Фотапраект «Нашы руіны»: Палац пад коламі самазвалаў
Што
гэта? Частка вялізнага замка, ці маёнтка? Можа, гэта нейкая трыумфальная арка з
нагоды важнай гістарычнай падзеі? Не, гэта проста такая ўязная брама. Гродзенская
вобласць, Жырмуны, што у Лідскім раёне.
Дакументы кажуць, што ў пачатку ХІІІ ст. тут было паселішча, затым мястэчка.
З XV ст. гэта уладанні Бутрымаў, Монтаўтаў, Завішаў. З сярэдзіны XVIII ст. — маёмасць Радзівілаў. Апошнія ўладальнікі — Ельскія.
Пачынаючы з 1770 г. на працягу 15 гадоў, тут Станіслаў Радзівіл вёў грандыёзную будоўлю.
Спачатку было запланавана узвесці дзве афіцыны, абнесці іх агароджай з вялікай уязной брамай, залажыць парк ды сады.
Па праекце архітэктара Яна Падчашынскага, у глыбіні двара павінен быў стаяць палац, але гэта так і засталося на паперы.
Бо ў 1787 г. не стала гаспадара будучай рэзідэнцыі, Станіслава Радзівіла, які падчас будоўлі жыў з сям'ёй у адной з афіцын.
Сёння ўражвае дарога праз браму! Па ёй ходзіць вялізная тэхніка, якая год ад году разбурае сцены, падмурак брамы.
І мясцовыя улады, і тыя, хто займаецца аховай нашай спадчыны не бачаць, што і сёння працягваецца разбурэнне і знішчэнне... Прыйдзе час, і за гэта будуць судзіць.