«Родная мова, быццам цэмент, звязвае людзей». Пра што творы, намінаваныя на прэмію Ежы Гедройца-2024
Прэмія Ежы Гедройца — адна з самых прэстыжных літаратурных узнагарод Беларусі, якая ўручаецца за найлепшыя творы, напісаныя на беларускай мове. Яе мэтай з'яўляецца падтрымка сучаснай беларускай літаратуры і аўтараў, якія ўносяць значны ўклад у развіццё нацыянальнай культуры. Распавядзем пра кнігі аўтараў, якія патрапілі ў пачэсны спіс сёлета.
«Вольнеры. Прадвесце» — Валер Гапееў
Твор Валера Гапеева — самае беларускае з нешматлікіх беларускіх фэнтэзі: і ў чалавечым свеце, і ў іншасвеце дзейнічаюць тутэйшыя стварэнні, багі і духі. Беларуская міфалогія аказалася багатай і разнастайнай на герояў, а ўладкаваны іншасвет займеў сваё месца. Сама дзея рамана адбываецца ў Мінску і вакол яго, а пераход у іншасвет знайсці не складана…
Шлях, які выпадае на долю старшакласнікаў з мінскай школы, пачнецца з жадання ўладкаваць свае справы, а закончыцца выбарам падарожжа за гранню, напоўненага прыгодамі, выпрабаваннямі і таямніцамі.
«Час пустазелля» — Ганна Янкута
Гэтая кніга — спроба асэнсаваць бясчассе, у якім аказаліся беларусы пасля 2020 года. Яна складаецца з рэальных і выдуманых гісторый, выпадкова пачутых фраз на розных мовах, мімалётных уражанняў, захапленняў і ўспамінаў, таго, што можа напаўняць жыццё ў час дыктатуры ў Беларусі і вайны ва Украіне.
Апавядальніца ўсюды шукае чалавечыя і нечалавечыя сляды, сюжэты, якія разгортваюцца проста на вачах, а таксама гісторыі, якія здарыліся даўно і ад якіх амаль нічога не засталося. Яна спрабуе ўхапіць дух бясчасся ў Варшаве і Мінску, Гародні і Кракаве, іншых гарадах і мястэчках.
«Забіць упалмінзага» — Зміцер Бартосік
«Забіць упалмінзага» — трэцяя кніга Змітра Бартосіка з серыі «Падарожжаў Свабоды» пасля папярэдніх: «Быў у пана верабейка гаварушчы» і «Клініка кітайскага дантыста».
У гісторыі Беларусі ХХ стагоддзя найбольш замоўчваюцца і застаюцца засакрэчанымі старонкі супраціву беларусаў савецкай акупацыі, русіфікацыі і калгасам. Праўда пра гэты супраціў знішчаная або схаваная ў архівах КДБ, а жывыя сведкі падзей былі забітыя ці ўжо загінулі.
Цягам 20 гадоў пісьменнік і бард Зміцер Бартосік ездзіў па Беларусі ў пошуку праўдзівых сюжэтаў мінулага. Гэтым разам у рукі яму трапілі дакументы Маладзечанскага абласнога суду, якія выпадкова апынуліся ў адкрытым доступе, і ён адправіўся па адрасах важных падзей.
Тут, як і ў ранейшых кнігах аўтара, апавядаецца пра невядомыя факты беларускай гісторыі на падставе дакументаў і галасамі жывых сведак, якіх на момант выхаду кнігі амаль не засталося. Гаворка ідзе пра апошнюю спробу ўратавання рэальнасці, якой яна была ў пасляваеннай Беларусі.
«Я танцую» — Віка Біран
У сваім аўтабіяграфічным аповедзе аўтарка апісвае недзіцячыя турботы трыццацігадовых у аўтарытарнай краіне. Твор пра супрацьстаянне розным сістэмам: візавай, падатковай, памежнай, паліцэйскай, гвалту, традыцыяналісцкай і гэтак далей. Гэта твор пра барацьбу за шчасце ў сучасных Беларусі і Германіі, і трошачкі — у Літве і Украіне.
Вікторыя зазначае, што няма неабходнасці тлумачыць нешта ў кнізе беларускім чытачам, бо яны самі ўдзельнічалі ў апісаных падзеях. Яна таксама спадзяецца, што замежныя чытачы не проста атрымаюць чарговыя «дзяжурныя» звесткі аб «жаночай рэвалюцыі, пакутах мігрантаў на беларуска-польскай мяжы і нібыта смешным Лукашэнку, а нешта іншае.
«Гарэзлівы пацалунак. Кніга другая» — Ева Вайтоўская
У другой кнізе «Гарэзлівага пацалунку» падзеі разгортваюцца на філалагічным факультэце беларускага ўніверсітэта, у экалагічным летніку для дзяцей Чарнобыля і ў офісе сусветна вядомай беларускай IT-кампаніі. Але ўсё гэта толькі дэкарацыі, у якіх праходзяць праверку пачуцці галоўных герояў, іх сяброў, сябровак, мам і татаў.
У аснову рамана лёг сюжэт культавай японскай мангі «Ітадзура на кіс» («Гарэзлівы пацалунак»), якая выходзіла ў Японіі ў 1990-х гадах. Раман прызначаны для аўдыторыі young adult (16–25 гадоў), а таксама для ўсіх аматараў папулярнай літаратуры.
«Круглая Square: Іранічны жыццяпіс чалавека і імперыі» — Вал Клемэнт
Вал Клемэнт нарадзіўся пад псеўданімам Васіль Еўдакімаў у 1957 годзе ў Мінску ў сям’і выкладчыкаў ВНУ. Пасрэдна вучыўся ў школе, займаўся плаваннем, а ў вольныя хвіліны пасвіў аблокі. Пасля сканчэння школы паступіў на юрыдычны факультэт БДУ, дзе вывучаў гісторыю КПСС, марксізм-ленінізм, калгаснае права ды іншыя карысныя навукі. У 1990 годзе быў запрошаны на працу ў адну з вядучых юрыдычных кампаній Вялікабрытаніі ды пераехаў у Англію, што дало яму магчымасць набыць досвед заходняй юрыдычнай практыкі, вывучыць беларускую мову і паглядзець іншы, незнаёмы свет. Гэты свет ён глядзіць і дагэтуль, прадстаўляе сябе аўтар на зваротным баку вокладкі.
«Гэты раман — нязменна дасціпны, вельмі асацыятыўны, з элементамі антыўтопіі, вясёлы і гаркаваты, саркастычны і часам цынічны, прасякнуты гумарам, іроніяй і, што самае галоўнае, самаіроніяй, якая ёсць найлепшым сродкам самаабароны, — не дазволіць вам засумаваць. А як вядома, няхай жыве любы жанр, апрача сумнага!», — расказаў беларускі празаік, паэт і гісторык Уладзімір Арлоў на прэзентацыі кнігі.
«На прызбе ў Сілічах» — Марыя Вайцяшонак
Літаратурная творчасць Марыі Вайцяшонак трымаецца на сваёй, ужо амаль міфалагічнай, нацыянальнай самасці і старой класічнай традыцыі. Натуральнасць тэксту, нязмушанасць моўнага стылю і помнасць народнага гутарковага маўлення робяць прозу і паэзію Марыі арыгінальнымі і непадробнымі сярод шматлікіх творцаў нашай сучаснай літаратуры.
На вялікі жаль, Марыя Вайцяшонак пачала страчваць зрок. Чытаць і пісаць ёй становіцца ўсё больш праблематычна. Аднак духоўная і творчая актыўнасць змушаюць яе шукаць новыя магчымасці ўдзелу ў літаратурным працэсе — так з’явіўся блог-дыялог «На прызбе ў Сілічах» сумесна з Аксанай Ёркінай.
Марыя нагаворвала па тэлефоне сваё стаўленне да тых ці іншых актуальных і злабадзённых падзей свайго і грамадскага жыцця, задаючы тэму размовы альбо адказваючы на пытанні каляжанкі, прычым гэтыя нагаворы маюць не толькі крэатыўны характар, а падчас і ўражлівую мастацкую аснову, як у сюжэтным, так і ў моўна-стылістычным плане.
«Жамяра: жаночыя гісторыі» — Алена Вешторт
Пра што думаюць сучасныя жанчыны? Адказ на гэтае пытанне можна знайсці кнізе «Жамяра: жаночыя гісторыі» беларускай аўтаркі Алены Вешторт, у якой раскрываюцца гісторыі пра жыццё і лёс жанчын. Кожная з іх мае ўнікальны кантэкст, адлюстроўваючы культурныя, гістарычныя і сацыяльныя ўмовы, што ўплывалі на жанчын у розныя перыяды гісторыі.
У творы аўтаркі мухі, пчолы, мурашкі, восы, камары, матылі, прусакі ды іншыя насякомыя дзейнічаюць нароўні з людзьмі, што здзіўляе і ўражвае чытачоў!
«Слюнькоў. Палітычная біяграфія» — Дзяніс Марціновіч
Мікалай Слюнькоў — беларускі дзяржаўны і партыйны дзеяч савецкіх часоў. Ён быў першым сакратаром Мінскага гаркама партыі, а затым быў пераведзены ў Маскву, дзе працаваў намеснікам старшыні Дзяржплана СССР. Слюнькоў радыкальна змяніў беларускую кадравую эліту, замоўчваў наступствы аварыі на Чарнобыльскай АЭС.
У 90-я гады аснову беларускай эліты склалі прадстаўнікі каманды Мікалая Слюнькова. Для іх незалежнасць успрымалася не на ўзроўні дзяржавы, а на ўзроўні саюзнай рэспублікі. Таму як толькі ў першай палове дзевяностых пераўтварэнні выйшлі за пэўную мяжу, беларуская эліта заблакавала большасць рэальных рынкавых рэформаў. Інтэграцыя з Расіяй, якая заставалася ў трэндзе ўсё дзесяцігоддзе, была адлюстраваннем іх светапогляду.
«Трэба ўявіць Сізіфа шчаслівым» — Валянцін Акудовіч
Выбітны філосаф Валянцін Акудовіч прысвячае частку сваёй кнігі разважанням аб тым, што значыць быць беларусам; як гэта — быць беларускамоўным беларусам; быць беларусам, які стаміўся ад аднастайных лозунгаў, але чыё сэрца дрыжыць ад беларускіх сцягоў на фоне блакітнага неба, піша «Наша Ніва».
Акудовіч ахапіў у сваёй кнізе з той ці іншай дэталізацыяй значную частку свайго жыцця, зрабіўшы акцэнт на двух дзесяцігоддзях, пачынаючы прыкладна з сярэдзіны 80-х гадоў. У выніку твор Акудовіча можна чытаць як гісторыю інтэлектуальнага жыцця Беларусі канца XX і пачатку XXI стагоддзя. Тут россып вядомых імёнаў: Алесь Разанаў, Ігар Бабкоў, Лявон Баршчэўскі.
Акудовіч прызнаецца, што для яго Беларусь — вышэй за ўсё, яна для яго — самае важнае і дарагое.