Алесь Гарун: сын дворніка, палітвязень, рэвалюцыянэр. Да дня памяці паэта

Ён пражыў кароткае жыцьцё, якое прыйшлося на звышнасычаны падзеямі час. Алесь Гарун пасьпеў выдаць толькі адзін паэтычны зборнік «Матчын Дар». Чым ён запомніўся нашчадкам?

1_758.jpg

«Ты, мой брат, каго зваць беларусам,

роднай мовы сваёй не цурайся.

Як не зрокся яе пад прымусам,

так i вольны цяпер не зракайся».

Нявызначанае паходжаньне

Агульнапрынята лічыць, што нарадзіўся будучы паэт 11 сакавіка 1887 года ў фальварку Новы Двор, каля Менску ў сям’і працоўных каталікоў Уладзімера Прушынскага і Сафіі з Жывіцаў. Былі яны парафіянамі менскага Кальварыйскага касьцёла, дзе, паводле выпіскі з судовай справы, і ахрысьцілі Алеся.

Гісторык Алесь Баркоўскі лічыць Алеся Гаруна нашчадкам старажытнага роду Прушынскіх, якія валодалі маёнткам Новы Двор яшчэ з сярэдзіны XVIII ст.

Максім Гарэцкі, які асабіста ведаў Алеся Гаруна, пісаў у “Гісторыі беларускае літаратуры”, што “паэт нарадзіўся ў Менску, на Багадзельнай вуліцы, у сям’і чорнарабочага”. Дасьледчык Юры Гарбінскі дадае, што зьвесткі засноўваюцца на “аўтабіяграфіі, якая па просьбе Максіма Гарэцкага была напісаная для “Гісторыі беларускае літаратуры”.

Выпіска з метрычнай кнігі

Выпіска з метрычнай кнігі

Далей Гарэцкі піша, што бацька Алеся Гаруна “Ўладзімер Прушынскі і маці Сафія былі тыповымі прадстаўнікі працоўнай простанароднай грамады менскіх беларусаў-католікаў, спрадвечных жыцельнікаў места”.

Згодна ж з існуючымі тагачаснымі законамі Расейскай імпэрыі Уладзімер Каятанавіч Прушынскі быў прыпісаны да сялянаў вёскі Падстарыньне Навагрудзкага павета, хаця сам стала жыў ды працаваў “дворнікам у Менску”. А Леанід Акаловіч, які дасьледуе генэалёгію беларускай шляхты, лічыць, што бацькі паэта мелі шляхетнае паходжаньне.

Графу Аляксандру Прушынскаму, былому прэтэндэнту ў прэзідэнты Беларусі, аднойчы задалі пытаньне наконт сваяцкіх адносінаў з Алесем Гаруном, на што граф адказаў, што хоць яны з Гаруном і не сваякі, але аднаго зь ім гербу Любіч.

Францішка Кушаля на шлях беларушчыны прывёў, верагодна, менавіта Алесь Гарун

Неабходна дадаць, што аўтар матэрыялу таксама дасьледуе гісторыю Новага Двара, і пасьля таго як у 1820-х праз шлюб дачкі ўладара маёнтка Прушынскага з Янам Любанскім, за Прушынскімі застаўся маёнтак Лошыца. Больш за тое, сярод вядомых нашчадкаў роду Прушынскіх не было ніводнага з імём Каэтан (дзед Алеся Гаруна), што дазваляе адкінуць вэрсію аб шляхетным паходжаньні паэта.

Рэвалюцыянэр з дзяцінства

У юнацтве мусіў дапамагаць сваім бацькам, якія працавалі на простых працах: бацька быў дворнікам, а маці мыла вопратку.

У сваіх успамінах Алесь Гарун узгадваў: “Цяжка было мне слухаць абразьлiвыя заўвагi, што бялiзна кепска вымытая. Здаецца, плюнуў бы iм у твар, але я плакаў i цярпеў, несучы ў сэрцы пагарду да iх i помсту.

Хацелася крывёю напiсаць кнiгу аб жыцьцi такiх, як я, пусьцiць на суд людзей, падняць iх да змаганьня за лепшае жыцьцё».

Аўтограф верша

Аўтограф верша

Палітвязень

У рамеснай вучэльні Алесь атрымаў спецыяльнасьць столяра. Праца ў майстэрнях, на мэблевай фабрыцы ў Менску. Хіба гэта — яго доля? У сямнаццаць гадоў Прушынскі ўваходзіць у партыю эсэраў-максімалістаў, як піша Людміла Рублеўская.

Незадоўга да дваццатага дня нарадзінаў Алесь знаходзіўся ў падпольнай менскай друкарні эсэраў на вуліцы Шырокай. Паліцэйская аблава скончылася арыштам юнака з доказамі злачынства разам з сябрам, Абрамам Левітасам. Разам іх потым і судзілі. Водгукі гэтай падзеі — у апавяданьні «Пан Шабуневіч»:

«...у адну пекную ноч, калi з саду праз расчыненае вакно майго пакоiка лiўся прыемны пах кветак, а ад далскага возера пачувалiся пералiвы песьнi маленькага песьняра каханьня, а я меў моцнае перакананьне, што Зося Альбертаўна — прыстайнейшая дзяўчына на цэлы сьвет, у гэткую ноч да мяне прыйшоў адзiн даўнi знаёмы з двума сваiмi сябрукамi i гэтак шчыра запрасiў да сябе ў госьцi, што, не адкладаючы на другi раз, пазьбiраў я, што было трэба, i пайшоў зь iмi.

Вокладка зборніка Алеся Гаруна

Вокладка зборніка Алеся Гаруна

А потым... потым я ўжо не прыходзiў дадому цэлыя пяць год. Пазнаў я за гэты час, як добра мандраваць па чужых краёх i як цяжка тужыцi па сваiм куточку».

Біў графа Чапскага за польскасьць

Пасьля віленскіх Лукішак і менскага Пішчалаўскага замка (сёньняшняй Валадаркі) Алеся Прушынскага чакала вечнае селішча ў Сібіры.

Як узгадвае іншы вязень, Эсан, толькі аднойчы яму давялося ўбачыць Прушынскага ў гневе: калі ссыльны граф Чапскі пачаў даказваць, што палякі настолькі культурней за расейцаў, што тыя нават у рэвалюцыйным руху не вартыя стаяць побач. Ну і ўваліў тады беларус Прушынскі «культурнаму» паляку!

4_583.jpg

Золаташукальнік

У 1915 годзе Гарун пераехаў у Бадайбо ў сёньняшняй сібірскай іркуцкай вобласьці працаваць на залатых капальнях кампаніі «Лензолата», там пазнаёміўся і пасябраваў з Язэпам Лёсікам.

Палітычны дзеяч

Пасьля лютаўскай рэвалюцыі Алесь Гарун здолеў вярнуцца. Яшчэ ў траўні 1917 года ў Маскве ён спрабаваў арганізаваць беларускіх уцекачоў у Беларускую народную грамаду, каб патрабаваць ад Часовага ўрада нацыянальнай і палітычнай аўтаноміі Беларусі.

У Менску Гарун пачаў працаваць ў рэдакцыі газэты «Вольная Беларусь» разам з Язэпам Лёсікам.

Ліст Вацлаву Ластоўскаму

Ліст Вацлаву Ластоўскаму

Як узгадваў Эдуард Будзько, «Хоць слабы здароўем, хоць нястачы меў дома з харчаваньнем, хоць у благiх абставiнах — у цеснай хаце i без выгодаў жыў, — але насiўся з праэктамi пра лепшую будучыню для Бацькаўшчыны. Меў ён тады 31 год веку. Але выглядаў куды на старэйшага, на гадоў 5 — 6 выглядаў старэйшы за свой век».

На Усебеларускім зьезьдзе 1917 года Алесь Гарун быў віцэ-старшынём. Гаруна лічалі героем, ягоныя выступы заводзілі людзей:

«Паднялася крыху згорбленая, апранутая ў сялянскую жакетку, павольная статура. Бледнае аблiчча, цёмныя засмучаныя вочы, спакойны, роўны, але цьвёрды голас. Пачаў гаварыць просты сталяр, былы «катаржнiк», якога лепшыя гады прашлi ў халоднае i дзiкае Сiбiры».

Прычына сьмерці – вішня

Алесь Гарун у 1920 годзе запіў вішні сьцюдзёнай вадой. Лекар з ваеннай камэндатуры абвесьціў: дызэнтэрыя. Двое сяброў адвезлі паэта, які ўжо і на нагах стаяць не мог, на станцыю, перадалі санітару вагона ваеннага шпіталя.

Памёр беларускі паэт ў Кракаве 28 ліпеня 1920 года. Яго магілу прыехала шукаць Паўліна Мядзёлка, ёй паказалі драўляны крыж на Ракавіцкіх ваенных могілках. Потым пра магілу былога эсэра беларусы забыліся і зноў знайшлі толькі ў 1988 годзе.

Магіла Алеся Гаруна

Магіла Алеся Гаруна

Паміжы народаў чужых

Забыліся дзедавай мовы

І песьняў, звычаяў сваіх —

Выродкамі стацца гатовы...