«Танець у цирку» ад Angie і Buben: украінскія вершы знайшлі беларускую электроніку
Украінка Анжэла Багачэнка (Angie Siveria) і беларускі электронны музыка Улад Бубен выпусцілі міні-альбом лічбавай паэзіі «Танець у цирку».
У міньён увайшлі актуальныя вершы паэткі на ўкраінскай мове і аўтарская музыка Ўлада. Студыйная супраца стала працягам жывых імправізацый, якія адбыліся ўвесну ў Мінску ў межах праекта Tandem. Тады Анжэла і Алесь Плотка (Baisan) правялі вечар вершаў разам з Уладзіславам Бубенам, Леанідам Нарушэвічам («Князь Мышкин») і Фрэдам Самотным.
Анжэла Багачэнка
– «Усё спантанна, пасля знаёмства на сцэне я не змагла адмовіцца ад прапановы беларусаў нешта зафіксаваць студыйна, — каментуе паэтка. — Да таго ж ужо быў пазітыўны досвед працы над маёй відэапаэзіяй з нямецкім кампазітарам Оскарам Шустэрам. У праекце з Бубенам напісаныя словы атрымалі новыя афарбоўкі і акцэнты: гэта асобнае жыццё гэтых вершаў, новая рэальнасць старшых словаў».
Анжэла зараз займаецца стварэннем відэа для вершаў Рамана Рэзніка («Немного Нервно») і графічнымі і ілюстрацыйнымі працамі. Праект «Україна читає Лема» будзе шчэ двойчы паказаны ў гэтым годзе на фестывалях ва Ўкраіне і Польшчы. У планах супрацы з Беларуссю — публікацыя відэа з мінскага канцэрта з відэашэрагам Анжэлы і выхад у часопісе «Маладосць» нізкі вершаў (пераклад на беларускую — Алесь Плотка). Ён выйдзе ў першыя дні восені, ў пачатку верасня, праз тры месяцы пасля міні-альбома.