Сотні чалавек прыйшлі развітацца ў Чырвоны касцёл з Рыгорам Барадуліным

У Мінску, у Чырвоным касцёле, пачалося развітанне з народным паэтам Беларусі Рыгорам Барадуліным, які памёр вечарам 2 сакавіка.



ryhor_baradulin3.jpg

Каля 9:40 труну з нябожчыкам занеслі ў храм.
Іграе арган, людзі ідуць да труны па цэнтральным праходзе, некалькі жанчын сядзяць і моляцца. У касцёле — некалькі сотняў чалавек, людзі паволі падыходзяць да труны.
З нябожчыкам развітаўся яго сябра, пісьменнік Уладзімір Някляеў.
Ксёндз прапанаваў, каб людзей паспела развітацца болей, падыходзіць да труны з двух бакоў.
А 10-й ксёндз пачаў чытаць малітву. Усе зайшлі ў касцёл.
Развіталіся старшыня Беларускага ПЭН-цэнтра Андрэй Хадановіч, кіраўнік выдавецтва «Мастацкая літаратура» Віктар Шніп, былы міністр культуры Анатоль Бутэвіч.
А 10:30 — касцёл поўны людзей, людзі шукаюць месца, дзе сесці. Чытаюць псалмы.
Прыйшоў развітацца першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч, пры якім Барадулін стаў народным паэтам. Прыйшлі пісьменнікі Барыс Пятровіч, Алесь Пашкевіч, Віктар Карамазаў.
Прыйшоў старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч. Прыйшоў паэт і перакладчык Сяргей Панізнік.
10:54
Людзей прыкметна паболела, чарга ад уваходу, уся труна патанае ў кветках.
Прыйшло кіраўніцтва праўладнага саюза пісьменнікаў — першы намеснік Чаргінца Генадзь Пашкоў і некалькі яго калегаў.
Прыйшла развітацца дырэктар Беларускага архіва-музея беларускай літаратуры Ганна Запартыка.
Пачынаецца імша. Мяркуецца, што зараз пройдзе развітальная паніхіда паводле грэка-каталіцкага абраду, бо Барадулін быў уніятам.
А 12.00 — імша паводле рыма-каталіцкага абраду. Пасля гэтага скажуць апошняе «Бывай».
nn.by