Цалавацца больш нельга…

Цалавацца больш нельга. Пандэмія паламала звыклыя стасункі блізкіх, знаёмых і незнаёмых. Цалавацца нельга катэгарычна ўсім, усюды і заўсёды. Цалавацца нельга зранку, у абед, увечары і нават ноччу. Цалавацца нельга ў машыне, на вуліцы і нават пад коўдрай.

kisses_g14dedaaed_1280.jpg


Цалавацца нельга з жонкамі, каханкамі, выпадковымі спадарожніцамі, добрымі знаёмымі сяброўкамі і загадкавымі спакушальнымі незнаёмкамі. Уяўляеце сабе блізкасць у намордніках і гумовых пальчатках?! Уявілі? Цяпер выразна стала зразумела, чаму цалавацца больш нельга.
Цалавацца больш нельга.
Нельга таму, што на гэта няма часу. Ніякія справы не закончаны, ніякія намеры і задумы не рэалізаваныя, часу ні на што няма. Трэба спяшацца дабіць хвасты, абсекчы канцы, аддаць даніну, разлічыцца з даўгамі, закрыць пытанні, урэшце скласці новыя, такія ж сама нерэальныя планы. І так бясконца. Пакуль дыхаеш, спадзяешся на вынік, на поспех, на нешта лепшае, якое ніяк не прыходзіць. Сядзі, ідзі, бяжы, рві з усіх сілаў — а яно ўсё не прыходзіць. Вавёрка бегае па коле, таму што яна дурная, чалавек адрозніваецца ад вавёркі толькі тым, што ён не бачыць гэтага кола. На пацалункі няма часу, як на аўтографы пасля прайгранага матчу, як на непатрэбны ўступ ці лішнюю канцоўку.  
Цалавацца больш нельга.
Гэта могуць расцаніць як брутальнае дамаганне. Гэта раней трэба было адразу браць быка за рогі, а дзеўку за ногі. Цяпер, калі так возьмеш быка, наляцяць зааабаронцы, зялёныя і рознамасцевыя паглынальнікі раслінаў. Час карыды незваротна мінуў. Калі ж так вольна паставішся да прадстаўніцы прыгожай паловы чалавецтва, нападуць феміністкі, суфражысткі, вуманісткі. А калі наважышся пацалаваць дзеўчыну іншага колеру скуры, зацята закляймяць антырасісты, антыфа і розныя іншыя фі- і фэ-. І тут будзе не да цалавання. Тады ў голаў лезуць іншыя пытанні, прыкладам:
— Ці маюць права белыя людзі на белую скуру, тым больш на непапсаваную тату́? Ці ёсць душа ў целе феміністкі?
Цалавацца больш нельга.
Маладыя дзеўкі ўжо не хочуць цалавацца са старэйшымі ў два разы мужчынамі. Можа, так вырасла мараль? Зрэшты, яны не хочуць цалавацца і з равеснікамі. Навошта ім цалавацца, ім цікавей розныя цік-токі і сэлфі. Інстаграм замяняе сто грам, фэйсбук — рэальныя твары, сэлфі-палка — партнёра. Цалавацца становіцца нечым лішнім, неістотным, празмерным і зусім непатрэбным. Ды і цалавацца проста так, без кахання, гэта занадта інтымна.  
Цалавацца больш нельга.
Нават калі і можна, то пасля ўсяго пералічанага зусім не хочацца. А пасля пяцідзесяці гадоў аптэкарскія рэцэпты ўжо перавышаюць выдаткамі рэстаранныя рахункі. Той самы век, калі ўжо занадта стары для рок-н-ролу, але занадта малады, каб паміраць. Той час, калі пара́ пераходзіць на трэнерскую працу, але не можаш сабраць каманду здольных гульцоў. Той час, калі карціць раздаваць парады, а не кампліменты. І нават калі ёсць з кім, ёсць дзе, ёсць чым, міжволі паўстае пытанне — а навошта? Гэта раней можна было казаць — «пасля сустрэчы з ёй ужо не патрэбна фізкультура», цяпер жа — так цяжка зразумець — ці гэта ты рыпеў, ці ложак.  
Цалавацца больш нельга…