«Санаторый пад клепсідрай»: анлайн-чытанні польскай літаратуры па-беларуску

Пераклад літаратуры пераадольвае адлегласці ў прасторы і часе, здымае моўную і культурную (сама)ізаляцыю, робіць далёкіх класікаў «сучаснікамі», а замежных сучаснікаў «землякамі». Што і пакажа цыкл анлайн-сустрэч з беларускімі перакладчыкамі польскай паэзіі і прозы.

image003_6.jpg

«Тут мы рэактывуем мінулы час
з усімі яго магчымасцямі, а значыць,і з магчымасцю ачуняць». Бруна Шульц «Санаторый пад клепсідрай»
Арганізаваны Польскім Інстытутам у Мінску пры падтрымцы выдавецтва «Логвінаў» цыкл «Санаторый пад клепсідрай» уключае літаратурныя чытанні і размовы пра культавых польскіх аўтараў ХХ-ХХІ стагоддзя, сярод якіх ёсць і нобелеўскія лаўрэаты і лаўрэаткі. Файная магчымасць, не пакідаючы кватэры, пачуць геніяльную паэзію, зацікавіцца актуальнай прозай, зарыентавацца ў найлепшых кніжных выданнях польскіх пісьменнікаў па-беларуску.
Герой трэцяй сустрэчы – знакаміты польскі празаік Павел Гюле (1957 г.н.), якога лічаць адным з найцікавейшых і найярчэйшых творцаў мяжы XX-XXI ст. Сам пра сябе ён кажа: «Люблю пісаць апавяданні і не выношу пісаць раманаў». Але яго дэбютам і праўдзівым выбухам у польскай літературы робіцца менавіта раман «Вайзэр Давідзік», «чароўны міф дзяцінства», як кажуць крытыкі. У кожным сваім творы Павел Гюле апявае родны Гданьск і тым самым далучаецца да стварэння ягонага genius loci, з павагай і далікатнасцю ставячыся да кожнага са складнікаў яго гісторыі – нямецкага, польскага, габрэйскага, кашубскага. Гістарычная памяць – адна з матывацый яго творчасці, а другая – успаміны аб прачытаных кнігах і ўлюбеных аўтарах.
Разам з Марынай Шодай, беларускай перакладчыцай двух яго раманаў і шэрагу апавяданняў, пагаворым пра тое, як кнігі Паўла Гюле могуць служыць даведнікам па гісторыі Гданьска і мапай яго вуліц. Пра вялікіх «суаўтараў», якія ёсць ці не ў кожнай Паўлавай кнізе. Пра тое, як у творчасці гданьскага аўтара ўвасабляецца гістарычны і літаратурны палімпсэст. Як рэальнасць робіцца містычнымі перажываннем, а «кніга падзеяў» ператвараецца ў «кнігу цудаў». Пра смаўжоў, калюжыны і дождж, пра траекторыю краба, пра каляровыя выбухі і «кары егіпецкія«», што назіраліся ў Гданьску ў 1957 годзе, пра рэальнасць, міф і памяць, якая можа першае ператвараць у другое.
Сустрэча ў прамым эфіры адбудзецца 5 траўня а 17-ай на старонцы Польскага Інстытута ў Мінску ў Фэйсбуку
Запрашаем да прагляду і заахвочваем да актыўнага ўдзелу – задавайце пытанні і дзяліцеся меркаваннямі.
Польскі Інстытут у Мінску у сувязі з неспрыяльнай эпідэміялагічнай сітуацыяй цалкам пераносіць сваю дзейнасць у віртуальную прастору. У сувязі з гэтым запрашаем сачыць за інфармацыяй і падзеямі на нашым сайце і старонках у сацыяльных сетках Фэйсбук і Укантакце.