Студэнты БДУ напісалі ўкраінскую дыктоўку
Імпрэза, прымеркаваная да Дня ўкраінскай пісьменнасці і друку, прайшла ў амбасадзе Украіны.
Украінскую дыктоўку 11 лістапада пісалі студэнты філалагічнага факультэта Белдзяржуніверсітэта, прадстаўнікі ўкраінскай дыяспары, а таксама амбасадар Ігар Кізім з супрацоўнікамі.
Перад прысутнымі з цёплымі прамовамі выступілі амбасадар Украіны Ігар Кізім, намеснік дэкана філфака БДУ Павел Навойчык і кіраўнік ГА "Ватра" Віктар Гутоўскі.
Украінскі дуэт Маргарыты Кучук і Алексея Апановіча выканаў кранальныя ўкраінскія песні.
Правяралі працы студэнтаў выкладчыца курсаў украінскай мовы Аксана Ціпліцкая і пісьменніца Наталля Бабіна. Аўтары найбольш пісьменных працаў атрымалі сувеніры ад амбасады.
Свята ўкраінскай пісьменнасці афіцыйна адзначаецца ва Украіне штогод 9 лістапада з 1997-га.
Уся краіна з 2009 года піша агульнанацыянальную дыктоўку. Апошнія два гады дыктоўкі ладзяцца таксама ў амбасадах краіны за мяжой. Другі год дыктоўка арганізуецца ва ўкраінскай амбасадзе ў Беларусі.
Фота Арцёма Лявы