Расійскія сілавікі перахапілі грузавік з біўнямі маманта, які ехаў у Беларусь
У Смаленскай вобласці сілавікі спынілі грузавік з біўнямі маманта, які ехаў у Беларусь, піша «Еўрарадыё». Узрост знаходак — не менш за 10 тысяч гадоў.
Расійскія сілавікі (супрацоўнікі паліцыі і ФСБ) у Смаленскай вобласці на аўтадарозе Масква — Мінск перахапілі грузавік з біўнямі маманта, які ехаў у Беларусь. Як інфармуе ria.ru, іх узрост складае не менш за 10 тысяч гадоў. Дазволу на вываз культурных каштоўнасцяў у кіроўцы не было. Мяркуецца, што біўні, а таксама іх фрагменты былі здабытыя ў Якуціі. Грузавік імі загрузілі ў расійскай сталіцы. Сілавікі налічылі больш за 60 мяхоў.
Эксперты засведчылі, што два біўні і тры фрагменты маюць асаблівую культурную каштоўнасць. Іх прыкладны кошт перавышае 650 тысяч расійскіх рублёў (каля 10 тысяч долараў). Па факце кантрабанды распачатая крымінальная справа.