Музычны рух: Наперад да каранёў!
Выданне непадцэнзурных дыскаў з беларускамоўнымі музычнымі і літаратурнымі творамі стала магістральным напрамкам у развіцці беларускага музычнага руху. У 2013 годзе на розных тутэйшых і замежных лэйблах было выдадзена каля 40 беларускамоўных CD і DVD-дыскаў, што стала нагодай для разгляду мастацкіх вартасцей найцікавейшых з іх. Прынамсі, па раздзелу «рок».
Вяртанне «генералаў»
Для ўсяго беларускага рок-руху стаў важнай падзеяй чарговы рэліз ад «генералаў айчыннага року», гурта N.R.M. іх альбома «Д.П.Б.Ч.» Упершыню ў беларускай фанаграфіі ён быў выдадзены не толькі ў CD-фармаце але і на вінілавым носьбіце.
Цікава, што новы альбом пачынальнікаў нацыянальнай плыні ў айчыннай рок-музыцы прыйшоўся да спадобы як спрактыкаваным у музычных тэндэнцыях аналітыкам, так і маладым рэцэнзентам. Вось як падсумаваў значнасць чарговага альбома N.R.M. вядомы музычны крытык Віктар Мартыненка: «Калі вам скажуць, што N.R.M. страціў канцэптуальнасць з адыходам Вольскага, дык не верце: вось вам альбом страчанага пакалення, якое чакае сонца, не губляючы аптымізму» (http://belmusic.org/).
Музычнае напаўненне новай кружэлкі паўстала ў новым абліччы, як гарманічна-меладычным, так і ў рытмічным. Паслухайце, напрыклад, паказальны твор — кампазіцыю «Мроя мая», якая праз шматлікія асацыяцыі адсылае нас да творчасці «энэрэмаўскага» папярэдніка — гурта «Мроя». Але музыка гэтай кампазіцыі не рок-н-рольна-фолкавая з дамешкам панк-рока. Яна зусім адрозніваецца ад звычнага гучання гэтага гурта.
Новая музыка N.R.M. — больш сучаснае асэнсаванне альтэрнатывы, з яе пастаянным зваротам у лірыцы песень да экзістэнцыяльных праблем маладога слухача і выкарыстаннем пост-рокавых меладычных схем і аранжыровак. Але музыканты ў пагоні за навізной не зракаюцца і рок-н-рольнай «старыны», якая гарантавала ў мінулым поспех «Мроі» і N.R.M.
Паказчыкам гэтых адносін да асноў року можа служыць кампазіцыя «Прамень», якая мела шырокі рэзананс у коле аматараў айчыннай рок-музыкі, дзякуючы нечаканай ратацыі на тэлеканалах сапраўды ўражваючага сваім пазітывам відэа-кліпа на гэтую кампазіцыю. Свой піетэт да мінулага музыканты гурта абазначылі тым, што ў інтрадукцыі да яе выкарыстана мелодыя Дж. Харысана «Here Comes the Sun» з альбома «Abbey Road», гурта «Beatles».
Старыя прыхільнікі N.R.M. і цікаўныя маладыя слухачы, якія ўзгадаваліся на постмадэрнізме, знойдуць шмат свайго ў такіх кампазіцыях альбому, як «Ты маўчыш — я маўчу» ці «На далоні» з рэпертуару гурта Піта Паўлава «Garadzkija».
Але трошкі пра траблы (ці няўдачы) альбома. На мой погляд, іх дзве. Гэта фолк-апрацоўка «Кузнічка», якая была запісана да мінулагодняга адборачнага конкурсу да «Еўрабачання». На жаль, музыканты спяшаліся і не поўнасцю выкарысталі патэнцыял народнай мелодыі, не змаглі з дапамогай аранжыровак падкрэсліць яе энергетыку і прыгажосць. Ды і сама «Кузнічка» больш стасуецца з якой-небудзь фолк-складанкай, чым з канцэптуальным альбомам. Кампазіцыя «Хрусць і папалам» зноў уздымае непрыемныя выпадкі адносін некаторых беларусаў у метраполіі да прадстаўнікоў нашай эміграцыі сталага веку. Калі на альбоме N.R.M. «Тры чарапахі» (2000 г.) сатырычны дыялог з аналагічнай назвай быў успрыняты з разуменнем, то новыя рэмінісцэнцыі на гэтую тэму выглядаюць недарэчнымі.
Лейтматывам альбома «Д.П.Б.Ч.» можа стаць песня, якая дала назву новай кружэлцы. Яна ўвасабляе і развітанне з былым, і крокі насустрач новаму пакаленню слухачоў, якія будуць складаць асноўную частку прыхільнікаў новага N.R.M. — гурта-«доўгажыхара» беларускай рок-сцэны, мадэрновага і бескампрамісна беларускага.
Пра славянскую Атлантыду
Канцэрты айчынных экстрэмальных гуртоў апошнім часам адбываюцца не так часта. Гэтаму ёсць свае тлумачэнні: тут і арганізацыйныя цяжкасці, і адсутнасць канцэртных пасведчанняў, і музыка, якая часцяком не падабаецца тым, хто дае дазвол на канцэрты метал-каманд. Затое гэты змушаны канцэртны «перапынак» айчынныя экстрэмалы не губляюць дарма: працуюць у студыі, запісваюць новыя кампазіцыі і альбомы.
Вось і адзін з лідараў айчыннай paga-folk-metal-сцэны гурт «Камаедзіца» зрабіў падарунак слухачам Беларусі, Украіны, Нямеччыны. Менавіта там цяпер можна паслухаць іх навінку — альбом «Чалавек Планеты», які быў спачатку выдадзены ў Кіеве, а пасля з дапаўненнямі быў паўтораны нямецкім выдавецкім лэйблам «Wewelsburg records».
Нямецкія прадзюсеры альбома дадалі да праграмы дыска спецыфічны трэк ад «Камаедзіцы» — музычны гімн «Дух ваяра» (на рускай мове), які быў запісаны да спаборніцтваў па змешаных баявых адзінаборствах М1, што праводзіцца пры спонсарстве аднаго з сусветна вядомых вытворцаў спартыўнай вопраткі.
І вось беларускі, магутны і энергетычна насычаны pagan-folk-metal «Камаедзіцы» з альбомам «Чалавек Планеты» праз інтэрнэт і шырокую еўрапейскую дыстрыбуцыю стаў набыткам еўрапейскай музычнай супольнасці (мо таму і ўсе назвы кампазіцый альбома пададзены на англійскай мове, я ж буду перакладаць іх у нашу мову).
Якія ж ідэі і філасофскія асэнсаванні нясе экстрэмальная музыка вядомага беларускага гурта? Бадай што так: без моцы сваіх каранёў ты не можаш асэнсаваць сваё месца ў Сусвеце. Пра гэта ў кампазіцыях «Свет ты робіш сам», «Свет каляровы, а не руды». Горыч ад страт універсальных каштоўнасцяў цывілізацыі, а з ёй і пачуцця Роднай Зямлі, трывога за лёс чалавечага, самага дарагога, што засталося ў душы лірычнага героя, яго рашучасць адстойваць усё, што засталося нам у спадчыну…
Канцэптуальны працяг і развіццё ўсяго таго, што было створана музыкантамі ў альбомах «Дзеці лесу», «Пяруне», выразна адчуваецца ў тэкстах (аўтар — лідар гурта Люты) і музыцы такіх кампазіцый, як «Калі змагу ўбачыць Новы Світанак», «Дакраніся да кветкі свайго сумлення». А вось лірычны бок творчасці гурта адлюстраваны ў кампазіцыі «Каханай». Яна вылучаецца пранізлівай мелодыяй, якую дасканала выканаў на гітары Арцём і пранікнёна праспяваў Люты.
Гэтыя песні могуць лічыцца паказальнымі, бо ў іх ёсць кантраст, які дамінуе ў песеннай творчасці гурта «Камаедзіца», як у мелодыях, так і лірыцы, выкананні. Цікава, што на альбоме арганічна пераплеценыя і жорсткія рыфы pagan-folk-metal, электронны hard-core з энергічным гроўлінгам, баладныя спевы. А таксама інструментальныя кампазіцыі, якія прадстаўлены такімі п’есамі, як загалоўная кампазіцыя «Чалавек Планеты» ці рытмізавана-мінімалісцкай кампазіцыяй «Там, дзе жыве Сонечны Прамень»…
Амбівалентнасць, дваістасць значэнняў некаторых узораў лірыкі гурта (скажам, калі музыканты крытычна ставяцца да ліберальных «выкрунтасаў»), пазітыўны нацыяналізм музыкантаў дае падставу некаторым звышпільным слухачам і інтэрнэт-тролямі абвінавачваць гурт ледзь не ў прыхільнасці да «расавай чысціні». Мы ж маем справу з чарговым арт-праектам, які музычнымі сродкамі абвяргае такія закіды ўдзельнікам калектыву.
Лёс Барбары Радзівіл
З’яўленне на айчыннай рок-сцэне гурта «LitvinTroll» было ўспрынята беларускімі слухачамі як новая арыгінальная музычная з’ява. І гэта не дзіва: у склад традыцыйнага metal-гурта былі ўключаны дзве беларускія дуды (на іх саліравалі лідар гурта А. Апановіч і дудар, аўтар тэкстаў В. Верабейчыкаў), які надалі гучанню гурта незвычайныя рысы, вылучылі «LitvinTroll» з шэрагу аднатыпных каманд.
Услед за першай кружэлкай гурта «Rock’n’Troll» (2008 г.), якая была прыхільна сустрэтая крытыкай і слухачамі, музыканты падрыхтавалі і выдалі новы дыск, які адразу стаў заўважнай падзеяй на беларускай «цяжкай» рок-сцэне.
Трэба нагадаць, што выхаду альбома папярэднічалі трагічныя падзеі — гібель падчас metal-фэсту ў Гомелі басіста «LitvinTroll» Алега Клімчанкі. Таму новую працу музыканты прысвяцілі свайму сябру і далі альбому містычную назву «Чорная Панна». Дый сама праграма пачынаецца з кампазіцыі пад назвай «Да сябра». Яна адметная гармоніяй сучасных электронных і старажытных інструментаў, рытмічных рок-рыфаў і акустычных пераліваў беларускіх дудаў.
Адно з мацнейшых уражанняў альбома «Чорная Панна» — квазі-балада «Крыжак» («Песня пра Троляў ІІ»), якая захапляе слухачоў жахлівым, злобным і, адначасова, сцёбным тэкстам пра прыгоды троляў-ліцьвіноў. Гэтая кампазіцыя — цудоўны прыклад сінтэзу сучаснага medieval’ю і гітарных metal-рытмаў.
Працягам гэтай важнай для гурта тэматыкі можна лічыць і «Каралеўскую» песню, тэкст да якой стварыў Васіль Верабейчыкаў, выступіўшы на альбоме як асноўны тэкставік гурта.
У тэксце да песні «Чорна Панна» Васіль асэнсаваў вобраз і трагічны лёс Барбары Радзівіл. З гэтага матэрыялу і змрочна-таямнічай мелодыі і аранжыровак атрымалася вельмі атмасферная кампазіцыя, якая быццам вядзе слухачоў па залах Нясвіжскага палаца XVI стагоддзя.
Сярэднявечна-арыстакратычную тэматыку музыканты «LitvinTroll» працягнулі шыкоўнай інструментальнай п’есай «Ad Astra» («Да зор»), у якой саліруюць цыстра, на якой грае А. Апановіч, і флейта М. Шарый з гурта «Стары Ольса».
Фолк-старонку альбома «Чорная Панна» адчыняе даволі пацешная апрацоўка народнай песні «Камарова смерць», у якой А. Апановіч дэманструе віртуозны спеў-рэчытатыў. Народная тэматыка мае працяг і ў народнай песні «Ліпка», якая выконваецца на польска-беларускай мяшанцы.
Тое, што новы дыск гурта «LitvinTroll» атрымаў высокую адзнаку крытыкаў і слухачоў, займае вядучыя месцы ў хіт-парадах і аглядах, невыпадкова. Сваім першым альбомам «Rock’n’Troll» музыканты гурта ўзнялі дастаткова высока творчую планку і падвысілі яе яшчэ вышэй.