Гарадзенскія філатэлісты атрымалі 14 узнагародаў

Збіральнікі паштовых марак з Гародні атрымалі 14 узнагародаў на міжнароднай выставе «Берасце-2016», што адбываецца 18-25 чэрвеня 2016 года.

thumbs_fil6.jpg


Калегія журы з Польшчы, Украіны да Беларусі ацэньвала 70 калекцый з 9 краін свету. А гарадзенцы прадставілі калекцыі на розныя тэмы – ад вайсковай пошты да старажытнага жывёльнага свету.
Пра гарадзенскія калекцыі ды ўзнагароды распавядае старшыня абласнога таварыства філатэлістаў Фрыдэрык Гушча:
 – Вялікія пазалочаныя медалі – 2, пазалочаныя – 2, вялікія срэбныя – 3, срэбныя – 4, пасрэбраны – 1, бронзавыя – 2. Я лічу, што для такога міжнароднага ўзроўню гэта вялікае дасягненне.
Гарадзенскі філатэліст Алесь Госцеў:
Я расчулены. Бо для мяне любая ўзнагарода – гэта вялікая пашана, асабісты гонар. Не толькі філатэлісты, але і простыя людзі добра ведаюць, што сабраць такую калекцыю няпроста, а тым больш падрыхтаваць да выставы. Мне вельмі прыемна. І я спадзяюся, што гэта мая не апошняя ўзнагарода.


Пабачыць зробленыя гарадзенцамі экспанаты, а таксама зборы большасці філатэлістаў з іншых краін магчыма ў Берасці па вуліцы Савецкая 29, у былым будынку кінатэатра “1 мая”. Выстава будзе працаваць да 25 чэрвеня.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня