«Сямашка ды Кумпанія» прысвяцілі праграму Велазаводскаму мікрараёну
Праект «Віктар Сямашка ды Кумпанія» апублікаваў падвойнае прысвячэнне Велазаводскаму мікрараёну Мінска.
«Афіцыйна такога мікрараёну няма. Часцей яго называюць Велазаводскім пасёлкам альбо з нядаўняга часу Пралетаркай. Але я жыву тут ад нараджэння. Мая Радзіма пачынаецца адсюль, — кажа аўтар тэкстаў да праграмы «Матавіла» Віктар Сямашка. — Цяпер тут задумалі знесці паўсотню дамоў, у тым ліку тыя, што будавалі палонныя немцы, ды легендарную лазню на Фабрычнай. Баюся, што нашая даволі замкнёная й эклектычная тэрыторыя непадалёк ад цэнтру гораду зменіцца ня ў лепшы бок, а магла б стаць у перспектыве мінскім Ужупісам».
Вершы для праграмы напісаліся цягам 8 гадоў. Музычнае вырашэнне паўстала перадусім дзякуючы кампазітару й хормайстру Максіму Іўкіну (гурт «Балцкі Субстрат»). Першая дэманстрацыя «Матавілы» адбылася ў Лідзе ў Ga11ery ў акустычным фармаце. Акром імправізацыяў і загатовак, частка вершаў тады прагучала пад музыку Орды й Шапэна з дадаткам даксафона — інструмента, якія вынайшаў мясцовы музыка Аляксандар Блахін (гурт «Немо»). Другі паказ прайшоў у Магілеве ў «Цэнтры Кола» ў электрычным гучанні. Прычым, трэкліст перасякаўся з лідскім выступам толькі часткова.
Праграму «Матавіла» ў абодвух версіях — акустычнай лідскай і электрычнай магілеўскай — можна паслухаць і спампаваць праз акаўнт «Віктара Сямашкі ды Кумпаніі» на bandcamp.com. Выступ у Лідзе існуе й у больш поўным відэа-варыянце:
На суправаджальных да запісаў карцінках змешчаныя графічныя накіды Віктара Сямашкі-старэйшага.Асобныя спасылкі на абодва альбома:https://viktar-siamashka-and-company.bandcamp.com/album/matavi-a-acoustichttps://viktar-siamashka-and-company.bandcamp.com/album/matavi-a-electric
Паводле прэс-рэліза