Паміж полюсаў: падвоеная відэапрэм’ера ад Лявона Вольскага

Напярэдадні канцэртнай прэзентацыі альбома «Гравітацыя», якая мае адбыцца 2 сакавіка ў Prime Hall, Лявон Вольскі прадставіў відэакліпы на дзве палярныя па настроі песні з новай плыткі.

volski2018_photo03_1.jpg

Альбом «Гравітацыя», выдадзены на пачатку лютага, храналагічна распавядае пра ўсе асноўныя стадыі жыцця чалавека: ад нараджэння да смерці. Рэжысёрамі новых кліпаў сталі Арцём Лобач («Лепшыя на свеце») ды Елізавета Ганчарова («Човен»).

– «Лепшыя на свеце» – адна з найбольш аптымістычных песень альбома, бо яна пра каханне. Такое яскравае і светлае, быццам ляціш над зямлей. «Човен», наадварот – сумная развітальная песня героя, які сканчае існаванне на гэтым беразе і рыхтуецца да пераходу на іншы, – распавядае Лявон Вольскі. – Мне падабаецца, што абодва рэжысёры падыйшлі да відэа вельмі творча і знайшлі ў песнях шмат дадатковых сэнсаў. У Арцёма Лобача атрымаўся сюрэалістычны дэтэктыў з рарытэтнымі кадрамі старога Мінска, а Елізавета Ганчарова сама намалявала цэлы новы сусвет.

Вялікі канцэрт 2 сакавіка ў Prime Hall – першая прэзентацыя новага альбома Лявона Вольскага ў Мінску амаль за 10 гадоў, з часоў «Белай яблыні грому». У першым аддзяленні прагучыць альбом «Гравітацыя», у другім – лепшыя песні з сольных альбомаў Лявона Вольскага і розных гуртоў з яго удзелам. Квіткі можна набыць на сайтах Kvitki.by, Primehall.by, а таксама ў касах горада. Даведка: (033) 661 14 32.