Кнігу «100 сацыяльных інавацый з Фінляндыі» прэзентавалі ў Мінску

У межах Тыдня Швецыі ў Мінску Цэнтр шведскіх даследаванняў, дзе можна вывучаць і іншыя скандынаўскія мовы, супольна з Аддзяленнем Амбасады Фінляндыі ў Беларусі зладзіў прэзентацыю кнігі «100 сацыяльных інавацый з Фінляндыі».

2017_05_30_f_nljandyja_a.liaszkievicz_img_0439_logo.jpg

Кніга змяшчае кароткія артыкулы кшталту энцыклапедычных, але напісаных вельмі жывой мовай спецыялістамі ў сваёй галіне. Выданне фактычна з’яўляецца даведнікам пра розныя бакі жыцця Фінляндыі, але даведнікам не турыстычным. Гэта хутчэй кніга для ахвочых паглядзець на краіну знутры, вачыма саміх фінаў. 100 артыкулаў сабраў пад адной вокладкай Ілка Тайпале — лекар і грамадскі дзеяч, у нядаўнім мінулым — дэпутат фінскага парламенту і заснавальнік фінскага філіяла міжнароднай арганізацыі «Урачы свету за прадухіленне ядзернай вайны». ТОП-5 самых істотных навацый назвала для «Новага часу» Вапу Тайпале, жонка ўкладальніка і грамадская дзяячка.

Вапу і Ілка Тайпале

Вапу і Ілка Тайпале

На першым месцы яна паставіла магчымасць атрымаць адукацыю задарма, ад базавай школы да ўніверсітэта. У фінскай сістэме адукацыі 4 прыступкі: пасля базавай школы навучэнцы паступаюць у ліцэі (гімназіі) альбо прафесійныя вучэльні, потым — ва ўніверсітэт (бакалаўрыят і магістратура). Конкурс у навучальныя ўстановы грунтуецца на балах выпускных адзнак. «Адукацыйных тупікоў» няма, любы навучэнец пасля заканчэння любой школы можа падаць заяву ў любую навучальную ўстанову больш высокай ступені. Што цікава, фінская універсітэцкая адукацыя дармовая і для замежных навучэнцаў.
Другая істотная фінская сацыяльная інавацыя — развітая грамадзянская супольнасць, за што Фінляндыю часам нават завуць «краінай грамадзянскіх суполак». Іх дзейнічае каля 100 тысяч, і ўваходзіць туды больш за чатыры пятыя насельніцтва. Шматлікія фіны з’яўляюцца сябрамі адразу шэрагу грамадскіх арганізацый. З гэтага пункту гледжання жыхары Фінляндыі, як і ўсёй Скандынавіі, — адны з самых актыўных удзельнікаў грамадзянскай дзейнасці ў свеце. З канца 1970-х колькасць культурных ды спартыўных суполак значна перавышае колькасць партыйна-ідэйных. Папулярнасць карыстаюцца групоўкі кшталту «Таварыства саўны» (а саўн у Фінляндыі, па сціплых падліках, больш за 2 мільёны).
На трэцім месцы, на думку Вапу Тайпале, — незалежнасць органаў мясцовага самакіравання. Муніцыпальнымі адзінкамі («камунамі») кіруюць самі жыхары праз выбарную Раду камуны. Асновай сістэмы мясцовага самакіравання з’яўляецца права збіраць і размяркоўваць падаткі. Кампетэнцыя Рады камуны даволі шырокая, а яе галоўная мэта — забеспячэнне грамадзян шырокім спектрам якасных паслуг.
На чацвертым месцы, на думку Вапу Тайпале, — шлях кансэнсусу ў палітыцы. Рашэнні прымаюцца пасля перамоў, па прынцыпе кваліфікаванай большасці, дзейнічаюць кааліцыйныя ўрады. Шматпартыйнасць як праява французска-германскай палітычнай традыцыі атрымала ў Фінляндыі перавагу над англасаксонскай мадэллю большасці, калі ад выбарчай акругі вылучаецца толькі адзін дэлегат.
Пятая фінская інавацыя – сямейная палітыка, арыентаваная на забеспячэнне гендэрнай роўнасці. Вапу Тайпале акурат была міністаркай , калі сістэма падтрымкі сем’яў аформілася ў яе актуальным выглядзе. Фіны ганарацца сваімі дашкольнымі ўстановамі, адпачынкам па доглядзе дзіцяці для яго бацькі, камплектам, што выдае дзяржава маладой маці, дармовымі гарачымі абедамі ў школах, дапамогай на догляд нямоглых родзічаў, жаночымі кансультацыямі...
Гендэрнай роўнасці была прысвечана вялікая частка прамоў падчас прэзентацыі. Глава Аддзялення Амбасады Фінляндыі ў Беларусі Лаўры Пулола казаў пра неабходнасць адыходзіць ад патрыярхальных стэрэатыпаў: «Каб змянілася стаўленне людей да гендэрных пытанняў, патрэбны час. У Беларусі жанчыны адыгрываюць вялікую ролю ў грамадскім жыцці, 80 адсоткаў прысутных у гэтай залі – жанчыны. Але варта глядзець глыбей, не толькі на колькасныя паказчыкі, звярнуць увагу, як рэалізуецца ўлада ў адносінах між мужчынамі і жанчынамі».
Спецыялістка па праграмнай дзейнасці Фонду ААН у галіне народанасельніцтва (ЮНФПА) ў Беларусі Вольга Лукашкова распавяла, як у Беларусі прыжываюцца сацыяльныя навацыі, звязаныя з павышэннем уцягненасці бацькі ў выхаванне дзяцей: «Спачатку ў нас ідэя бацькоўскага адпачынка была сустрэта скептычна, а зараз мы маем законапраект, што яе прасоўвае. Менавіта падыход, арыентаваны на эмацыйную сувязь бацькі з дзіцём, паспрыяе дасягненню гендэрнай роўнасці ў Беларусі. Мы ладзілі шэраг азнаямляльных візітаў у Фінляндыю для прадстаунікоў беларускіх дзяржаўных устаноў і грамадскіх арганізацый. Нам падаўся вартым пераймання вопыт, калі маладая сям’я атрымлівае не грашовую дапамогу наўпрост, а той жа бацькоўскі адпачынак, мацярынскія наборы, дармовую дашкольную адукацыю».
Пытанні гендэрнай роўнасці цікавілі і аўдыторыю. Напрыклад, прагучала пытанне «Як пагадзіць між сабой тэзу пра сэксуальную свабоду і пра тое, што мець дзяцей — гэта добра?». Адказ быў наступным: у Фінляндыі ў 1970-м былі дэкрыміналізаваныя аборты і адразу пачалася інтэнсіўная сэксуальная адукацыя, да якой дзеці далучаюцца з дашкольнага ўзросту. Таму ў краіне нізкія паказчыкі падлеткавай цяжарнасці: каля 100 выпадкаў на год. Дзіця пакідаюць прыкладна ў палове выпадкаў. Павышэння нараджальнасці варта дасягаць шляхам паляпшэння эканамічнага становішча маладых сем’яў, а не забароны сэксуальнай адукацыі, абортаў, супрацьзачатачных сродкаў і г. д. Шлях забарон не працуе: у Італіі забаронена ўсё, што толькі можна, а паказчык нараджальнасці там усё роўна 1,2.
На мой погляд, для Беларусі актуальны вопыт Фінляндыі ў галіне двухмоўя. Статус дзяржаўных маюць фінская і шведская мовы, хаця на апошняй гутарыць значна меншая частка насельніцтва. Тым не менш, шведскую вывучаюць усе фінскія школьнікі. Мне даводзілася чуць, што жыхары ўсходняй Фінляндыі часам не карыстаюцца шведскай мовай ні разу пасля школы і з большай ахвотай вывучалі б рускую, якая можа прыдацца для кантактаў з бізнэс-партнёрамі. У той жа час у фінскіх школах, як і ўва ўсёй Скандынавіі, на вельмі высокім узроўні выкладаецца ангельская. Падчас сваёй вучобы ў Швецыі і вандровак па Скандынавіі я сустрэла толькі двух чалавек, якія не змаглі хоць неяк зразумець мяне па-англійску. Адзін быў эмігрант з Польшчы, які і шведскую засвоіў з вялікімі складанасцямі, а другі — зусім стары дзядуля, што працаваў рамеснікам у стакгольмскім Скансэне. Таму, на мой погляд, вялікае пытанне, што лічыць «першай замежнай мовай» для большасці фінаў — шведскую ці англійскую. Але ў любым выпадку шведскай валодаюць усе фіны.
Пераклад «100 сацыяльных інавацый з Фінляндыі» зрабіў Якуб Лапатка. Такім чынам беларуская стала 27-й мовай свету, на якой выдадзеная кніга. Рыхтуюцца пераклады яшчэ на 10 моў. Лаўры Пулола паведаміў, што па колькасці перакладаў гэта адна з самых папулярных фінскіх кніг. Праўда, саступае «Калевале». Вапу Тайпале кажа, што найчасцей пераклады – гэта прыватная ініцыятыва, адмысловай прамоцыяй яны з Ілка не займаюцца. Ідэя кнігі з’явілася ў 1999-м, падчас першага прэзідэнцтва Фінляндыі ў Еўрасаюзе. Дарэчы, уваходжанне ў гэту структуру і абмежаванне продажу алкаголю — адзіныя пытанні, якія выносіліся ў Фінляндыі на рэферэндум.

Помнік Леніну ў фінскім горадзе Турку. 2009 г.

Помнік Леніну ў фінскім горадзе Турку. 2009 г.

У 1999-м кнігі не атрымалася, яна выйшла падчас другога прэзідэнцтва ў 2006-м адначасова па-фінску і па-англійску. Па-беларуску выдадзеная ў 2017-м, калі Фінляндыя святкуе стагоддзе сваёй незалежнасці. За яе здабыццё фіны ўдзячныя Уладзіміру Ільічу Леніну, які «дазволіў» выхад Вялікага княства Фінляндскага са складу Расіі. У фінскім горадзе Тамперэ нават дзейнічае музей Леніна. Натуральна, незалежнасць трэба было яшчэ адстаяць, што фіны і зрабілі падчас Зімовай вайны з СССР у 1939 – 1940-м гг. Прыбалтыйскім краінам, як вядома, пашанцавала менш: атрымаўшы такія ж «дазволы», яны перад Другой сусветнай вайной былі ўлучаныя ў склад СССР.

Вольга Рызмакова, каардынатарка праектаў Аддзялення Амбасады Фінляндыі

Вольга Рызмакова, каардынатарка праектаў Аддзялення Амбасады Фінляндыі

Як паведаміла каардынатарка праектаў Аддзялення Амбасады Фінляндыі ў Беларусі Вольга Рызмакова, рэалізацыяй кнігі «100 сацыяльных інавацый з Фінляндыі» будзе займацца выдавец, Уладзімір Сіўчыкаў. Добрая магчымасць набыць выданне будзе 29 ліпеня ля мінскай Ратушы, дзе пройдзе фестываль фінскага танга. Гэты танец — таксама адна з інавацый, пра якія паведамляаецца ў кнізе. Гэты від танга ўзнік шляхам перараджэння аргенцінскіх і кубінскіх мелодый на фінскай глебе. Адносна лацінаамерыканскіх аналогій фінскія варыянты — вельмі спакойныя і цнатлівыя. Як піша кампазітар Пека Ялканен, «фінскае танга – гэта амаль нацыянальны фінскі гімн». Таму прыходзьце на фестываль, будзе цікава!

Злева направа: амбасадар Фінляндыі Крыстар Мікельсан, каардынатарка праектаў Аддзялення Амбасады Фінляндыі ў Беларусі Вольга Рызмакова, Вапу Тайпале і яе муж Ілка, укладальнік кнігі «100 сацыяльных інавацый з Фінляндыі», глава Аддзялення Амбасады Фінляндыі ў Беларусі Лаўры Пулола, спецыялістка па праграмнай дзейнасці Фонду ААН у галіне народанасельніцтва (ЮНФПА) ў Беларусі Вольга Лукашкова

Злева направа: амбасадар Фінляндыі Крыстар Мікельсан, каардынатарка праектаў Аддзялення Амбасады Фінляндыі ў Беларусі Вольга Рызмакова, Вапу Тайпале і яе муж Ілка, укладальнік кнігі «100 сацыяльных інавацый з Фінляндыі», глава Аддзялення Амбасады Фінляндыі ў Беларусі Лаўры Пулола, спецыялістка па праграмнай дзейнасці Фонду ААН у галіне народанасельніцтва (ЮНФПА) ў Беларусі Вольга Лукашкова