«Лайк», «кейс», «офер»... Ці можа беларуская мова абысціся без замежных слоў?
Мова — з'ява жывая, зменлівая, яна пастаянна развіваецца, з часам у ёй з'яўляюцца новыя словы (а ў грамадстве — новыя з'явы), часам штосьці мы засвойваем праз запазычванне з іншых моў. Але ці варта гэтым злоўжываць?
Чытала артыкул, радкі беглі хутка, цікавая і прыемная інфармацыя, а потым сустракаю выраз «пэт-тэрапія» і адчуваю здзіўленне ды пэўны дысананс. Адчула, што шчыра дзівішся, калі ў медыйных тэкстах бачыш запазычанае слова, фразу, тэрмін ці выраз, якія ты не сустракаў раней (альбо сустракаў рэдка). Пра ўжыванне замежных словаў у беларускай мове піша на «Будзьме» перакладчыца Марыя Гіліца.
Калі тэрмін ці выраз новы, часам ён нават пужае. Бо калі прыглядаешся, то бачыш, што з’ява ці прадмет, за ім схаваныя, — добра вядомыя, абсалютна родныя. І калі яны падаюцца ў «абгортцы» чужых спалучэнняў літар і гукаў, гэта выклікае дысананс.
Пэт-тэрапія vs. тэрапія жывёламі
Пэт-тэрапія. Гучыць насцярожліва, халодна. Тэрапія жывёламі — гучыць прыемна, мякка (бо на знаёмыя словы з’яўляюцца асацыяцыі: пухнатыя сабакі, каты, прыемна з імі бавіцца і г. д.). Лячэнне жывёламі, лячэнне з дапамогай жывёлаў — гучыць зусім зразумела.
Вядома, выкарыстанне замежных гатовых выразаў эканамічна, ашчаджальна. Менавіта гэтая замежная мова, дакладней, яе носьбіты, «прыдумалі абазначаць» пэўную з’яву, аб’ект, яны вылучылі яе з рэчаіснасці і назвалі, бо мелі ў гэтым патрэбу. А іншыя народы запазычваюць і з’яву (як, напрыклад, віды лячэння), і часта тэрмін, бо ён лаканічны.
Але магчыма, калі мы пакуль не прыдумалі свой добры адпаведнік, больш варта ўсё ж выкарыстоўваць доўгія апісальныя выразы, калі гэта дазваляе мова. І гаворка менавіта пра публіцыстычныя тэксты, якія чытае шырокае кола людзей. Напэўна, у навуковай сферы свае правілы, і там можа быць слушна запазычваць і выкарыстоўваць замежныя тэрміны (прынамсі, пакуль не ўвялі свае), але і чытаць навуковыя тэксты будуць людзі «ў тэме».
У публіцыстычных тэкстах такія запазычанні выклікаюць здзіўленне, неразуменне, страх і засмучэнне, асабліва калі чытачу ці слухачу трэба шукаць значэнне гэтага слова ці выразу. Яны патыхаюць штучнасцю, чужасцю, не ўпісваюцца ў сваю рэчаіснасць. Так, яны ўзятыя з чужой рэчаіснасці, але ж ужо прыўласненыя і ў сваёй: ці матэрыяльна (у Беларусі ёсць тэрапія альбо лячэнне камунікацыяй з жывёламі), ці ідэальна (мы ведаем, уяўляем, разумеем пэўную ідэю, хаця самі можам яе не мець, не бачыць, не практыкаваць).
Выраз «тэрапія жывёламі» ці «лекаванне жывёламі» ў вялікай колькасці людзей, хіба ў абсалютнай большасці, адразу нараджае патрэбныя асацыяцыі, вобразы: чалавек ведае ўсе словы, ведае сам выраз альбо можа яго зразумець (калі ніколі не чуў пра лекаванне жывёламі, можа пэўным чынам уявіць гэта, здагадацца, бо ўсе словы яму добра вядомыя, яны актыўна выклікаюць у яго патрэбныя вобразы прадметаў ці з’яў). Выраз «пэт-тэрапія» патрабуе спачатку перакладу «пэт» на сваю мову, а потым ужо нараджаюцца патрэбныя вобразы. «Пэт-тэрапія» адразу народзіць патрэбныя вобразы, патрэбнае разуменне гэтага выразу, толькі калі чалавек часта ўжывае гэты выраз, калі пад ім адразу разумее гэты тып лекавання, калі ён паспяхова запазычыў гэты замежны тэрмін, уключыў яго ў свой слоўнік, актыўна яго ўжывае.
І паўстае пытанне: калі наша мэта — увабраць у сваю мову замежныя словы, то слушна падаваць такія замежныя тэрміны ў публіцыстычных тэкстах, бо нам прыйдзецца іх запомніць і ўжываць. Калі ж мы не імкнемся да такой мэты, то варта не злоўжываць замежнымі тэрмінамі, словамі і выразамі, а прыўносіць новыя з’явы і аб’екты ў сваю мову сродкамі сваёй мовы. Калі мы прыўласніваем з’явы і аб’екты, навошта цурацца рабіць гэта сваёй мовай? Падаецца, гэта больш гарманічна, лагічна, проста і патрэбна: бо словы сваёй мовы нараджаюць адпаведныя патрэбныя вобразы, эмоцыі і асацыяцыі.
Яшчэ прыклады ўжывання замежных слоў замест беларускіх
Такіх прыкладаў, як «пэт-тэрапія», можна прывесці шмат. «Кол», «лайфстайл», «кейс», «бабл-ці» (назвы напояў — асобная тэма), «перформанс», «тынэйджар», «арты», «джоб-офер».
Многія з такіх слоў будуць нават не новымі: гэта звычайныя беларускія словы, якія шырока ўжываюцца і якія чамусьці замянілі на калькі («лайфстайл» — лад жыцця, «тынэйджар» — падлетак, «джоб-офер» — прапанова працы).
Важнае моўнае пытанне
Гэты артыкул ніяк не заклікае пазбягаць любога калькавання замежных слоў. Мы, да ўсяго, можам бачыць, як і развітыя еўрапейскія мовы запазычваюць у свой лексікон многія іншамоўныя словы і адмыслова ўжываюць іх.
Артыкул заклікае падумаць, ці сапраўды замежная калька — найлепшы варыянт у тым ці іншым месцы ў тэксце, чым яна апраўдваецца (калі ласка, толькі не чыстай любоўю да англійскай ці жаданнем гучаць крута).
Магчыма, аўтарка дапусціла наіўнасць, і калі ў беларускіх публіцыстычных тэкстах так актыўна і ахвотна выкарыстоўваюцца калькі з замежных моў, то за гэтым стаяць складанейшыя працэсы, і не так проста можна гэта патлумачыць, чым простай лянотай, адсутнасцю рэфлексіі, неразуменнем важнасці чысціні мовы ці любоўю да англійскіх слоў, бо ж так, у гэтым тэксце гаворка пераважна пра працэс калькавання менавіта з англійскай мовы, якая, не сакрэт, каланізуе свет. Але гэты артыкул — спроба звярнуць увагу на гэтае важнае моўнае пытанне.