«Чарнобыль пачаўся ў 1961-м»
Праз месяц, 6 траўня, пачнецца паказ міні-серыялу «Чарнобыль». Знялі яго брытанская тэлесетка Sky і амерыканская HBO, вядомая выданнем серыялаў «Гульня тронаў», «Сэкс у вялікім горадзе», «Клан Сапрана», «Свет Дзікага Захаду», «Сапраўдны дэтэктыў».
Творчая каманда падабралася новазорная. Рэжысёр — Юхан Рэнк, які зняў некалькі частак серыялаў «Ва ўсе цяжкія» і «Хадзячыя мерцвякі». Сцэнарыст — Крэйг Мазін («Вельмі страшнае кіно»). У ролях: Джарэд Харыс («Шэрлак Холмс: Гульня ценяў», «Загадкавая гісторыя Бенджаміна Батана»), Стэлан Скарсгард («Невыносная лёгкасць быцця», «Догвіль», «Німфаманка»), Эмілі Уотсан («Сусвет Стывена Хокінга»).
Фільм здымаўся ў Літве. Пад савецкі антураж быў пераўтвораны віленскі раён Фабіёнішкес. Чаму здымкі прайшлі не ў Беларусі і не ва Украіне? Апрача таго, што ў Літве таксама маецца архітэктурная спадчына савецкіх часоў, асноўнымі чыннікамі стала таннасць і якасць паслуг. У Літве дзейнічаюць істотныя падатковыя льготы для кіназдымак. Да «Чарнобылю» тут здымалі серыял BBC «Вайна і мір». Таксама Літва мае кваліфікаваны англамоўны кінематаграфічны персанал, а пры патрэбе лёгка знайсці акцёраў, якія могуць гаварыць па-руску.
Як нескладана здагадацца, серыял распавядзе пра драматычныя падзеі красавіка 1986 года і пазнейшыя, што звязаныя з аварыяй на Чарнобыльскай АЭС. Аўтары серыялу падкрэсліваюць, што ў сцэнары прыдумак практычна няма. Ён будзе максімальна рэалістычны і гістарычна-хранікальны. Паказаць яны наважаныя «адну з самых горшых рукатворных катастроф у гісторыі» і «лёсы ахвяраў, якія выратавалі Еўропу ад неверагоднай небяспекі».
Адна з ахвяраў і адначасна адзін з герояў — вучоны, удзельнік ліквідацыі наступстваў аварыі і выкрывальнік праўды пра Чарнобыль Валерый Легасаў, ролю якога выканаў Джарэд Харыс.
Адразу пасля аварыі на «атамцы» ў Чарнобылі Легасаў як знаны адмысловец увайшоў ва ўрадавую камісію па расследаванні прычынаў і па мінімізацыі наступстваў аварыі. Ён з’явіўся на месцы катастрофы адным з першых і знаходзіўся там цягам чатырох месяцаў, хаця дапушчальна было некалькі тыдняў. Менавіта Валерый Легасаў прапанаваў сумесь, якой засыпалі рэактар — і гэта зменшыла распаўсюд шкодных рэчываў, а таксама неадкладную эвакуацыю жыхароў горада Прыпяць. У жніўні 1986 года на канферэнцыі МАГАТЭ ў Вене менавіта Легасаў узначальваў савецкую дэлегацыю і выступаў з дакладам пра аварыю. Але, калі ў 1987 і 1988 гадах Легасава вылучалі на званне Героя Сацыялістычнай працы, то абодва разы гэтую ўзнагароду ён так і не атрымаў: Міхаіл Гарбачоў выкрасліў яго са спісу ўганараваных, бо, маўляў, «вучоныя не раяць».
На другую гадавіну аварыі на ЧАЭС Легасава, якому паставілі сярод іншых дыягназ «промневая хвароба 4-й ступені», знайшлі дома павешаным. На наступны дзень ён павінен быў абнародаваць вынікі ўласнага новага расследавання наконт аварыі. Зрэшты, перад смерцю ён запісаў на дыктафон расповед пра яе малавядомыя факты і пра тых, хто быў вінаваты. Адна цытата з гэтых запісаў: «На станцыі — такая негатовасць, такое бязладдзе, такі спалох. Як сорак першы год, але яшчэ ў горшым варыянце. З тым жа Брэстам, з той самай мужнасцю, з той самай адчайнасцю, з той жа негатовасцю...»
Некалькі інтэрв’ю з Легасавым зрабіў беларускі пісьменнік і публіцыст, іншы адкрывальнік праўды пра Чарнобыль Алесь Адамовіч. Вось што казаў яму акадэмік Легасаў:
«Чарнобыль пачаўся, з майго пункту погляду, (умоўна, вядома), у 1961 годзе. Гэта значыць, у тым самым годзе, калі Гагарын паляцеў у космас — і гэта было апошняе вышэйшае дасягненне савецкай навукі і тэхнікі. Наогул, я лічу, што наша навука і тэхніка датуль вельмі паспяхова ўсімі праўдамі і няпраўдамі развіваліся на здзіўленне ўсяму свету з каласальнымі дасягненнямі амаль ва ўсіх абласцях. І вось вяршыняй гэтых дасягненняў быў палёт Гагарына ў космас. Пасля гэтага мы пачалі па ўсіх напрамках рэзка саступаць, саступаць — і проста пачалося падзенне. Вось гэта агульнае падзенне савецкай тэхнікі, аб прычынах якога можна шмат і доўга казаць, было адначасова і пачаткам Чарнобыля».
Дастаткова азнаёміцца нават з гэтым кавалкам біяграфіі Легасава і думкамі, каб зразумець, што серыял будзе глядзельным. А Чарнобыльская зона, напэўна, атрымае новыя плыні турыстаў з усяго свету.