Пры падтрымцы Палка Каліноўскага ва Украіне створана «РокРадыёBY»
Украінскі праект «Рокрадыё» на базе ўласнай анлайн-платформы запусціў у эфір радыястрым «РокРадыёBY», на якім жадаючыя могуць слухаць музыку беларускамоўных сучасных і культавых груп.
Як паведамляе espreso.tv, слухаць творчасць беларускіх музычных гуртоў можна па спасылцы https://rockradioua.online/by/
Акрамя беларускіх тут таксама прадстаўлены папулярныя ўкраінскія рок-гурты.
«Праект толькі стартаваў, але ў планах ужо ёсць стварэнне блокаў навін, аўтарскіх праграм і іншага, што тычыцца сучаснай беларускай культуры, без дыктатарскіх абмежаванняў», — кажуць заснавальнікі новага беларускага радыё ў асобе ўкраінскага радыёпрадзюсара Алега Удавічэнкі і кіраўніка недзяржаўнай Беларускай Рады культуры Сяргея Будкіна.
З іх слоў, рэжым Лукашэнкі «сістэматычна забараняе і знішчае праявы беларускай культуры, наўзамен падмяняючы яе расійскай».
«Вялікая колькасць прадстаўнікоў музычнай індустрыі вымушана была пакінуць Беларусь, а вялікая колькасць твораў знаходзяцца пад забаронай. “РокРадыёВY” мае на мэце стаць пляцоўкай для такіх беларускіх музыкаў у стылі рок, а таксама для тых дзеячаў, якія падтрымліваюць сапраўдную беларускую айдэнтыку. Радыё заклікана стаць астраўком беларускага і ўкраінскага року, а з часам стартавай пляцоўкай сумесных культурных праектаў», — адзначаюць стваральнікі «РокРадыёBY».
У планах радыё рабіць інтэрв'ю з беларускімі апазіцыйнымі, культурнымі, палітычнымі дзеячамі, прадстаўнікамі і вайскоўцамі палка імя Кастуся Каліноўскага, пры падтрымцы якога паўстала радыёстанцыя, а таксама з украінцамі, якія падтрымліваюць ідэю свабоднай Беларусі як сяброўскай Украіне краіны.
Акрамя таго, мяркуецца «з'яўленне ў эфіры блокаў навін аб падзеях ва Украіне».
«Гэта будуць навіны з фронту, культурныя ініцыятывы, украінска-беларускія адносіны. Улічваючы ўзровень цэнзуры і прапаганды ў афіцыйных беларускіх медыя, такая опцыя дасць магчымасць беларусам атрымліваць праўдзівую інфармацыю пра падзеі ва Украіне», — упэўненыя арганізатары «РокРадыёBY».
Іх камандай ужо распрацаваны дадатак «РокРадыёBY» для смартфонаў.