На студэнта БДАМ аказваюць ціск

Коўка Міхаіл, студэнт БДАМ 6 курса тэатральнага факультэта, спецыяльнасць "Рэжысура драмы», завочнай формы навучання.



akt3_151225_lnl96.jpg

25 снежня на плошчы Свабоды малады чалавек падпаліў свае рукі ў спецыяльных пальчатках, каб прыцягнуць увагу да праблем людзей з парушэннем слыху і мовы. Гэтая акцыя — частка дзеянняў тэатральнай лабараторыі “Fortinbras” пры Свабодным тэатры ў падтрымку людзей з падобнымі праблемамі (падрабязней на сайце TUT.by). Зараз студэнт падвяргаецца пагрозам з боку педагога курсу па рэжысуры не здаць экзамен і быць адлічаным.

Сувязь Міхаіла са “Свабодным тэатрам” станавілася краевугольным каменем яшчэ задоўга да правядзення перфомансу. Так, напрыклад, у 2014 годзе Міхаіл збіраўся браць для пастаноўкі дыпломнага спектакля п'есу Мікалая Халезіна "Я прыйшоў". Працаваў над ёй 2 семестра, але на зімовай сесіі 2015 атрымаў адмову ў абраным матэрыяле: Мікалай Халезін у Беларусі пад цэнзурай. Матэрыял прыйшлося змяніць.

У працэсе навучання Міхаіл браў актыўны ўдзел у жыцці курсу. У красавіку 2014 года яны з курсам правялі майстар-клас ад Акадэміі Мастацтваў ў тэатры Якуба Коласа ў Віцебску. У верасні 2015 пазаўрочна сабраліся ў Мінску для рэпетыцый ўдзелу на тэатральным фестывалі ў Маскоўскім Шчукінскім вучылішчы, каб прадставіць там Акадэмію Мастацтваў, але з-за праблем з фінансаваннем паездкі ад Акадэміі візіт у Маскву быў адменены.

19 і 20 студзеня па абставінам, звязаным з пастаноўкай і напісаннем дыпломнай працы, Міхаіл адпрасіўся з заняткаў у Таццяны Міхайлаўны Траяновіч (педагог курса па рэжысуры і куратар курса), на што атрымаў станоўчы адказ, а таксама было сказана знайсці час, каб сустрэцца да іспыту і даць справаздачу аб выкананні дыпломнай працы.

19 студзеня студэнт даведаўся пра перанос экзамену, а ўчора, 21 студзеня, ён патэлефанаваў выкладчыцы Траяновіч, каб дамовіцца аб сустрэчы, у адказ на што пачуў, што на заўтрашнім іспыце яна збіраецца паставіць яму 2 балы і адлічыць з курсу. Важна адзначыць, што афіцыйны дзень правядзення іспыту — 9 лютага. Таксама ўчора прайшоў генеральны прагон, які, што лагічна, павінен быў праходзіць перад іспытам, але Мішу пра яго правядзенне ніхто не паведаміў. Дадзеныя дзеянні з'яўляюцца парушэннем пункта 28 пастановы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 29 мая 2012г. № 53 “Аб зацвярджэнні Правілаў правядзення атэстацыі студэнтаў, курсантаў, слухачоў пры засваенні зместу адукацыйных праграм вышэйшай адукацыі”.

З моманту аднаўлення (у сакавіку 2012 студэнта адлічылі з 3-га курсу за непаспяховасьць, у лістападзе 2012 года ён аднавіўся на 3 курс) у Міхаіла не было ні адной запазычанасці па іспытам або залікам, ацэнкі па прадметах спецыялізацыі: “Сцэнічная мова” — 8, “акцёрскае майстэрства” — 8, “Сцэнічная пластыка” — 8, “Рэжысура” ў апошнім семестры была ацэненая на 5 балаў, якая магчыма была выкліканая асабістай непрыязнасцю Таццяны Міхайлаўны Траяновіч:

"Таццяна Міхайлаўна сама неаднаразова прызнавалася перад усім курсам, што, яшчэ быўшы чальцом прыёмнай камісіі, не хацела мяне залічаць у Акадэмію Мастацтваў, і ў момант, калі я стаў яе студэнтам, была гэтаму абсалютна не рада" — кажа Міхаіл.

Па раскладзе дэканата, экзамены павінны былі праводзіцца 9 і 10 лютага, але першы з іх ужо сёння. Ці будзе праводзіцца другі экзамен па раскладзе, пакуль невядома.

Паводле: Студэнцкая Рада