Святлана Воўчак: Калі я хачу, каб у Беларусі нешта было, трэба ствараць самой
Як заахвоціць навукоўцаў пасля ўніверсітэту не з'язджаць і заставацца працаваць на карысць Беларусі? У папулярызатаркі фізікі Святланы Воўчак ёсць адказ!
Валоданне беларускай мовай, асабліва ў замежжы, павялічваецца. Але ці многія змогуць расказваць пра законы фізікі па-белуруску, а дадаткова выдаваць навуковы часопіс пра фізіку па-беларуску? Гэта ды многае іншае робіць гераіня эфіру «Польскага радыё» Святлана Воўчак.
Святлана Воўчак — папулярызатарка фізікі, валанцёрка, актывістка, якая стаяла ля вытокаў моладзевай арганізацыі «Фаланстэр», да 2020 году выкладала ў БДУ на факультэце радыёфізікі, звольненая ў выніку актыўнай грамадскай пазіцыі, за якую тройчы адбывала арышт. Святлана рэдагавала беларускую «Вікіпедыю» на тэму фізікі, разам з аднадумцамі выдае навуковы зін «PAMYŁKA», любіць маляваць і стварае каляндар, тэматыка якога, натуральна, фізіка. А яшчэ Святлана марыць стварыць месца навукі ў Беларусі «Вялікі Палескі Калайдар».
У эміграцыі Святлана была вымушаная адаптавацца да новых умоў, але не здрадзіла свайму захапленню. Яна распачала ўласныя адукацыйныя праекты, займаецца рэпетытарствам, робіць адкрытыя лекцыі і відэа ды выкладае ўсё гэта на свой YouTube.
Цікавасць да нечага нараджаецца з таго, што ты хочаш быць да некага падобным, кажа Святлана. У яе выпадку гэта быў бацька, таксама фізік:
— Ён заўжды мог распачаць дыялог на фізічную ды і не толькі тэму. Хадзячая энцыклапедыя. Мне падабалася, што ён заўжды быў у настроі. Яго праца была і яго хобі. Ён працаваў з раніцы да ночы. Тым не менш, у яго хапала сіл расказваць гісторыі пра навуку.
Калі настаўнік не цікавы, то і прадмет здаецца такім жа. Калі Святлана раздзяліла гэтыя дзве рэчы, то пачала шукаць людзей, якія выкладалі фізіку цікава:
— Гэта людзі з гісторыяй. Гэта той жа Стывен Хокінг, які напісаў цудоўныя, натхняльныя кнігі. Я чытала пра навукоўцаў, як яны рабілі фізічныя адкрыцці. Я пабачыла іх з іншага боку. Што гэта не сухія людзі, як пра іх пішуць у падручніках. Я прачытала, што Галілей сядзеў у нейкім храме, там вагалася жырандоля. Ён вырашыў замерыць час вагання жырандолі. Але ў той час не было гадзінніка, і ён замяраў час пры дапамозе ўласнага пульсу. І гэта настолькі натхняльна! Галілей заўважыў, што пры невялічкіх ваганнях час аднолькавы. З’ява атрымала назву «маятнік», а яго законы з цікавасці, як працуе свет, пачаў адкрываць Галілей.
Яшчэ працуючы выкладчыцай фізікі ў БДУ, Святлана адчувала недахоп супольнасці навукоўцаў-фізікаў:
— Да 2020 года я шэсць гадоў працавала ў БДУ, на факультэце радыёфізікі. Калі ў 2020-м мяне звольнілі, я пачала разумець, што ў Беларусі няма супольнасці навукоўцаў-фізікаў. Гэтая думка круцілася ў мяне ў галаве. Так я зачапіла свайго старога знаёмага Юру Адамава. Мы сустрэліся, і ён кажа, што, на жаль, няма беларускамоўных часопісаў пра сціслую навуку. Тады я яму кажу: «Юра, дык давай зробім часопіс!»
Так і атрымалася. Не спяшаючыся, сябры пачалі збіраць артыкулы, паступова да іх далучаліся іншыя людзі. Увесну 2023 года ўдалося выдаць першы нумар зіна «PAMYŁKA».
— Адчулася, што людзям гэта цікава, людзі сапраўды пачалі замаўляць часопіс. Прытым, што мы прадавалі яго не ў Беларусі (там яго можна проста спампаваць). Вясной выйшаў першы нумар, на жаль, Юру Адамава якраз пасадзілі, яму далі тры гады. Гэта драматычная частка стварэння часопіса. У рэдакцыі мы палічылі, што другі нумар прысвецім Юру. Мы хочам паказаць, што мы пра яго памятаем, што ён супер разумны і круты. У нас быў адзін артыкул, які мы аблічбавалі і дадалі ў часопіс. Юра мяне асабліва натхніў тым, што пісаў лісты палітзняволеным, апісваючы фізічныя цікавосткі. Ён даслаў мне фота лістоў. Гэта, напрыклад, дзесяць старонак напісанага ад рукі тэксту, які, па сутнасці, з’яўляецца артыкулам у часопіс. Гэта вельмі высокаўзроўневы тэкст. Вядома, што ты не ведаеш, ці ліст дойдзе да палітвязня. Таму мы таксама хацелі даць другое жыццё лісту. У другі нумар ужо большая колькасць людзей запрапанавала свае артыкулы. У нас назбіралася прыкладна дзесяць, — расказвае Святлана.
Працуючы на факультэце радыёфізікі, Святлана пачала выкарыстоўваць беларускую мову ў практыкаваннях са студэнтамі, рэдагаваць артыкулы на тэму фізікі ў «Вікіпедыі». Каб навуковая мова развівалася, ёй павінны карыстацца навукоўцы, перакананая фізік:
— Калі я яшчэ працавала на факультэце радыёфізікі, я падышла да загадчыка кафедры і сказала, што было б цікава нешта выкладаць на беларускай мове. Ён пасмяяўся, сказаў, што гэта будзе смешна гучаць. Але гэтая ідэя пра беларускую мову мяне турбавала. Я пачала даваць студэнтам заданне рэдагаваць беларускую «Вікіпедыю» на тэму фізікі. Гэта вельмі крутая тэма. Гэта вельмі магутная ўлада тэксту над чалавекам. Гэта быў мой першы вялікі крок да беларускай мовы ў навуцы. Таксама да мяне ў групу прыйшла дзяўчына, якая адна за доўгі час размаўляла на беларускай мове пастаянна. Я бачыла, што яна чытае метадычкі на рускай мове, а пасля адказвае мне на беларускай. Мяне гэта вельмі натхніла і ўразіла. Я вырашыла, што пакрыху буду размаўляць на беларускай мове на лабараторных работах. Пачаткова гэта была трасянка, не было проста, але гэта быў крок насустрач мове.
А яшчэ Святлана марыць стварыць месца навукі ў Беларусі «Вялікі Палескі Калайдар». Без месцаў, дзе навукоўцы маглі б займацца навуковай працай, яны будуць з’язджаць з краіны, перакананая яна:
— Палессе, па-першае, вельмі круты рэгіён. Было б крута разгарнуць там нейкія сучасныя машыны, на якіх маглі б працаваць сучасныя навукоўцы, калі яны будуць вяртацца з усяго свету ў іншую Беларусь і разам працаваць у галіне навукі. Універсітэты рыхтуюць навукоўцаў, але пасля ўніверсітэта яны не ведаюць куды ісці, дзе навукоўцы патрэбныя. Таму факультэты матэматыкі і фізікі часта рыхтуюць праграмістаў. Праграміст ведае, куды ісці на працу ўладкоўвацца, а фізік — не, ці зарплата маленькая. Я адчула, што калі я хачу, каб у Беларусі нешта было, то трэба ствараць самой. Не хапае такіх месцаў, таму людзі і з’язджаюць. Ствараць такія месцы павінны мы самі. Пакуль такіх месцаў не будзе, людзі будуць з’язджаць.
Калі прытрымлівацца пераканання, што захапленне да прадмета перадае настаўнік, то Святлана — выдатны гэтаму прыклад. Калі вам патрэбны настаўнік-фізік, заходзьце на старонку Святланы Воўчак, дзе ёсць неабходная інфармацыя, як з ёй звязацца.