Ябацькі і Z-артысты: Хто цяпер выступае ў Беларусі?
У Беларусі ўвялі яшчэ адзін элемент цэнзуры для артыстаў. У верасні да арганізатараў канцэртаў змянілі патрабаванні. Цяпер кіраўнік кампаніі павінен падаць выпіску аб правапарушэннях, а таксама звесткі аб арганізацыі культурна-відовішчных мерапрыемстваў за апошнія тры гады.
Усіх удзельнікаў рэестра абавязалі да 23 кастрычніка падаць пэўны пакет дакументаў. З рэестра ўжо выключылі каля 50 арганізатараў культурна-відовішчных мерапрыемстваў, пішуць «Белнавіны».
Гэты элемент цэнзуры культурнай сцэны Беларусі — не адзіны. З ліпеня пры выдачы гастрольнага пасведчання чыноўнікі высвятляюць, ці з'яўляецца творчасць таго ці іншага артыста прымальнай. Правяраюцца не толькі тэксты песень, але і грамадзянская пазіцыя артыста. Без гастрольнага пасведчання арганізаваць выступленне немагчыма.
Аднак пад забаронай не толькі канцэрты і выступленні культурных дзеячаў: некаторых нават забаронена згадваць на тэлебачанні, радыё, а з нядаўніх часоў іх нельга пускаць і на школьныя мерапрыемствы.
Чорны спіс выканаўцаў, забароненых у Беларусі, уключае ў сябе 87 артыстаў. Пад забаронай апынуліся беларускія, украінскія, расійскія і нават амерыканскія музыкі, якія выступаюць у розных жанрах. Большая частка выканаўцаў — з Беларусі, многія з іх пад забарону трапляюць не першы раз. Пасля пратэстаў 2020 года частка беларускіх музыкаў аказалася за мяжой, а некаторыя і зусім у турме, як гурты «Litesound» і «Tor band», спявачка Мэрыем Герасіменка і іншыя выканаўцы.
Пакуль беларусы вымушаны ездзіць на канцэрты любімых выканаўцаў за мяжу — у Вільню, Варшаву або Тбілісі, беларускую сцэну ў краіне запаўняюць мясцовыя фрыкі: гурт «Дразды», сёстры Груздзевы або спявак адной песні пра беларускую жонку Зміцер Азаранка. Большасць з іх няздольныя сабраць канцэртную залу нават з дапамогай адміністрацыйнага рэсурсу, напрыклад, прымусова прадаючы работнікам дзяржпрадпрыемстваў квіткі.
На змену непапулярным выканаўцам з Беларусі прыходзяць зоркі расійскай эстрады. Асаблівай папулярнасцю карыстаюцца «нейтральныя» выканаўцы, якія не выказвалі сваю пазіцыю па вайне. Напрыклад, гурт HammAli & Navai або спявачка Anna Asti рэгулярна даюць канцэрты ў Беларусі — найбліжэйшыя іх канцэрты плануюцца ўжо ў лістападзе. Таксама неўзабаве ў Мінску пройдуць канцэрты фолк-гурта «Мельніца» і спевака Кангі.
Адкрытыя Z-артысты выступаюць у Беларусі нячаста — прыкладна раз на год. З бліжэйшых івэнтаў у Мінску па плане Філіп Кіркораў, папярэдні канцэрт якога быў летась. Пакуль квіткі на яго канцэрт у Палацы Рэспублікі распрададзены не ўсе, хоць пляцоўка небуйная, усяго 2700 месцаў. Без аншлагу пакуль прадзюсар і музыка Максім Фадзееў, ён плануе сабраць «Мінск-Арэну», але купіць квіткі ўсё яшчэ можна ў любы сектар — ад партэра да далёкіх трыбун.