Беларус Віталь Алексяёнак выйграў міжнародны конкурс дырыжораў

Беларус Віталь Алексяёнак стаў пераможцам у міжнародным конкурсе дырыжораў імя Артура Тасканіні, які прайшоў у італьянскім горадзе Парма. Віталь заняў першае месца і атрымаў Прыз глядацкіх сімпатый. Інфармацыя аб выніках размешчана на афіцыйным сайце конкурсу.

photo_2021_10_24_11_43_26.jpg

Міжнародны конкурс дырыжораў імя Артура Тасканіні праходзіць у гэтым годзе ў адзінаццаты раз. Пераможцаў выбірае міжнароднае журы, якое складаецца з дырэктараў і мастацкіх кіраўнікоў найбуйнейшых оперных тэатраў свету. Некаторыя італьянскія тэатры і фестывалі прапануюць дадатковыя ўзнагароды ў якасці кампліментаў дырыжорам.
Віталю Алексяёнку — 29 гадоў, ён родам з Вілейкі. Вучыўся ў Санкт-Пецярбургскай дзяржаўнай кансерваторыі ў Аляксандра Аляксеева і Вышэйшай школе музыкі горада Веймар у Нікаласа Паске, Гюнтэра Калерта і Экхарда Вічыка. Таксама прымаў удзел у майстар-класах Бернарда Хайцінка, Бруна Вайля, Піцера Старка, Рудыгера Бона і іншых. Цяпер з'яўляецца галоўным дырыжорам аркестра Мюнхенскага ўніверсітэта.Ён з'яўляецца лаўрэатам конкурсу «MDR Conducting Competition 2018». Дырыжыраваў такімі аркестрамі, як аркестр Лейпцыгскага радыё, Staatskapelle Weimar, Lucerne Festival Strings, філарманічныя аркестры Карлавы Вары, Ена, Гота, Градзец-Кралове і іншыя.
У жніўні і верасні мінулага года, паводле інфармацыі «Радыё Свабода», дырыжор удзельнічаў у мірных акцыях пратэсту, а потым напісаў пра гэта кнігу на нямецкай мове, назва якой перакладаецца як «Белыя дні Мінска».