БАЖ прэзентаваў Віртуальную галерэю Аляксандра Тамковіча
На адмысловай старонцы сайта baj.by сабраныя 300 біяграфічных нарысаў пра выбітных постацяў беларускай сучаснасці і амаль тысяча фотаздымкаў.
Віртуальную галерэю напоўнілі творы вядомага публіцыста Аляксандра Тамковіча, якія ўжо выходзілі ў свет на паперы ў выглядзе 14 кніг, а таксама размяшчаліся ў перыядычных выданнях, у тым ліку і на старонках «Новага Часу».
Прэзентацыя праходзіла ў канферэнц-залі Green City Hotel. Яе наведалі шматлікія героі публікацый Аляксандра Тамковіча, сярод якіх былая дэпутатка Алена Анісім, метадолаг і філосаў Уладзімір Мацкевіч, праваабаронцы Алег Волчак, Раіса Міхайлоўская, музыка Алесь Камоцкі, Жана Літвіна, рэжысёр Андрэй Курэйчык, Вольга Бабак ды іншыя.
Аляксандр Тамковіч працаваў карэспандэнтам газеты «Во славу Родины», намеснікам галоўнага рэдактара газеты «Свободные новости». У 2001-м стварыў і ўзначаліў газету «День». З 2000 года — сябра кіраўніцтва Беларускай асацыяцыі журналістаў. З 2009 года — сябра беларускага ПЭН-цэнтра. З 2012 года — сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў. Узнагароджаны рознымі прэміямі. У тым ліку дыпломам імя Ю. Захаранкі «З паднятым забралам» і прэміяй ПЭН-цэнтра імя Алеся Адамовіча.