Аляксандру Кулінковічу пасмяротна забаранілі канцэрты ў Беларусі

СМІ апублікавалі новы «чорны спіс» выканаўцаў, якім забаронена выступаць у Беларусі. У апублікаваным спісе — больш за 80 выканаўцаў, некаторыя з іх выклікаюць здзіўленне.

Аляксандр Кулінковіч на адным з канцэртаў. Фота з асабістага архіву Дзмітрыя Дзмітрыева

Аляксандр Кулінковіч на адным з канцэртаў. Фота з асабістага архіву Дзмітрыя Дзмітрыева


Па звестках незалежнай беларускай рады па культуры, гэта спіс музыкаў і гуртоў, чые песні забаронена выконваць у Беларусі. Яго перадалі дзяржаўным установам, звязаным з арганізацыяй канцэртаў. Як мяркуецца, спіс быў складзены КДБ.

«КДБ заўжды меў дачыненне да кантролю над эфірнай палітыкай і гастрольнай дзейнасцю, але адказвала за гэта Адміністрацыя прэзідэнта. Кажуць, цяпер КДБ кіруе ўсёй ідэалогіяй у краіне і больш актыўна ўключыўся ў кантроль, каб не дапусціць вальнадумства», — каментуе сітуацыю Сяргей Будкін, кіраўнік Рады культуры.

7e9816ff_ae03_4c74_9c85_ec246cb8521c.jpg


Беларусь у спісе прадстаўляюць Ларыса Грыбалёва, Ганна Шаркунова, Іна Афанасьева, Саша Нема, Юзары, Аляксей Хлястоў, Ксенія Сітнік, Макс Корж, гурты «Ляпіс Трубяцкой», «Нейра Дзюбель», NRM, «Крамбамбуля», Navi Band і іншыя.

Варта зазначыць, што гурта «Нейра Дзюбель» няма ўжо доўгі час, бо ў 2018 годзе памёр яго лідар, выбітны музыка Аляксандр Кулінковіч. Але яго творы дагэтуль не даюць спакою беларускім ідэолагам.


Хапае і расійскіх артыстаў і груп — Anacondaz, Little Big, «Ногу свело!», Noize MC, Oxxxymiron, Валеры Меладзэ, Ганна Нятрэбка, «Би-2» і ДДТ.

Юрый Шаўчук шмат разоў выказваўся і наконт дыктатуры ў Беларусі, і наконт Лукашэнкі персанальна, заўважна падтрымліваў беларусаў у 2020-м.

А вось чаму ў Беларусі забаранілі Меладзэ? Напэўна, гэта калька расійскай забароны цераз асуджэнне вайны ва Украіне.

Прычым, у беларускім «стоп-спісе» ён разам з братам Канстанцінам.

Але ў спісе няма Алы Пугачовай, якая на знак пратэсту супраць вайны пакінула Расію і з’ехала ў Ізраіль.

Ёсць у спісе і замежныя выканаўцы. Магчыма, Лэдзі Гага або Шэр марылі пра гастрольны тур па гарадах і вёсках Беларусі, але беларускія ідэолагі загадзя падстрахаваліся — ніякіх канцэртаў.

Нагадаем, чорныя спісы вядомыя з 1995 года: гэта негалосная забарона на гастролі і выступы музыкаў. Пасля падзей 2020 года яны значна пашырыліся.