Experty.by назвалі лепшыя беларускія альбомы за 10 гадоў
Аўтары праекта Experty.by, у межах якога за 10 гадоў было адрэцэнзавана больш за 500 беларускіх дыскаў, на развітанне склалі рэйтынг лепшых беларускіх альбомаў 2008-2017.
У галасаванні бралі ўдзел штатныя эксперты за ўсе дзесяць гадоў існавання праекта. Пачынаючы з квартэта заснавальнікаў (Зміцер Безкаравайны, Сяргей Будкін, Алег Клімаў, Дзмітрый Падбярэзскі), працягваючы тымі, хто далучыўся да праекта паздней (Конрад Ярафееў, Ягор Цывілька, Аляксандр Чарнуха, Мікалай Янкойць).
Рэйтынг узначаліў альбом інструментальнага трыа Port Mone «Thou», выдыдзены ў 2014 годзе. На другім месцы этна-трыа «Троіца» з дыскам «Зімачка» (2011). У пяцёрку таксама трапілі працы пост-фолк-метал гурта Re1ikt «Лекавыя травы» (2015), пост-панк-гурта «Петля пристрастия» «Всем доволен» (2009) і неіснуючага ўжо «Ляпіса Трубяцкога» «Веселые картинки» (2011).
– 13 чэрвеня 2008 года адчыніўся сайт Experty.by і роўна 10 гадоў пасля мы яго замарожваем. На сайце застаецца вялікая база рэцэнзій і музыкі. Эпізадычна будуць абнаўляцца сацсеткі праекта, але хутчэй у рэжыме «узгадваючы лепшыя альбомы». Дзякуй усім аўтарам, музыкам і чытачам. Сыходзім у бястэрміновы адпачынак, – патлумачыў кіраўнік праекта Зміцер Безкаравайны.
Топ-10 лепшых беларускіх альбомаў 2008-2017
1. Port Mone «Thou» (2014)2. Троіца «Зімачка» (2011)3. Re1ikt «Лекавыя травы» (2015)4. Петля пристрастия «Всем доволен» (2009)5. Ляпис Трубецкой «Веселые картинки» (2011)6. Лявон Вольскі «Грамадазнаўства» (2014)7. Tonqixod «Прадмова» (2014)8. Серебряная свадьба «Laterna Magica» (2012)9. Akute «Не існуе» (2012)10. Петля пристрастия «Мода и облака» (2016)