Памёр Хведар Нюнька

Сёння на 91 годзе жыцця памёр беларускі грамадска-культурны дзеяч у Літве Хведар Нюнька.

thenews.pl

thenews.pl

Хведар Якубавіч Нюнька нарадзіўся 6 красавіка 1928 года ў в. Алешавічы, гміна Каменка, Гродзенскі павет, Беластоцкае ваяводства, Польшча, цяпер Мастоўскі раён Беларусі. З 1989 да 2014 быў старшынём Таварыства беларускай культуры ў Літве.
У 1943 годзе сям’я Нюнькі пераехала ў Вільню, у якой ён у 1948 годзе скончыў расійскую гімназію імя Чарняхоўскага. Вучыўся на лясным факультэце Літоўскай сельскагаспадарчай акадэміі (скончыў у 1953 годзе).
Цягам 35 гадоў да 1992 года працаваў галоўным спецыялістам па каштарысах у праектных будаўнічых інстытутах Вільні. З 1980-х гадоў вёў актыўную грамадска-культурную працу па адраджэнні беларускасці ў Літве.
Па інфармацыі ад дачкі Ніны развітанне з Хведарам Нюнькам пройдзе ў Еўфрасіннеўскім саборы, што пры могілках Ліпоўка. Пахаванне ў пятніцу на гэтых жа могілках.
Паводле «Нашай Нівы».