Адзін за ўсіх
Пасля 25 сакавіка грамадства задаецца двума адвечнымі пытаннямі: «Што рабіць?» і «Хто вінаваты?». Прычым апошняе пытанне выклікае шмат розных канспіралагічных версій.
Некаторыя ўпэўнена кажуць, што кагорта «ястрабаў» у атачэнні Аляксандра Рыгоравіча перамагла кагорту «галубоў». Іншыя намякаюць, што такім чынам падначаленыя спадара Шуневіча дэманструюць сваю патрэбнасць і супраціўляюцца «аптымізацыі» міліцэйскага ведамства. Трэція мяркуюць, што разгонам дэманстрантаў кіраваў сын Лукашэнкі Віктар, і спасылаюцца на амаль такія ж дзеянняў сілавікоў у 2006-м, падчас знакамітага «шэсця Казуліна». Тады таксама на народ кінулі спецвойскі, узброеныя шчытамі і ружжамі са слезацечным газам. І тады, маўляў, працэсам таксама кіраваў Віктар.
Аматарам гэтых версій я б параіў не шукаць чорную котку ў цёмным пакоі. Па адной простай прычыне. Ніводзін міністр, хай сабе і Шуневіч, ніводзін «ястраб» і ніводзін дарадца кіраўніка дзяржавы, хай сабе і па нацыянальнай бяспецы, хай сабе і сын, не мае дастатковых паўнамоцтваў у нашай краіне, каб вывесці на вуліцу такую колькасць сілавікоў. Насамрэч, гэта агромністы кавалак працы, у тым ліку па ўзгадненні паміж ведамствамі. Трэба «паставіць пад ружжо асабовы склад» падраздзяленняў, трэба выдаць ім амуніцыю і экіпіроўку, арганізаваць транспарт, праезд, размеркаванне… Даць «сухпай», нарэшце. І гэтак далей.
Такія маштабныя вучэнні проста немагчыма арганізаваць без ведама і ўхвалення галоўнакамандуючага. А галоўнакамандуючы ў нас хто?
А значыць, за «зачыстку» у Мінску 25 сакавіка адказвае таксама асабіста ён. Такім чынам, мы разумеем, хто вінаваты. Ён жа павінен адказваць на другое пытанне: «Што рабіць?» І ў гэтым яму не пазайздросціш.
Расчараванне падзеямі 25 сакавіка амаль адразу выказалі прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда і маршал Сената Станіслаў Карчэўскі, кіраўнік БДІПЧ АБСЕ Ханс Георг Лінк, лідар Еўрапейскай народнай партыі, якая валодае найбуйнейшай фракцыяй у Еўрапарламенце, Жозэф Доль. Але найбольш небяспечнымі для афіцыйнага Мінска сталі заявы прэс-сакратара вярхоўнага камісара ЕС па знешняй палітыцы Маі Качыянчыч, («крокі, што прымаюцца Беларуссю, калі гаворка ідзе пра павагу ўніверсальных асноўных свабодаў, вяршэнства закона і правоў чалавека, будуць заставацца ключавымі для фармавання адносін ЕС з гэтай краінай») і «глыбокая занепакоенасць», выказаная пасольствам ЗША.
Менавіта ЕС і ЗША ўплываюць на фінансавыя патокі, якіх так прагне Сінявокая. Гэта і крэдыт Міжнароднага валютнага фонду, і супрацоўніцтва з Сусветным банкам (на тыдні была агучаная інфармацыя, што гэты банк пачаў распрацоўку новай стратэгіі для Беларусі, разлічанай на 2018–2021 гады) і грошы з іншых еўрапейскіх крыніц. Відавочна, што пры такім раскладзе палітыка не можа не ўплываць, і непазбежна будзе ўплываць на эканоміку.
Ці дойдзе справа да санкцый? Наўрад ці. Ужо агучана, што гэтае пытанне будзе разглядацца тады, калі ў Беларусі з’явяцца новыя палітвязні. Прычым, «сутачнікаў» міжнародная супольнасць вязнямі не лічыць. Можна пагадзіцца з палітолагам, аглядальнікам «Радыё Свабода» Юрыем Дракахрустам, які мяркуе, што да «вялікага бізуна» справа наўрад ці дойдзе. Але ў той жа час ён адзначае, што не будзе і «пернікаў» у выглядзе крэдытаў, прэферэнцый і іншага.
Але якраз тое, што «не будзе пернікаў», і ёсць самым кепскім. Бо грошы нам неабходныя. Расія іх не дае, як не дае таннага газу і нафты, — ужо год гэтую спрэчку вырашыць не можам. Калі і Захад не дапаможа — фіг вам, а не заробак па $500.
А без павышэння ўзроўню дабрабыту сацыяльная напружанасць будзе толькі нарастаць. Прычым нарастае яна ўжо зараз. Усё часцей і часцей чуюцца ўжо не скаргі на гаротнае жыццё — народ пераходзіць да дзеянняў.
На тыдні ў Брэсце забаранілі пікет з трох чалавек супраць павышэння коштаў на ЖКГ. Яго мелі намер правесці актывісты Беларускай партыі левых «Справядлівы свет». Паводле заяўкі, мерапрыемства павінна было прайсці днём 1 красавіка на пешаходнай вуліцы Савецкая насупраць кінатэатра «Беларусь». Чакалася, што падчас пікету актывісты будуць збіраць подпісы пад адпаведным зваротам Лукашэнку.
Мясцовыя ўлады не санкцыянавалі акцыю, бо заяўленае месца не ўваходзіць у пералік дазволеных месцаў для масавых мерапрыемстваў.
У Барысаве пенсіянеры пачалі галадоўку, бо не могуць сплаціць крэдыт у 800 рублёў. Калі яны бралі гэты крэдыт, яны працавалі, а потым іх скарацілі, бо «пенсіянеры непатрэбныя». У выніку ўзнікла запазычанасць, а дзеці дапамагчы не могуць: дачка ў дэкрэце, сын атрымлівае 200 рублёў заробку. Не дапамаглі ім належным чынам і ў выканкаме.
«Лукашэнка крычыць, што калі дужа цяжка, то ідзіце да ўладаў, а насамрэч гэта брахня і хлусня, — кажа 59-гадовая Наталля Фёдараўна. — Мы ўсё жыццё спадзяваліся на саміх сябе, нічога не прасілі ні ў каго. А тут няма працы, няма нічога. Што нам рабіць?»
Галоўнае ў гэтай сітуацыі тое, каго вінаваціць пенсіянерка ў немагчымасці знайсці працу і сплаціць крэдыт. Таго, хто «крычыць, што калі дужа цяжка, то ідзіце да ўладаў». І гэта паказчык, хто за ўсё адказны.
Не сакрэт, што ў нас закрэдытаваная палова краіны. З пагаршэннем эканамічнага становішча такіх гісторый будзе ўсё больш і больш. А вінаватым будзе ўсё роўна Аляксандр Рыгоравіч. Бо гэта ён абяцаў стварыць 50 тысяч працоўных месцаў штогод, забяспечыць усім заробак «па 500» і гэтак далей. На гэта людзі і разлічвалі, калі бралі крэдыты пад маштабныя праекты.
І за абяцанні давядзецца адказваць.