Беларусь, якая чакае — «Гарэзлівы пацалунак» (фота)
У межах фотапраекта «Беларусь, якая чакае» «Новы Час» працягвае вандраваць па старонках твораў сучасных беларускіх пісьменнікаў. Мінулым разам мы гулялі таемнымі сцежкамі ката Шпрота (тут і тут), а цяпер замова прыляцела на «Гарэзлівы пацалунак» Евы Вайтоўскай. Выпраўляемся ў мінскі мікрараён Зялёны Луг!
Беларуская адаптацыя японскай мангі «Ітадзура на кіс», напісаная вядомай беларускай паэткай і пісьменніцай Марыяй Мартысевіч пад псеўданімам Ева Вайтоўская, — кніга нібыта пра падлеткаў і іх праблемы, але захапляе нават дарослых.
Большасць падзей адбываецца, вядома, у школе, дзе вучацца Соня Сінічка і Максім Статкевіч. Менавіта тут Соня сустрэла Максіма, закахалася, дала волю свайму каханню і вытрымала безліч абразаў. Шмат чаго бачылі гэтыя сцены, а колькі яшчэ ўбачаць! Аўтарка кажа, што месцы, апісаныя ў рамане. — гэта зборны вобраз. Але мы вырашылі, што гэтая школа — адпавядае больш за іншых.
А вось і стадыён, дзе праходзіла знакамітая эстафета. Кажуць, нават, намеснік міністра прыязджаў, ага! Праўда, тая эстафета для Соні скончылася не вельмі добра. Але гэта як паглядзець. Яе каманда не перамагла, але ж у выніку Соня атрымала нашмат болей. Магчыма, менавіта на гэтым самым месцы...
«Лялечны домік» — хіба не першае, што хочацца пабачыць на ўласныя вочы, чытаючы кнігу. Не будзем раскрываць усю інтрыгу, расказваючы што гэта такое і чаму ён займае досыць важнае месца ў рамане. Скажам толькі, што мы яго шукалі, але так і не вызначыліся дакладна. Відаць, адразу некалькі дамоў у элітным пасёлку сталі крыніцай натхнення аўтаркі.
Часцей за ўсё шлях ад школы дадому і наадварот праходзіў праз лес. Соні ён падаваўся казачным, «па якім яе, як тую кэралаўскую Алісу, вёў Белы Рыцар». Незалежна ад пары году, ён насамрэч выглядае сапраўды казачным. Глядзіце самі.
Напачатку кнігі вы можаце палічыць, што Максім звычайны «мажор», але не так усё проста. Адкуль мажор будзе ведаць трагічную гісторыю 30-х гадоў і масавыя расстрэлы ў Курапатах? А ён ведае. Магчыма, прычынай яго цікаўнасці з'явіўся помнік у тым лесе, які, насамрэч, не такі ўжо і казачны.
Аднакласнікі Сінічкі не маюць магчымасці жыць у катэджах, але гэта не падстава лічыць іх людзьмі «другога гатунку». «Гарэзлівы пацалунак» не толькі пра каханне, але яшчэ і пра сутыкненне двух светаў — заможнага і звычайнага, нахабнага і сціплага. Але ж не бывае толькі чорнага і толькі белага. Беларуская манга таксама і пра гэта. Дзеці шматпавярховікаў нічым не горш за дзяцей катэджаў.
Як мы ведаем з кнігі, ад сямейных праблем Максім часта збягаў гуляць у тэніс. Вось сюды! Неблагое такое выйсце, але ж часам лепш было застацца дома...
Выпускны! Як шмат чакалі ад яго вучні школы, Соня, Васіль, Галя, Сняжана... Як шмат чакалі ад выпускнога ўсе мы ў свой час! Хадзілі сустракаць сонца, будавалі планы. Штосьці спраўдзілася, нейкія мары яшчэ на шляху да здзяйснення, а на штосьці прыйшлося забыцца. Напрыканцы раману выпускнікі не пабачылі сонца — такое надвор'е не дзіва ў Мінску, але нам пашчасціла ўбачыць яго з таго месца, дзе кожны год дагэтуль збіраюцца ўчорашнія вучні перад тым, як зрабіць першыя крокі ў дарослае жыццё.
Перагорнутая апошняя старонка рамана, і нам вельмі карціць даведацца, што ж будзе далей з героямі «Пацалунку». Дык вось, добрая навіна: аўтарка дапісала другую частку, і кніга ўжо рыхтуецца да друку!Спадзяемся неўзабаве даведацца, якім будзе дарослае жыццё герояў: ці адолела хмары сонца Соні, ці знайшоў сябе Максім, ці спраўдзілася мара Васіля.
А вам пакуль шчыра раім прачытаць «Гарэзлівы пацалунак» Евы Вайтоўскай. Вы атрымаеце сапраўднае задавальненне.
Калі вы хочаце, каб мы паказалі і вашы ўлюбёныя мясціны ў межах фотапраекта «Беларусь, якая чакае»,напішыце нам. Распавядзіце, па якіх вуліцах, раёнах, гарадах і вёсках вы сумуеце, у чым іх адметнасць, чым яны дарагія менавіта вам. Звязацца з рэдакцыяй можна праз чат-бот у Тэлеграме @novychas_bot, праз электронную пошту novychas@gmail.com ці прыватным паведамленнем у нашых акаўнтах у сацыяльных сетках. Беларусь чакае ўсіх сваіх людзей — малых, дарослых, старых. Беларус беларусу Беларусь!