На мяжы з Масквой: яшчэ раз пра кнігу Віктара Цемушава

Дэмаркацыя межаў — вельмі складаная і дарагая працэдура. У сучаснай Беларусі яна не завершаная дагэтуль. А цяпер уявіце, што ваша задача — дэмаркаваць межы па стане на XIV стагоддзе… 



mapa_3.jpg

Не так даўно ў кнігарні «Логвінаў» адбылася прэзентацыя кнігі «На ўсходняй мяжы Вялікага Княства Літоўскага». Так склалася, што прэзентацыя была адначасова вечарам памяці яе аўтара — Віктара Цемушава, які заўчасна пайшоў з жыцця 23 чэрвеня 2011 года.

Ex amore

Віктар Цемушаў быў незвычайным гісторыкам. Будучы знаўцам сярэднявечча, ён пакрысе захапіўся рэдкай і спецыфічнай, але вельмі запатрабаванай справай — гістарычнай геаграфіяй. Напачатку здавалася, што яго цікавасць была вымушанай — добрых гістарычных карт, якія задаволілі б яго як спецыяліста, напрыканцы 1990-х гадоў папросту не існавала. Каб ствараць якасныя карты, Віктар засвоіў спецыяльныя кампутарныя праграмы з такімі графічнымі магчымасцямі, якіх вучоныя мінулага стагоддзя і ўявіць сабе не маглі. Год за годам Цемушаў рабіўся ўсё больш вядомым картографам, чые працы праілюстравалі безліч навуковых і навукова-папулярных выданняў, у тым ліку «Краіну Беларусь» Уладзіміра Арлова і Змітра Герасімовіча.

Кніга «На ўсходняй мяжы…» — opus magna гэтага неардынарнага навукоўца — пабачыла свет у выдавецтве часопіса «ARCHE» напрыканцы 2014 года. Рэдактарамі кнігі сталі прафесар гісторыі Валянцін Голубеў і брат Віктара гісторык Сцяпан Цемушаў.

Выданне, якое на прэзентацыі аднагалосна называлі фундаментальным, прысвечанае гісторыі ўсталявання мяжы Вялікага Княства Літоўскага з Масковіяй у XIV—XVI стагоддзях. Кніга мае 31 унікальную гістарычную карту, распрацаваную аўтарам, а таксама зручны імянны паказнік, з дапамогай якога можна прасачыць гісторыю таго ці іншага памежнага населенага пункта.

Віктар Цемушаў, па сведчанні калег, быў сапраўдным асам картаграфіі і ў нейкім сэнсе задаў яе сучасныя стандарты, якія зрабілі беларускую картаграфічную школу вядомай і на захад, і на ўсход ад Беларусі. Кожная рыса яго межаў звяралася па летапісах і гістарычных дакументах. У некаторых выпадках аўтар нават выязджаў на мясцовасць і рабіў тапаграфічныя здымкі, спрабуючы з дапамогай сучасных тапаграфічных планаў зразумець, якое балота ці яр маглі стаць падставай для дэмаркацыі мяжы ў XV ці XVI стагоддзі. Калегі Цемушава згадваюць, што той вельмі крытычна ставіўся да працаў папярэднікаў, але гэта была канструктыўная крытыка: у выніку паўставалі карты і іх апісанні, якія істотна ўдакладняюць старыя, яшчэ савецкія карты.

mapa_3.jpg

І ўсю гэтую працу Віктар рабіў захоплена, ex amore — з любоўю да сваёй справы. Ён быў супрацоўнікам НАН РБ — установы, чаго там хаваць, інертнай і закасцянелай, — але быў далёкі ад таго, каб выконваць ідэалагічныя замовы дзяржавы. Выдавец кнігі Валер Булгакаў, кажучы пра ўмовы, у якіх стваралася манаграфія, нагадаў, што тэма «беларускасці» заходніх расійскіх земляў была табу для АН БССР: беларускія гаворкі Брашнчыны або Разаншчыны, гісторыя руска-беларускіх стасункаў — усім гэтым мелі права займацца толькі навукоўцы РСФСР. Гэтае табу так ці іначай існуе нават цяпер, у 20 гадоў як незалежнай Беларусі. Да таго ж, трэба было мець смеласць, каб у кантэксце яшчэ нядаўняй інтэграцыйнай рыторыкі пісаць пра руска-беларускія войны за кантроль над спрэчнымі тэрыторыямі, а не пра братэрства славянскіх народаў. «Таму гэта беспрэцэндэнтны выпадак — калі навуковец з афіцыйнай установы пайшоў у разрэз з «лініяй партыі», — падсумаваў Булгакаў. — Віктар кіраваўся не кан’юнктурай, а сваімі навуковымі ідэаламі».

Чый Смаленск?

Грунтоўны адказ на гэтае пытанне, якое так цікавіць тысячы ўдзельнікаў інтэрнэт-баталій, Віктар Цемушаў даць не паспеў. Яго родным горадам быў Бабруйск, таму яго натуральным чынам цікавіла Падняпроўе, Браншчына, «Гомейскія землі». «Смаленская» частка кнігі засталася ў накідах. Аднак паводле агульных звестак, якія дае нам гісторык, можна меркаваць, што гэтая тэрыторыя была прадметам гарачых спрэчак паміж дзяржавамі і часта пераходзіла з рук у рукі. Вечнае дэстабілізаванае памежжа… Як паўжартам сказаў Віктар Голубеў, на ўездзе ў Смаленск можна пабачыць плакат: «Смаленск — рускі горад». «Ці можна ўявіць сабе плакат «Масква — рускі горад?». Калі б у іх не было сумневаў, не пісалі б».

У той жа час факты, сабраныя Цемушавым, выключаюць палітычныя спекуляцыі. Кніга паказвае розныя абрысы слаўнага Вялікага Княства, але ў цэлым сведчыць, што сучасная мяжа паміж Расіяй і Беларуссю была сфармаваная ўжо ў XVI стагоддзі. І кожны лапік гэтай мяжы абгрунтаваны крывёю.

mapa_4.gif

Кніга мае не толькі навуковае, але і асветніцкае значэнне, падкрэсліў Валер Булгакаў. Пра гэта сведчаць лісты з розных куткоў Беларусі: на дзень прэзентацыі паступіла каля 60 папярэдніх замоваў на кнігу. Вядома ж, шмат чытачоў знайшлося менавіта на ўсходняй мяжы Беларусі: тамтэйшых аматараў гісторыі тэма, вядома ж, чапляе за жывое.

Прычына такой цікавасці ў тым, што чытача чакаюць не толькі звесткі па гістарычнай геаграфіі, але і апісанні ўмоваў, у якіх землі размяркоўваліся паміж дзяржавамі. Так, напрыклад, паводле першых чытачоў, манаграфія абвяргае міф, што ўдзельныя князі добраахвотна адыходзілі ад ВКЛ пад уладанні Масковіі. Часта такі пераход быў вынікам эканамічнага і сілавога ціску, які ўчынялі падасланыя Масквой «бандфармаванні». Па мадэлі «гібрыднай вайны» — тут жа правялі паралелі наведнікі прэзентацыі.

Іншы абвергнуты міф — ужо беларускі — тычыцца таго, што паходы князя Альгерда nach Osten былі экспансіўнымі і пераможнымі. Гэта не так, — зазначае рэдактар выдання, брат гісторыка Сцяпан Цемушаў. Усходні накірунак вельмі хутка перастаў цікавіць літоўскіх князёў, а амаль усе спробы экспансіі на Усход былі няўдалымі: Літва толькі страчвала землі… Кніга стваралася як каментаваны гістарычны атлас, а чытаецца як прыгодніцкі раман, — падзяліўся ўражаннямі Віктар Голубеў.

З адыходам Віктара Цемушава беларуская гістарыяграфія панесла непапраўную страту. У яго планах было дэталёва апісаць гісторыю ўсіх межаў Беларусі і змаганне за іх — і на Усходзе, і на Захадзе. Але, магчыма, кніга «На ўсходняй мяжы…» натхніць кагосьці працягнуць доследы. Так ці іначай, маем цяпер аўтарытэтную працу, якая раскрывае адзін з самых інтрыгоўных і як ніколі актуальных сёння аспектаў няпростага суседства Расіі і Беларусі.

viktor_temushev.jpg

Фота Цемушава з сайта www.hist-geo.net

«ЖЫЦЬ ВЕЛЬМІ ЦІКАВА»

У лістападзе 2010 года Віктар Цемушаў напісаў на сваім сайце:

«Толькі нядаўна я адчуў у сабе сілы і патэнцыял, якія дазволілі б мне ствараць сапраўды навуковыя працы. Я ўвесь час вучыўся, прымушаў сябе зноў і зноў перачытваць свае тэксты, шукаць новыя матэрыялы, вывучаць гістарыяграфію. Я стаў выразна арыентавацца ў сваёй праблематыцы, разумець сувязі і тэндэнцыі. За сваю справу я хварэў, перажываў, калі бачыў халтуру і адкрытае імкненне многіх нашых псеўданавукоўцаў прыкарміцца каля навуковых і навучальных праектаў. Я думаю, што гэта і стала адной з прычын развіцця маёй хваробы, якая мяне ўсё больш і больш адольвае.

На жаль, рэальнасць такая, што мне ўжо не атрымаецца ажыццявіць усе задуманае. Але я пражыў поўнае, насычанае жыццё. Рабіў памылкі, не пазбег нават гнюсоты са свайго боку, якія ўспамінаю з болем. Але, усё ж, думаю, што запомняць мяне як сумленнага і прынцыповага чалавека, неабыякавага да сваёй справы, заўсёды гатовага дапамагчы сваім калегам. Жыць вельмі цікава, я даўно забыўся, што такое нуда. Буду працаваць і змагацца да канца».