Некультурныя людзі ў культурнай краіне

З прыходам Лукашэнкі да ўлады адной з першых ахвяр ягонага кіравання стала сфера культуры. Цэнзура, забароны, «чорныя спісы» — усё гэта нязменныя атрыбуты 30-гадовага кіравання дыктатара.

_minsk_zima_horad__fota_novy_czas___7__logo.jpg

«Культура — вось што робіць беларуса беларусам, а не проста "тутэйшым", у якім бы пункце зямнога шара ён ні знаходзіўся. Не толькі наша найбагацейшая спадчына: літаратура, музыка, архітэктура, але і мова, якую мы павінны ведаць, гісторыя, якую мы павінны памятаць, і каштоўнасці, якія мы павінны паважаць», — гаварыў Аляксандр Лукашэнка 10 гадоў таму.

Але на справе, пачынаючы з 1994 года, стан культуры ў Беларусі імкліва пагаршаўся. Артыстаў, музыкаў, пісьменнікаў прэсавалі, уносілі ў «чорныя спісы», не давалі працаваць, выступаць і развівацца, саджалі на суткі, заводзілі крымінальныя справы, судзілі.

«Plan B» расказвае пра міфы, якія ўлада стварыла пра сябе за 30 гадоў. У гэтым матэрыяле — пра міф, які сцвярджае, што ў Беларусі — росквіт культуры.

Асабістыя «сляпыя плямы» ў адукацыі замаскіраваць рэпрэсіямі

Што ўспадкаваць ад савецкага рэпрэсіўнага мінулага, Беларусь выбірае асабліва старанна. Механізм рэпрэсій у дачыненні да прадстаўнікоў культуры і інтэлігенцыі яна ўвабрала ў сябе асабліва глыбока. Усе 30 гадоў кіравання Аляксандра Лукашэнкі культура Беларусі была вымушаная існаваць не «дзякуючы», а «насуперак».

Што для самога Лукашэнкі, у прынцыпе, лагічна. А рыба ж, як вядома, гніе з галавы.

Многія выказванні Лукашэнкі падкрэслівалі, што культура — нешта страшна далёкае ад яго. Самыя вядомыя яго ляпы былі звязаны са знакамітымі выхадцамі Беларусі. У 2002 годзе ў ток-шоу «Свабода слова» на тэлеканале НТВ Лукашэнка расказаў, што вырас і вучыўся на вершах Васіля Быкава.

— Васіль Быкаў... Сапраўды, я на яго вершах вучыўся, — заявіў Лукашэнка.

— Аляксандр Рыгоравіч, ён піша прозу... — запярэчыў вядоўца ток-шоу Савік Шустэр.

— І вершы таксама... Ну, вы мне раскажыце пра Васіля Быкава, якога я ў школе вучыў — і нядрэнна вучыў! — абурыўся тады Лукашэнка.

У Лукашэнкі з Васілём Быкавым былі няпростыя адносіны. Ён сам гаварыў, што яны з народным пісьменнікам па-рознаму разумелі суверэнітэт і незалежнасць. Быкаў быў у жорсткай апазіцыі да Лукашэнкі, у 1994 годзе на выбарах падтрымаў Зянона Пазняка. І ўвесь час рэзка выказваўся пра Лукашэнку і будучыню Беларусі пры ім.


Глядзіце таксама

«Ужо дакладна, што ў Беларусі не будзе парламента, не будзе дэмакратычных выбараў, знікнуць рэшткі свабоднай прэсы. Краінай будзе кіраваць прэзідэнцкая хунта», — так Васіль Быкаў адрэагаваў на збіццё дэпутатаў, якія не падтрымлівалі ідэю «рэферэндуму» за адмену нацыянальнай беларускай сімволікі і адзінай дзяржаўнай мовы ў 1995 годзе.

«Яму [Лукашэнку] не патрэбны Быкаў. У яго ёсць згуртаваная, магутная кагорта уласных пісьменнікаў, якія пішуць яму біяграфіі. Пішуць пра яго, апісваюць яго жыццё. І яму гэтага дастаткова. А ўсё астатняе ён не ўспрымае. Тое, што робіць Лукашэнка і яго рэжым, накіравана на ліквідацыю, на поўную ліквідацыю суверэннасці. Ён абсалютна закабаліў гэты народ», — сказаў Васіль Быкаў на пачатку 2000-х. Як у ваду глядзеў.

Галоўны гісторык краіны не памятае гісторыі

Культурныя прамашкі для Лукашэнкі — частая з'ява. Да прыкладу, ён прымусіў усіх сумнявацца і ў яго адукацыі гісторыка. У 2006 годзе падчас выступу на трэцім Усебеларускім народным сходзе, гаворачы пра неабходнасць стварэння новых падручнікаў, Лукашэнка задаўся пытаннем:

«Чаго мы саромеемся? Скарына быў не толькі беларус, ён жыў і ў Піцеры і тварыў там, расійцы з гонарам пра яго гавораць. Чаму мы адмаўляемся ад вялікай спадчыны — Талстога, Някрасава, Маякоўскага, Ясеніна?» — заяўляў Лукашэнка.

І ўсё б нічога, але Францыск Скарына памёр за 162 гады да заснавання Санкт-Пецярбурга. Аднак для дыктатара, у якога ёсць «сляпыя плямы» ў адукацыі, ёсць толькі адно выйсце іх замаскіраваць: цалкам выкарчаваць культуру ў краіне.

Кнігі — як галоўная пагроза нацыянальным інтарэсам

Змагацца з пісьменнікамі ўлада пачала не ўчора. Гэты асаблівы пункт савецкай спадчыны ёй спадабаўся амаль адразу. У 2000-х з гэтым ёй дапамагаў былы сілавік, які стаў пісьменнікам і старшынёй праўладнага «Саюза пісьменнікаў» Мікалай Чаргінец. Ён не раз заяўляў, што творчасць некаторых пісьменнікаў падрывае дзяржаўныя асновы. А ўсё таму, што іх грамадзянская пазіцыя не супадала з лініяй партыі.

«Група людзей, якія негатыўна ставяцца да дзяржавы і ўлады, прапанавала ўнесці ў лік сацыяльна значнай літаратуры 6-ці або 8-тамовік Ларысы Геніюш, фашысцкага прыхвастня Арсенневай (Наталля Арсеннева) і сямітомнік Законнікава (Сяргей Законнікаў), у якога і двух [тамоў] не набярэцца. Толькі калі ўзяць яго больш за 120 публікацый у апазіцыйнай прэсе, накіраваных на падрыў улады, дзяржавы, супраць сацыяльных асноў дзяржавы», — гаварыў Чаргінец.

У 2010-х у Беларусі пачнуць складаць «Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў», у які будуць уключаць і кнігі. Праўда, спачатку толькі расійскіх аўтараў. Першай беларускай кнігай, якая трапіла ў яго, стане фотаальбом «Прэс-фота Беларусі 2011». Яго стануць адбіраць і забараняць увозіць у краіну. Пазней пад забарону трапіць і кніга будучага Нобелеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага.


Глядзіце таксама

Праз дзесяцігоддзе лінію Чаргінца паспяхова будуць гнуць Міністэрства інфармацыі і Міністэрства адукацыі.

У 2021 годзе са школьнай праграмы выключаць кнігі Аляксандра Салжаніцына, Уладзіміра Набокава і Нобелеўскай лаўрэаткі Святланы Алексіевіч. Таму што ў ГУЛАГу, у які ўлада ператварыла краіну ў 2020 годзе, не месца кнігам, якія апісваюць гэтую рэальнасць. Адкат у СССР, дзе забароненыя кнігі трэба даставаць «з-пад падлогі», падміргваючы прадаўцам кнігарняў, адбыўся маментальна.

У 2024 годзе Мінінфарм працягвае складаць «чорныя спісы кніг», якія нельга прадаваць у краіне. Прычына старая, як свет: кнігі могуць нашкодзіць нацыянальным інтарэсам.

Для музыкаў — «чорныя спісы»…

«Чорнымі спісамі» літаратуры беларуская ўлада, вядома, ніколі не абмяжоўвалася. Яшчэ з 1995 года ў краіне існавалі сакрэтныя «чорныя спісы» музыкаў. Іх то ўводзілі, то адмянялі. Але і тое, і другое было неафіцыйна. А Міністэрства культуры ўсе гады існаванне спісаў адмаўляла.

У 2004 годзе, аднак, наяўнасць спісаў стала відавочнай. У ліпені на плошчы Бангалор у Мінску праходзіў вялікі канцэрт з удзелам гуртоў «Палац», «Drum Ecstasy», «Нейра Дзюбель», «N.R.M.», Змітра Вайцюшкевіча, «ZET» і «Pomidor/OFF». Канцэрт быў прымеркаваны да 10-годдзя кіравання Лукашэнкі. І рок-музыкі сабраліся не дзеля таго, каб парадавацца гэтаму. Праз тры месяцы пасля канцэрту музыкі апублікавалі адкрыты ліст, у якім абвесцілі, што адразу пасля мерапрыемства на іх пачалі «ціснуць»: канцэрты адмяняліся, запісы музыкаў зніклі з ратацый тэле- і радыёканалаў.

У 2009 годзе міністрам культуры стаў Павел Латушка. Да таго моманту спісы забароненых музыкаў быццам бы былі, але надышла невялікая «адліга». У Маладзечне на «Рок-каранацыі» выступіў «Ляпіс Трубяцкі», Лявон Вольскі даваў сольныя канцэрты, па радыё пачалі «круціць» забароненых рокераў.

Але працягвалася гэта нядоўга. У 2011 годзе ў Інтэрнэце з'яўвіўся другі спіс непажаданых артыстаў, у якім фігуравалі гурты «Ляпіс Трубяцкі», «Палац», «Крама», «N.R.M.», «Нейра-Дзюбель», «Крамбамбуля», «Нака», Зміцер Вайцюшкевіч, драматург Андрэй Курэйчык, калектыў напаўпадпольнага «Свабоднага тэатра» на чале з Мікалаем Халезіным і многія іншыя.

«У Міністэрстве культуры ніякіх "чорных спісаў" дзеячаў мастацтва няма», — працягваў паўтараць Мінкульт. Што прывяло толькі да адной дакладнай высновы: спісы складае КДБ, а ніяк не Мінкульт.

...і крымінальныя справы

Праз дзесяцігоддзе, у 2023 годзе, Павел Латушка заявіў, што гэта менавіта ён, будучы міністрам культуры, «зліў» у Інтэрнэт «чорны спіс» музыкаў у 2011 годзе. Латушка таксама патлумачыў, што гэты спіс раздавалі ў раздрукаваным выглядзе на нарадзе ў Адміністрацыі прэзідэнта. А ў аблвыканкамы і буйныя дзяржустановы яго рассылалі ў выглядзе даручэння ад Адміністрацыі. Латушка лічыць, што спіс складалі супрацоўнікі КДБ.

«Магу прызнацца, што копію гэтага спісу я перадаваў тым людзям, якія пазней яго апублікавалі», — расказаў Латушка год таму.

Пасля 2020 года «чорныя спісы» нікуды не дзеліся, яны проста былі адрэдагаваныя. У 2023 годзе быў апублікаваны спіс з 87 пазіцый. У яго ўвайшлі як беларускія выканаўцы, так і замежныя: «J:МОРС», Дзмітрый Калдун, «Neuro Dubel», «NaviBand», Саша Нэма, Іна Афанасьева, Ксенія Сітнік, Ларыса Грыбалёва, «ДДТ» і нават амерыканская спявачка Шэр. Паводле звестак «Рады культуры», спіс, верагодна, складалі супрацоўнікі КДБ. Ён быў перададзены ў дзяржаўныя ўстановы, звязаныя з арганізацыяй канцэртаў.


Глядзіце таксама

Ну і, вядома, чатыры гады рэпрэсій не абышлі бокам музыкаў, якія падтрымалі мірны пратэст у 2020 годзе. За кратамі апынуліся музыкі «Tor Band», а іх песні прызналі «экстрэмісцкімі матэрыяламі», гурт «Nizkiz» і нават зорка дзяржТБ — музыка Дзядзя Ваня.

Тэатр — як чырвоная ануча для быка

Да тэатру ва ўлады заўсёды было асабліва грэблівае стаўленне. За сваё 30-гадовае кіраванне Аляксандр Лукашэнка быў у адным з найважнейшых тэатраў Беларусі — Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы — толькі тройчы, а ў Вялікі тэатр оперы і балета і зусім прыйшоў упершыню толькі ў 2021 годзе. Але тады гэта быў палітычны крок, а не жэст павагі або жаданне далучыцца да культуры.

Тым больш, што артысты Купалаўскага тэатра ў 2020 годзе сталі для ўлады ворагамі. Праз некалькі дзён пасля выбараў, калі з'явіліся кадры з людзьмі, якія прайшлі праз катаванні ў ІЧУ на Акрэсціна, акторы тэатра заявілі пра планы спыніць паказ спектакляў і пра гатоўнасць да страйку. Калектыў тэатра выступіў з заявай, што патрабуе спыніць гвалт над мірнымі грамадзянамі і патрабуе пераліку галасоў выбаршчыкаў з удзелам незалежных назіральнікаў. Зварот тады падтрымалі каля 200 супрацоўнікаў тэатра.

Акторы выйшлі да пратэстоўцаў на плошчы Незалежнасці, да іх далучыўся дырэктар тэатра, былы міністр культуры Павел Латушка. Ён асудзіў гвалт над дэманстрантамі і запатрабаваў адстаўкі міністра ўнутраных спраў.

Праз некалькі дзён Латушка быў звольнены Міністэрствам культуры, якое некалі ўзначальваў. На знак салідарнасці амаль уся тэатральная трупа напісала заявы аб сыходзе. Тэатр не адкрыўся для гледачоў.

А «Паўлінка» ўжо не тая

Без галоўных зорак трупы тэатр не мог паўнавартасна аднавіць свой рэпертуар. У 2021 годзе Лукашэнка прыехаў у Купалаўскі тэатр, каб паглядзець рэпетыцыю «Паўлінкі» — самага знакавага спектакля ў гісторыі тэатра.

«Значыць, у 2020 годзе мы загубілі гэты спектакль і зноў яго аднавілі? — удакладніў Аляксандр Лукашэнка. — Цалкам? Не горш, чым было?»

«Я думаю, нават лепш», — адрапартаваў міністр культуры Анатоль Маркевіч.


Глядзіце таксама

Аказалася, што для спектакля не хапіла акцёраў «Купалаўскага» з ранейшай трупы, таму ў ім гралі студэнты Універсітэта культуры і Акадэміі мастацтваў. Галоўнае — што ўсе яны былі ідэалагічна вывераныя.

«Бачу запаленыя вочы нашай моладзі. Яны лічаць за гонар служыць тут, у нашым тэатры, і быць бок аб бок з мэтрамі сцэны "Купалаўскага". І я хачу запэўніць: гэтыя хлопцы не падвядуць ні тэатр, ні краіну», — даў справаздачу Маркевіч Лукашэнку.

«Вольныя Купалаўцы» — як замах на суверэнітэт і грамадскую бяспеку краіны

Былыя акторы тэатра імя Янкі Купалы, якія ў 2020 годзе падтрымалі пратэст, былі вымушаныя з'ехаць з Беларусі. Хтосьці трапіў пад рэпрэсіі, хтосьці паспеў выехаць. У эміграцыі частка з іх аб'ядналася ў трупу «Вольныя Купалаўцы». Цяпер яны выступаюць у Польшчы і гастралююць па Еўрасаюзе. Сярод іх — Зоя Белахвосцік, Алег Гарбуз, Сяргей Чуб і іншыя.

13 снежня гэтага года Міністэрства ўнутраных спраў прызнала «Вольных Купалаўцаў» «экстрэмісцкім фарміраваннем». На думку МУС, артысты арганізоўвалі «дзейнасць па падрыхтоўцы ажыццяўлення замахаў на суверэнітэт і грамадскую бяспеку Рэспублікі Беларусь, дыскрэдытацыю і абразу дзяржаўных службовых асоб».

У гэтай пазнацы ад МУС – усё стаўленне ўлады да культуры. У краіне, дзе пісьменнікаў, артыстаў, музыкаў прызнаюць «экстрэмістамі» і абвінавачваюць у «замаху на ўладу», будучыня культуры пад вялікім пытаннем.