Беларуска ў Канадзе адкрыла сваё выдавецтва. У планах — папулярызацыя беларускай культуры ў свеце

Першая кніга новага выдавецтва «Грунвальд» — «Дзве душы» Максіма Гарэцкага. Адметнасць ініцыятывы ў тым, што гэта пераклады беларускай літаратуры на англійскую мову, якіх вельмі не хапае сёння.

Вокладка аповесці «Дзве душы» ў перакладзе на англійскую. Ілюстрацыя: amazon.com

Вокладка аповесці «Дзве душы» ў перакладзе на англійскую. Ілюстрацыя: amazon.com

У Канадзе з'явілася новае беларускае выдавецтва «Grunwald», першай кнігай якога стала культавая аповесць Максіма Гарэцкага «Дзве душы» ў перакладзе на англійскую.

Пра шлях з Мінска да ўласнага выдавецтва ў Канадзе, актуальнасць у свеце «Дзвюх душаў», намеры, мэты і планы «Грунвальда» «Радыё Свабода» пагаварыла з яго заснавальніцай, перакладчыцай Вольгай Яноўскай.

Пра шлях з Мінска да ўласнага выдавецтва ў Канадзе

— Ваша выдавецтва, як, зрэшты, і ваша імя — новае на беларускім замежным кніжным рынку. Раскажыце крыху пра сябе. Хто вы? Як даўно ў Канадзе? Чым там напоўненае ваша жыццё?

— Я нарадзілася ў Мінску, але мае карані з Вілейскага раёна. Сям’я імігравала ў Канаду, калі я была падлеткам, 26 гадоў таму. У Канадзе я скончыла школу, атрымала ступень бакалаўра ва Універсітэце Таронта, дзе спецыялізавалася на гісторыі, цывілізацыях Блізкага Усходу і археалогіі. Ступень магістра ў галіне сацыякультурнай антрапалогіі я атрымала ў SUNY Buffalo ў Нью-Ёрку.


Глядзіце таксама

На працягу апошніх дваццаці гадоў працавала ў ІТ-сферы, галоўным чынам займаючыся маркетынгам і аптымізацыяй пошуку для буйных сайтаў-маркетплейсаў і брэндаў, такіх як «eBay», «Adevinta» (якой раней належаў Kufar.by), «PayPal», «Shutterstock». Цяпер маю ўласны кансалтынгавы бізнэс, які спецыялізуецца на аптымізацыі і прасоўванні буйных камерцыйных сайтаў у Google. Мае артыкулы публікуюцца ў адным з найбуйнейшых часопісаў у гэтай галіне — «Search Engine Land».

Я люблю антыкварыят, антыкварныя кнігі, букіністыку і маю сваю маленькую онлайн-краму. Час ад часу бяруся за праекты «прывід-пісьменства», дапамагаю з рэдактурай альбо перакладамі на англійскую мову, хоць гэта і не асноўны мой прафесійны кірунак.

Пра актуальнасць у свеце «Дзвюх душаў»

— «Grunwald» — так вы назвалі сваё выдавецтва. У гэтым слове — адсылка да знакавай старонкі беларускай гісторыі. І першая кніга ўжо таксама мае стогадовы ўзрост. Чаму для старту выбралі менавіта «Дзве душы» Максіма Гарэцкага? І наколькі, па-вашаму, гэтая кніга можа зацікавіць сучасных англамоўных чытачоў? Што паказалі першыя дні продажу?

— Я ніколі не планавала адкрываць выдавецкі бізнэс, але гэта стала самым лагічным крокам для рэалізацыі канчатковай мэты — зрабіць беларускую літаратуру, а разам з ёй і беларускую культуру, больш даступнай, зразумелай і блізкай для англамоўнага свету, а таксама пашырыць беларускую прысутнасць па-за межамі Беларусі.

«Дзве душы» — адзін з маіх улюбёных твораў беларускай літаратуры. Дарэчы, тэма пошуку ідэнтычнасці і самавызначэння актуальная не толькі для беларусаў. У Паўночнай Амерыцы — дзясяткі мільёнаў імігрантаў, для якіх гэтыя пытанні застаюцца важнымі і праз 10, 20, 50 гадоў у эміграцыі, а таксама і для другога, і нават трэцяга пакалення.


Глядзіце таксама

«Дзве душы» былі напісаныя ў 1918–1919 гадах, акурат пасля рэвалюцыі, падчас грамадзянскай вайны... Самыя страшныя падзеі яшчэ не адбыліся, але Гарэцкі ўжо ўлавіў агульны настрой, і гэтае яго прадчуванне пранізвае ўсю аповесць. Кнізе ўжо больш за 100 гадоў, але нават сёння яна можа служыць як напамінам аб мінулым, так і папярэджаннем аб тым, што гісторыя мае звычку паўтарацца.

Кніга была анансаваная і выйшла толькі тыдзень таму, але мы ўжо атрымалі фенаменальную падтрымку, а таксама шмат паведамленняў ад людзей, якія хочуць больш даведацца пра Беларусь, ад прадстаўнікоў розных еўрапейскіх дыяспаральных суполак і зусім іншых культур, якія ўбачылі паралелі паміж нашым і сваім гістарычным досведам.

Пра асіміляваных беларусаў і іх памкненні знаходзіць свае карані

— На якіх англамоўных чытачоў вы арыентуецеся? На карэнных жыхароў Канады, Злучаных Штатаў Амерыкі, Вялікай Брытаніі, Аўстраліі — ці на эмігрантаў з Беларусі?

— Амаль 5% насельніцтва Канады, дзе я цяпер жыву, складаюць этнічныя ўкраінцы, многія з іх — нашчадкі тых, хто іміграваў сюды напрыканцы XIX стагоддзя і падчас Першай сусветнай вайны. Шмат маіх цяперашніх суседзяў — украінцы другога, трэцяга, чацвёртага пакалення. Большасць з іх страцілі мову, асіміляваліся, ніколі не былі ў Кіеве і маюць мала агульнага з сучаснымі ўкраінцамі... але яны захавалі сваю ўкраінскую ідэнтычнасць! Вясной 2022 года тут было значна больш украінскіх сцягоў, чым канадскіх. На маршы салідарнасці ў Таронта выходзілі дзясяткі тысяч украінцаў, іх сяброў і тых, хто бачыць ва Украіне паўнавартасную еўрапейскую нацыю і культуру. Натуральна, гэта мела велізарны ўплыў на канадскіх палітыкаў.

У англамоўным свеце, напэўна, сотні тысяч альбо нават мільёны асіміляваных беларусаў, і сярод іх ёсць тыя, хто зацікаўлены ў Беларусі і імкнецца адкрыць для сябе свае карані ці нават вярнуць сваю гістарычную ідэнтычнасць. Але яны сутыкаюцца з сур’ёзным моўным бар’ерам, бо, на жаль, існуе вельмі мала літаратуры — папулярнай, мастацкай ці дакументальнай, па-за межамі акадэмічных манаграфій, — якая лёгка даступная і недарагая. Мне здаецца, што адным з кірункаў дзейнасці беларускіх дыяспаральных суполак павінен стаць менавіта такі асветніцкі напрамак.


Глядзіце таксама

Дарэчы, большасць перакладаў беларускіх аўтараў, зробленых у мінулым, сёння вельмі складана знайсці — яны альбо занадта дарагія, альбо захаваліся ў выглядзе старых бібліятэчных асобнікаў у букіністычных крамах. Я маю некалькі кніг Васіля Быкава — цудоўныя пераклады — гэта вось такія старыя школьныя асобнікі ў вельмі зношаным стане.

Можа, прыйшоў час іх перавыдаць? Перавыдаць і вярнуць у паўночнаамерыканскія школы?

Пра тое, як мова эміграцыі становіцца роднай

— А для вас самой як для перакладчыцы «Дзвюх душаў» Максіма Гарэцкага англійская мова родная ці вывучаная? І як вы ставіцеся да таго меркавання, што пераствараць мастацкія творы на замежныя мовы павінны іх носьбіты ад нараджэння?

— Я пражыла большую частку свайго жыцця ў Канадзе — тут скончыла школу, атрымала ступень бакалаўра, а потым магістарскую ступень — ужо ў ЗША. Штодзённая мова майго жыцця і працы — англійская, і так ужо больш за 25 гадоў. Яна даўно стала для мяне роднай. Але пытанне цікавае. Ці ўсе творы, перакладзеныя на беларускую мову, перакладзеныя выключна беларусамі, якія ад нараджэння размаўляюць па-беларуску і выхоўваліся ў беларускамоўных сем’ях? Ці варта такога патрабаваць?

Натхненнем для «Грунвальда» насамрэч стала выдавецтва «68 Publishers», заснаванае чэшскім дысыдэнтам і пісьменнікам Язэфам Шкварэцкім і ягонай жонкай Здэнай Саліваравай, калі яны імігравалі ў Таронта пасля Пражскай вясны ў 1968 годзе. Шкварэцкаму тады было 44 гады. За наступныя 22 гады яны разам апублікавалі і пераклалі больш за 220 твораў — і сваіх уласных, і твораў чэшскіх і славацкіх дысідэнцкіх пісьменнікаў, у тым ліку Вацлава Гавэла, Мілана Кундэры, Людвіка Вакуліча і іншых. Дарэчы, шмат чэшскіх і славацкіх выданняў забароненых аўтараў яны таемна перапраўлялі ў Чэхаславаччыну.

Пра планы і надзеі

— Што ў вашым выдавецкім куфэрку чакае выхаду ў свет? Якія кнігі беларускіх літаратараў ужо перакладзеныя і кім?

— Пачалася праца над ілюстраваным англамоўным выданнем «Шляхціча Завальні» Яна Баршчэўскага.

Наш асноўны кірунак — пераклады і публікацыя кніг, напісаных беларусамі, па-беларуску альбо пра беларусаў. Спадзяюся, што ўжо бліжэйшым часам пачнём выдаваць творы сучасных беларускіх аўтараў.


Глядзіце таксама

Яшчэ адным важным кірункам для «Грунвальда» стане лічбавізацыя архіўных матэрыялаў — напрыклад, з міжваеннага або ваеннага перыяду беларускай дыяспары — і іх публікацыя, у тым ліку ў агульным доступе на ўжо існуючых онлайн-платформах.

— Якой вы бачыце будучыню і вашай высакароднай задумы пашырэння беларускай літаратуры ў свеце, і ўвогуле яе лёсу ва ўмовах разгрому беларускіх незалежных выдавецтваў на радзіме і вымушанага масавага ад’езду пісьменнікаў з Беларусі?

— «Грунвальд» — гэта зусім новая ініцыятыва, мы толькі пачалі распрацоўваць працэсы і мадэлі, якія дапамогуць нам стаць паспяховымі ў сучасных умовах. Будзем толькі рады падзяліцца досведам.

Я ўпэўненая, што беларуская дыяспара і выдаўцы за мяжой стануць неад’емнай часткай захоўвання і прасоўвання беларускай класічнай і сучаснай літаратуры, культуры і беларускіх інтарэсаў у краінах, дзе яны жывуць.