Леанард Коэн: меланхалічная балада працягласцю ў жыццё

Канадскі спявак Леанард Коэн даўно меў сусветную вядомасць і статус зоркі, як аўтар і выканаўца сваіх песень (сонграйтар). Нажаль, так часта бывае, што спяваючыя паэты такога ўзроўню, як Коэн, абрываюць сваю песню на самай шчымлівай ноце…

leonard_cohen_rip.jpg

Пасля смерці выканаўцы ў гэтым годзе цікавасць да яго творчасці яшчэ больш узрасла па ўсім свеце. Нават сёлетні нобэлеўскі лаўрэат па літаратуры Боб Дылан са скрухай адзначыў, што такога музыканта, як Коэн, не было і не будзе.

У Беларусі сведчаннем гэтай цікаўнасці стаў канцэрт-трыб’ют «Заўсёды твой, Коэн», які ўчора адбыўся ў беларускім Прэс-клубе пры падтрымцы культурніцкай кампаніі «Будзьма беларусамі» ў рамках праекту «Пяцісотгоднасць».

Кніга паэзіі Леанарда Коэна

Кніга паэзіі Леанарда Коэна

Рухавікамі гэтага памятнага канцэрта сталі вядомы паэт і перакладчык, у тым ліку і «спяванай паэзіі» Леанарда Коэна, Андрэй Хадановіч і музыканты гурта TonqiXod Уладзь Лянкевіч (гітара, спеў), Максім Субач (клавішныя, спеў) і Андрэй Аляксеенка (кахон). Менавіта гэтая творчая калабарацыя вызначыла асноўную танальнасць канцэрта-трыб’юта – меланхалічны расповед пра памятныя падзеі жыцця і творчасці спевака, а таксама асэнсаванне з дапамогай роднага слова яго багатай паэтычнай спадчыны, раскіданай па чатырнаццаці паўнафарматных альбомах Коэна.

Андрэй Хадановіч і гурт TonqiXod распачалі сваю беларускамоўную музычную анталогію твораў Л.Коэна адной, як адзначыў Хадановіч, з недаацэненых кампазіцый выканаўцы — I Can’t Forget, якая ў беларускамоўнай версіі займела назву «Я помню ўсё». Далей музыканты прапанавалі слухачам некалькі твораў канадскага выканаўцы, якія адлюстроўваюць яго філасофскі погляд на жыццёвыя і сацыяльныя з’явы: «Ідзе вайна», «Чэлсі Гатэль», «Закон».

«А вось пра знакаміты гімн Hallelujah («Алілюя») Ленанард Коэн заўсёды казаў, што песня свецкая, а не рэлігійная, што для яго, як аўтара, гэтая песня і мелодыя – метафара таго пачуцця, калі чалавек выходзіць са свайго штодзённага стану, калі яго жыццё асвятляе каханне, натхненне ці прыгажосць прыроды» — адзначыў Андрэй Хадановіч.

Андрэй Хадановіч спявае Алілюя!

Андрэй Хадановіч спявае Алілюя!

Усе выкананыя на канцэрце ў Прэс-клубе кампазіцыі маюць сваю адметную гісторыю, пра якую з шчырым захапленнем і гістарычнымі нюансамі і анекдотамі (асабліва пра эпічную сустрэчу Л. Коэна і Б. Дылана ў парыжскім кафэ) распавядаў паміж песнямі Андрэй Хадановіч.

Беларускі Прэс-клуб сабраў прыхільнікаў Л. Коэна

Беларускі Прэс-клуб сабраў прыхільнікаў Л. Коэна

Сюрпрызам канцэрта-трыб’юта «Заўсёды твой, Коэн» стала запрашэнне сталічнага пісьменніка і выканаўцы Міхаіла Валодзіна, які, па яго словах, «першым пазнаёміў Мінск з Коэнам», калі з-за мяжы ў пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя прывёз у Беларусь усяго толькі фота і звесткі пра гэтага спевака, а потым за шалёныя грошы набыў дыск Леанарда Коэна і сам захапіўся яго паэзіяй і мелодыкай. Але Міхаіл не стаў пераствараць песні Коэна, а рабіў свае кампазіцыі пад уплывам вобразаў канадскага выканаўцы. Сярод іх «Башня слоў», «Венскі вальс». Праўда, гэты вальс не той, што ў Коэна, а свойскі…

Міхаіл Валодзін выказаў сваё меркаванне, што прадзед спевака реб Лэйзер быў выкладчыкам у Валожынскай іешыве, а маці родам з-пад Коўна. Гэты факт, па прызнанню Валодзіна, даў падставу для роздуму, а потым для стварэння настальгічнай кампазіцыі «Мястэчка» — своеасаблівай паэтычнай лакацыі месца, адкуль пачыналіся вытокі паэтыкі Леанарда Коэна.

Міхаіл Валодзін выконвае песні паводле Леанарда Коэна

Міхаіл Валодзін выконвае песні паводле Леанарда Коэна

А. Хадановіч і М. Валодзін чытаюць вершы Л. Коэна

А. Хадановіч і М. Валодзін чытаюць вершы Л. Коэна

Эстафету «коэнаўскай» вечарыны падхапіў малады блюзмэн і аўтар-выканаўца Юрась Ускоў, які на мове арыгінала выканаў кампазіцыі Famous blue raincoat («Знакаміты сіні плашч»), There is a War («Ідзе вайна») і інш.

На сцэне Юрась Ускоў з песнямі Коэна на мове арыгінала

На сцэне Юрась Ускоў з песнямі Коэна на мове арыгінала

Завершыць музычную вечарыну, прысвечаную Леанарду Коэну, давялося зноў жа паэту, перакладчыку і выканаўцу Андрэю Хадановічу і музыкантам гурта TonqiXod. Цяпер яны прапанавалі  слухачам больш вядомыя эвергрыны Коэна ў «электрычна-экспрэсіўным» варыянце выканання, а таксама чытанне яго вершаў у перакладах Андрэя Хадановіча і Вальжыны Морт.

Андрэй Хадановіч і гурт TonqiXod

Андрэй Хадановіч і гурт TonqiXod

Беларускі Прэс-клуб сабраў прыхільнікаў Л. Коэна

Беларускі Прэс-клуб сабраў прыхільнікаў Л. Коэна

Такія інтэрпрэтацыі кампазіцый Леанарда Коэна, як Everybody Knows («Кожнаму відно»), The Future («Будучыня»), I’m Your Man («Я ўвесь твой») , Dance Me to the End of Love («Танчы да канца кахання») і іншыя нагадалі слухачам, што магчымасці беларускай мовы дазваляюць перадаць надзвычай тонкія пачуцці, метафары і алюзіі самых таленавітых сусветна вядомых аўтараў «паэзіі спяванай».

Паэт і перакладчык Андрэй Хадановіч у дуэце з клавішнікам Максімам Субачам

Паэт і перакладчык Андрэй Хадановіч у дуэце з клавішнікам Максімам Субачам

Слухачы, якія прышлі ў гэты вечар у Прэс-клуб, адчулі магію паэзіі Коэна, бо ўслухоўваючыся ў кожнае слова, сказ і рыфму, узнагароджвалі выканаўцаў шчырымі апладысментамі і воклічамі «брава!». Прыемна, што гэтую радасць ад сустрэчы з творчасцю выдатнага канадскага выканаўцы ў гэты дзень з беларусамі падзялілі Надзвычайны і паўнамоцны пасол Швецыі ў Беларусі Марцін Оберг з жонкай.