Якое права мае расійскі пасол ухваляць дзеянні беларускіх сілавікоў?
Гледзячы па заявах расійскага пасла ў Беларусі Аляксандра Сурыкава, маюць рацыю тыя, хто выказваў канспіралагічныя меркаванні пра «расійскія вушы» падчас брутальных дзеянняў беларускіх сілавых структураў апошнімі тыднямі.
На прэс-канферэнцыі ў Мінску 30 сакавіка расійскі дыпламат фактычна ўхваліў дзеянні беларускіх уладаў у сталіцы нашай краіны 25 сакавіка, калі спецслужбы схапілі і збілі сотні людзей, што хацелі адзначыць Дзень Волі і выказаць свой пратэст супраць «дармаедскага» дэкрэту Лукашэнкі №3. Дзясяткі грамадзян апынуліся ў вязніцах і былі асуджаныя на многія суткі адміністрацыйнага арышту альбо на велізарныя (нават не толькі па беларускіх мерках) штрафы.
«Цалкам падзяляю прафесіяналізм уладаў, якія купіравалі магчымасць правядзення маршу і не далі магчымасці для выпадковага ўдару. Маглі пацярпець людзі», — заявіў Сурыкаў.
А што, ад найжорсткіх дзеянняў сілавікоў 25 сакавіка не пацярпелі людзі? Маладыя і старыя, жанчыны і інваліды, якіх бязлітасна збівалі дубінкамі здаравенныя абмалы ў форме АМАПу? Грамадзяне Беларусі, якія вырашылі скарыстацца сваім гарантаваным Канстытуцыяй правам на свабоду сходаў, выказвання думак, меркаванняў, а таксама журналісты, якіх хапалі і збівалі толькі за тое, што яны выконвалі свае прафесійныя абавязкі, таксама гарантаваныя Асноўнымі законам і іншымі дзяржаўнымі актамі і міжнароднымі і абавязацельствамі?
Відаць, «выбітны дыпламат», «Сан Саныч», як яго часцяком называе беларускі правадыр, лічыць нармальным аналагічнае таму, што адбываецца на яго радзіме ў Расіі. Там пуцінскія служкі таксама хапаюць і лупцуюць апанентаў улады, безліч людзей апынаецца ў пастарунках і паўстае перад судамі. І цяпер ужо цяжка сказаць, хто ў каго вучыцца змагацца з незадаволенымі палітыкай уладаў суайчыннікамі — Пуцін у Лукашэнкі ці наадварот. Відавочна, што Сурыкаў спрабуе назваць добрым тое, што такім з’яўляецца з яго пункту гледжання.
Дарэчы, пра які такі «выпадковы ўдар» трызніў расійскі пасол? Ад каго ён яго чакаў, з чыйго баку? Вось пытанне да гэтага дыпламата. «На плошчы адбываюцца рэвалюцыі і пакутуе народ. Калі ёсць небяспека, што ў гэты марш альбо мітынг можа быць умантавана нешта немаведама што, улада паводзіць сябе абсалютна правільна», — дадаў Сурыкаў.
Што і хто збіраўся «ўмантоўваць» у мітынг ці дэманстрацыю 25 сакавіка ў Мінску, якія нават не адбыліся, бо былі гвалтоўна разагнаныя яшчэ да іх пачатку? Мо, былы расійскі губернатар ведае гэта лепш за іншых?
І ўвогуле, ужо не першы раз даводзіцца задаваць пытанне: якое права мае пасол чужой краіны даваць ацэнкі ўнутрыпалітычным падзеям і сітуацыі па месцы выканання сваіх прафесійных абавязкаў? У кампетэнцыі Сурыкава зусім іншыя пытанні і праблематыка. Але ён ужо не першы раз лезе са сваімі заявамі ў тыя сферы, якія яго аніяк не тычацца. У тым ліку і ва ўнутраную палітыку Беларусі. Нафтагазавыя, малочныя, садавіна-гароднінныя войны паміж Расіяй і Беларуссю — гэта толькі малая частка праблем, якія павінны былі б хваляваць Сурыкава. Аднак, не.
І яшчэ адна заўвага. Магчыма, вуснамі Сурыкава дзеянні Мінска ўхваліў Крэмль, задаволены, як улады Беларусі вярнуліся да барацьбы з «пятай калонай» — нацыянальна-дэмакратычнымі актывістамі, незалежнымі журналістамі і гэтак далей. Магчыма, такім чынам правадыр Беларусі і ягонае атачэнне спрабуюць залагодзіць расійскае кіраўніцтва, бо эканамічная сітуацыя ў Сінявокай ужо проста непрыстойная. І надзеі, перш за ўсё, толькі на Белакаменную. Вось і б’юць сваіх, каб выслужыцца перад чужынцамі за танныя «кубаметр газа ці барэль нафты».
Але такое выслужванне можа абярнуцца вельмі балюча. Асабліва калі вось такія замежныя дыпламаты будуць падначваць беларускае начальства, якое, як падаецца, ужо зусім не ведае, што рабіць далей.