, а цяпер мне кінулася ў вочы, што агульная маса не баялася. Нават пры тых затрыманнях, калі вялі, ніхто асабліва не крычаў і не плакаў. Мне спадабалася, як адрэагавала грамадскасць на затрыманні, як людзі ў фэйсбуку пачалі збіраць сродкі, рэакцыі музыкаў".
Па словах арганізатара канцэрта Змітра Каспяровіча, найперш шанец трапіць бясплатна на канцэрт Вольскага 8 траўня ў віленскім клубе Vakaris Vilnius маюць тыя, хто атрымаў шмат сутак. Але ўсё будзе вырашацца па сітуацыі:
"Таксама маюць шанец паехаць на канцэрт і тыя, хто пяць сутак атрымаў, калі не набярэцца 50 чалавек "дзесяцісутачнікаў". Натуральна, што людзі, якія трапілі ў шпіталі ў выніку дзеянняў сілавікоў, таксама могуць разлічваць на бясплатны праход".
Па ўсіх пытаннях наконт бясплатнага праходу трэба звяртацца да Змітра Каспяровіча.
На канцэрце Лявон Вольскі прадставіць праграму “172” з найлепшымі песнямі за ўсю кар'еру.
euroradio.fm