«Крамбамбуля»: ад застольнай, да партызанскай

Сапраўднае свята чакае аматараў беларускай рок-музыкі 7 лістапада ў Вільне, дзе абудзецца прэзентацыя альбома «Крамбамбулі» «Чырвоны штраль». Як заяўляюць самі музыканты, пасля гэтага яны «плануюць сыйсці ў лясы».



Але каб гэтая прэзентацыя, як і сам альбом, пакінулі адметны след у гісторыі беларускага року, музыканты выкарысталі некалькі апрабаваных прыёмаў для раскруткі свайго музычнага прадукту і яго канцэртнай прэзентацыі. Адным з самых прадуктыўных, на мой погляд, стала сэнсава неакрэсленая заява пра тое, што музыкі пасля прэзентацыі «Чырвонага штраля» «сыходзяць у лес». Што гэта значыць і ці пачуюць беларускія фанаты «Крамбамбулі» новыя гіты ад улюбёных выканаўцаў? Больш абазнаныя ў законах шоў-бізу прыводзілі прыклад гурта «Scorpions», якія «сыходзілі ў лясы» ўжо разоў пяць і заўсёды вяртаўся адтуль з нязменным фінансавым прыбыткам…

Так гэта ці не, выпала магчымасць даведацца цікаўным падчас аўтограф-сесіі, якую наладзілі музыканты і ўладальнікі інтэрнэт-крамы «symbal.by» для ўсіх аматараў творчасці Лявона Вольскага і гурта «Крамбамбуля» ў адным са сталічных гандлёвых цэнтраў. Там жа ахвотным можна было набыць сувенірную прадукцыю — мерч, прысвечаны сімволіцы альбома «Чырвоны штраль» і ўсяму таму, што звязана з гуртом: тэматычныя «партызанскія» цішоткі, пашпарты, сцягі, торбы і іншыя сувеніры, якія распрацаваў дызайнер Ігар Назараў. Тым, хто прыйшоў на аўтограф-сесію былі прапанаваныя фірмовыя кружэлкі з альбомам «Чырвоны штраль» і магчымасць атрымаць аўтограф любімых выканаўцаў, а таксама набыць квіткі на прэзентацыю дыска ў Вільнюсе.

Такую падзею сапраўдныя прыхільнікі беларускай рок-музыкі прапусціць не маглі! І таму многія з іх прыйшлі раней, каб выбраць сувеніры, якія спадабаліся, і чакалі музыкантаў. Час ішоў марудна і арганізатары сесіі, каб больш паінфармаваць маладых аматараў творчасці «Крамбамбулі», далі слова ветэрану беларускай рок-журналістыкі, пісьменніку Вітаўту Мартыненку, які праз прызму сваёй новай кнігі «ROCK on-line», распавёў прысутным пра творчы шлях гурта і яго лідэра Л.Вольскага, пра пакручасты лёс беларускай рок-музыкі і выказаў упэўненасць, што ўсе яе цяперашнія цяжкасці часовыя і адыйдуць у мінулае разам з пакаленнем тых чыноўнікаў, які засвоілі толькі навуку забаронаў.

Тым часам зала загула і пад агульныя воплескі сабраўшыхся Лявон Вольскі і ўдзельнікі «Крамбамбулі» занялі адведзеныя ім месцы ў зале гандлевага цэнтра. Лявон у сваёй нязмушанай дыялогавай манеры распачаў сесію адказамі на пытанні маладых слухачоў. Іх цікавілі думкі і адказы музыканта на разнастайныя пытанні: ад адносінаў да гурта «Дай Дарогу!» і да Сяргея Міхалка асабіста, ад магчымасці «пераходных» канцэртаў (у пешаходных пераходах) і футбольных прыхільнасцяў, да таго, што адчувае музыкант, калі ў яго адрас гучаць апладысментамі. Гэтае пытанне Лявону, дарэчы, на чысцюткай беларускай мове, задаў пяці-шасцігадовы хлопчык, чым выклікаў гарачыя апладысменты прысутных, атрымаў адказ ад самога Лявона Вольскага: «Цудоўнае адчуванне! Хочацца пакланіцца такім слухачам». Адказ лідэра «Крамбамбулі» і апладысменты выклікалі сапраўдны гонар за свайго сына-беларуса яго маці, якая прывяла хлопца на гэтую сустрэчу.

Лявон таксама шчыра адказваў і на некаторыя глабальныя пытанні, звязаныя з працэсамі ў жыцці нашай краіны, адносінамі з афіцыйнымі прадстаўнікамі ўлады, дзяліўся сваімі думкамі пра падзеі, якія абмяркоўваюцца ў нашым грамадстве. Напрыклад, на пытанне адносна сёлетняга ўручэння Нобелеўскай прэміі па літаратуры пісьменніцы Светлане Алексіевіч. Лявовон тут быў цвёрдым ў сваіх перакананнях: «Я стаўлюся да такой падзеі з пэўнай эйфарыяй. Гэта першы чыста беларускі Нобель! Раней гэтую прэмію атрымлівалі ў асноўным дзеці эмігрантаў беларускага паходжання. А цяпер Нобелем уганаравана сапраўдная беларуская літаратарка, які тут доўга жыла, добра ведае нашу рэчаіснасць».

Прысутных на аўтограф-сесіі цікавіла і пытанне пра тое, ці сапраўды музыканты «Крамбамбулі» «збіраюцца ў лес» — ці на «партызанскім» слэнгу, збіраюцца завяршыць канцэртную дзейнасць? Лявон Вольскі ад імя ўсіх удзельнікаў гурта падкрэсліў: «Мы ніколі не казалі, што гэта апошні канцэрт, мы казалі, што гэта апошні альбом (чым выклікаў здзіўленыя воклічы і апладысменты!). Розніца ў тым, што хутчэй за ўсё мы больш не будзем выпускаць альбомы, і пакідаем за сабой права выпускаць адну-дзве песні, з нагоды нейкай ўсхваляваўшай нас падзеі. А тут у Беларусі мы выступаць не плануем з-за пастаянных бюракратычных перашкод. Толькі дзесці за мяжой — на «Басовішчы», на замежных фэстах, у тым ліку і ва Ўкраіне, будзем разглядаць і «партызанскія» прапановы выступаць там, «дзе ёсць побач лес».

Аўтограф-сесія гурта «Крамбамбуля» завяршылася, але яшчэ доўга аматары песеннай творчасці гурта абмяркоўвалі факты і звесткі, выкладзеныя Лявонам і ўдзельнікамі гурта пра альбом «Чырвоны штраль» і ўпэўніліся ў тым, што канцэрт ў Вільнюсе — музычная падзея, якую варта пабачыць «ужывую».